Увесну спартыўныя спаборніцтвы па ўсім свеце адмяняліся праз эпідэмію каранавіруса. Футбольны чэмпіянат Беларусі тым часам не спыняўся, калі не лічыць адзінкавых перанесеных гульняў. І вось цяпер каранавірус упершыню ўсур'ёз закрануў і беларускія каманды.

Брэсцкае «Дынама» — чэмпіён Беларусі — 2019. Неўзабаве каманда дэбютуе ў адборачным турніры да Лігі чэмпіёнаў. Фота Дар'я Буракіна, Tut.by

Брэсцкае «Дынама» — чэмпіён Беларусі — 2019. Неўзабаве каманда дэбютуе ў адборачным турніры да Лігі чэмпіёнаў. Фота Дар'я Буракіна, Tut.by

Як стала вядома Tribuna.com, агульная колькасць заражаных каранавірусам у брэсцкім «Дынама» дасягнула 15 чалавек.

Футбалістаў у гэтым спісе 10 чалавек: Дзяніс Лапцеў, Яўгеній Хачарыдзі, Усевалад Садоўскі, Арцём Мілеўскі, Максім Вітус, Сяргей Крывец, Міхаіл Гардзяйчук, Раман Юзэпчук, Аляксандр Наёк і Сяргей Ігнатовіч. Трое апошніх знаходзяцца ў бальніцы. Яшчэ пяцёра заражаных — работнікі клуба.

Першыя сігналы аб каранавірусе ў брэсцкім «Дынама» з'явіліся на мінулым тыдні. Гаворка вялася мінімум пра трох футбалістаў. Клуб прасіў Беларускую федэрацыю футбола перанесці гульню са «Смалявічамі» з 3 ліпеня на іншую дату, але дынамаўцам адмовілі.

Адзначым, што Мілеўскі, Вітус і Крывец правялі поўны матч са «Смалявічамі». Тэст, які даў станоўчы вынік, ім зрабілі толькі пасля гульні.

Тым часам выбух каранавіруса зафіксавалі і ў «Гарадзеі». Як паведамляе «Прэсбол», у трох футбалістаў каманды пацверджаная хвароба. Выданне пісала пра тое, што адзін з іх, былы гулец моладзевай зборнай Станіслаў Сазановіч, знаходзіцца на штучнай вентыляцыі лёгкіх. На наступны дзень «Гарадзея» абвергла гэту інфармацыю, маўляў, у Сазановіча проста двухбаковая пнеўманія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0