Тут і ніжэй — фоты з акцый пратэсту і салідарнасці, якія беларусы Нідэрландаў правялі ў Амстэрдаме і Гаазе. Фота зробленыя ўдзельнікамі акцый.

Тут і ніжэй — фоты з акцый пратэсту і салідарнасці, якія беларусы Нідэрландаў правялі ў Амстэрдаме і Гаазе. Фота зробленыя ўдзельнікамі акцый.

Ашаламляльна масавыя дэманстрацыі і пікеты беларусаў прайшлі ў 49 гарадах свету. Іх удзельнікі патрабавалі ад беларускіх уладаў павагі да людзей, спынення рэпрэсій і свабодных выбараў. «Нас 97%». Гэта лозунг аб'яднаў людзей розных поглядаў і прафесій.

Сам факт такога выбуху актыўнасці паказвае, як узмацнілася палітычная свядомасць беларусаў. Нават у дыяспары грамадзяне Беларусі захоўваюць адчуванне прыналежнасці да палітычнай нацыі.

«Наша Ніва» выйшла на Ганну, якая працуе ў сферы ІТ і жыве ў Нідэрландах 1,5 года. Гэта яна была адным з трох галоўных арганізатараў беларускай маніфестацыі ў Амстэрдаме, на якую нечакана сабралася некалькі соцень людзей. Вось відэа:

«Я ніколі не была палітычнай актывісткай, не ўваходзіла ні ў якія грамадскія аб'яднанні, акрамя БРСМ, — расказвае Ганна. — У меня няма нават ніводнага знаёмага, хто б актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці краіны. Але я была заўседы неабыякавай да лёсу роднай краіны і людзей, што тут жывуць. З узростам пачала цікавіцца больш гісторыяй, рознымі сацыяльна-палітычнымі з'явамі ў грамадстве, праводзіць розныя паралелі з тым, што назіраю ў жыцці сучаснай Беларусі. Гэта стала штуршком для таго, каб пераехаць у іншую краіну. Але цікавіцца падзеямі ў Беларусі не перастала, наадварот, чым больш я даведвалася пра вопыт іншых краін, бачыла як жывуць тут людзі, тым больш мне станавілася балюча за тое, які патэнцыял ёсць у Беларусі, і як марна мы яго трацім».

Чаму ўзнікла ідэя маніфестацыі ў Амстэрдаме?

«Гэта было абсалютна адвольнае, я б нават сказала, стыхійнае мерапрыемства. Падзеі 18 чэрвеня ўзрушылі мяне настолькі, што ўжо не ставала сіл просто назіраць, была ўнутраная патрэба ў актыўных дзеяннях. Тым больш, што спіс прэтэндэнтаў у кандыдаты ў гэтым годзе быў такі, што я была рашуча настроена ўдзельнічаць у выбарах, і мяне абурыла што нават гэтую магчымасць у меня забіраюць. Перш за ўсё я вырашыла паспрабаваць стаць членам выбарчай камісіі. Але паколькі я не знаходжуся на консульскім уліку, гэты варыянт адпаў. Я ўзялася за другую ідэю — масавыя акцыі салідарнасці. Мне здаецца рашучасці мне надаў рух BLM. Мы ўсе маглі назіраць як актыўныя акцыі пратэсту змяняюць цэлы свет у тым ліку дзякуючы сучасным тэхналогіям, хуткасці распаўсюджвання інфармацыі».

Як тэхнічна вам удалося сабраць такую ашаламляльна вялікую колькасць людзей? Існуюць групы беларусаў Нідэрландаў у сацыяльных сетках?

«Да гэтых падзей ніякіх кантактаў, акрамя людзей с маёй працы, тут у Нідэрландах у мяне не было. Я спачатку пачала шукаць у сеціве суполкі беларусаў ці грамадскія аб'яднанні, якія працуюць з беларусамі таксама. Ніякіх вынікаў гэта не прынесла, і я вырашыла, што трэба браць арганізацыю на сябе і пачаць шукаць такіх жа неабыякавых людзей. Я нават ужо рыхтавала сабе ўлёткі для адзіночнага пікета, на выпадак калі не знайду больш нікога, хто падтрымае ідэю. Але спачатку адважылася наўпрост напісаць беларусам, з якімі працую. І адзін хлопец дабавіў мяне ў суполку, якую арганізавалі, каб шукаць кандыдатаў у члены выбарчай камісіі ці назіральнікаў. Там ужо было больш за 100 чалавек, некаторыя падтрымалі ідэю масавых пратэстаў. Мы пачалі абмяркоўваць ідэі, планы, што нам патрэбна для гэтага. Ніякіх прафесійных арганізатараў мітынгаў, палітычных дзеячаў у нас не было. Былі проста неабыякавыя людзі, якія стараліся дапамагчы там, што маглі зрабіць. Хтосьці ўзяў на сябе камунікацыю з муніцыпалітэтам наконт узгаднення акцый, хтосьці рыхтаваў плакаты, хтосьці пісаў прэс-рэлізы ў мясцовыя СМІ, хтосьці рыхтаваў фота- і відэаматэрыялы. Дзякуючы прыватным кантактам людзей, мы звязаліся з прадстаўнікамі беларускай дыяспары з іншых краін свету, такіх жа людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Мы пачалі дзяліцца ідэямі, матэрыяламі, планамі правядзення акцый. Нашы акцыі ў Нідэрландах праходзілі нават бяз гукаўзмацняльнікаў, што толькі падкрэслівае непрафесіянальную арганізацыю і адсутнасць вопытнай каардынацыі. Падчас арганізацыі гэтых мерапрыемстваў я пазнаемілася з вялікай колькасьцю цудоўных, разумных, крэатыўных, неабыякавых беларусаў, і, спадзяюся, нашы сувязі застануцца і пасля выбараў.

Якое пасланне Аляксандру Лукашэнку вы хацелі перадаць сваёй маніфестацыяй?

«Перш за ўсе нашай мэтай было падтрымаць беларускі народ у вельмі цяжкі час. Паказаць, што людзі не адзін на адзін са сваей бядой. Што можа мы і не знаходзімся ў Беларусі, але шукаем розныя шляхі, як дапамагчы. Па другое, мы хацелі прыцягнуць увагу свету да падзей, што адбыліся і адбываюцца напрацягу выбарчай кампаніі ў Беларусі. На колькасць рэпрэсій, ціск, які аказываецца на альтэрнатыўных кандыдытаў і актывістаў. На тое, што шмат людзей у Беларусі хочуць пераменаў. У нас не было мэты данесці да Аляксандра Лукашэнка асабістае пасланне, але, выкарыстоўваючы момант, я прашу Аляксандра Рыгоравіча даць магчымасць беларускаму народу зрабіць свой уласны выбар сярод тых кандыдатаў, якіх людзі падтрымалі самаахвярным зборам подпісаў падчас пандэміі».

«У NL жа шмат праграмістаў, гэта таксама паўплывала на тэхнічны працэс. Першую акцыю ледзь не за пару гадзін сабралі. Нешта абмяркоўвалі-абмяркоўвалі, і тут адзін хлопец кажа — усё, праз тры гадзіны ў Гаазе — і народ паехаў!» — дадае Даша Слабчанка, іншая беларуска, якая жыве ў Нідэрландах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?