Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Група творчай інтэлігенцыі Беларусі апублікавала адкрыты ліст па «справе Белгазпрамбанка». Тэкст з'явіўся на старонцы ў фэйсбуку Дзмітрыя Сурскага, кіраўніка Беларускага саюза дызайнераў.

«Мы, творчая супольнасць Беларусі, людзі розных палітычных позіркаў і меркаванняў, лічым, што мастацтва ў любой сітуацыі не можа быць закладнікам юрыдычных калізій, сродкам маніпуляцый грамадскай думкі, прадметам медыйных інсінуацый. Стварэнне калекцыі Белгазпрамбанка — беспрэцэдэнтны выпадак у культурным жыцці Беларусі.

Карціны прадстаўляюць выключнае значэнне не толькі для беларускай, але і для сусветнай культуры. Знакамітыя творы калекцыі маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, гэта значыць немагчымасць вывозіць іх за мяжу без дазволу дзяржавы.

Да моманту арышта калекцыя была ў публічнай дасяжнасці, стала экспанавалася ў галерэі «Арт-Беларусь». Таму інсінуацыі ў прэсе на тэму падрыхтоўкі да вывазу за мяжу лічым недапушчальнымі. Яны падрываюць давер да дзяржаўных СМІ. Збор калекцыі здзейсніўся плённымі намаганнямі Віктара Бабарыкі, які у 2015 годзе атрымаў ганаровае званне «Мецэнат культуры Беларусі».

Па яго ініцыятыве за апошнія 10 год былі рэалізаваныя буйныя культурніцкія праекты — «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам», Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТэАрт», Міжнародны фэстываль мастацтваў «Арт-Мінск», стварэнне культурніцкага хаба ОК16 і іншыя. Эдуард Бабарыка працягвае традыцыі культурна-сацыяльнай дзейнасці свайго бацькі і паказвае добры прыклад супрацы бізнэсу і культуры.

Мы лічым неабходным зрабіць творы калекцыі Белгазпрамбанка дасяжнымі для гледача; аднавіць працу краўдфандынгавых пляцовак Mola Mola, Uley.by, каб забяспечыць працяг сацыяльна-значнай культурніцкай і дабрачыннай дзейнасці.

Мы лічым, што заслугі перад грамадствам і дзяржавай, станоўчая рэпутацыя Бабарыкаў вартыя таго, каб не абмяжоўваць іх волю».

Ліст падпісалі Дзмітрый Сурскі, Уладзімір Цэслер, Таццяна Бембель, Мікалай Пінігін, Аляксей Дудараў, Уладзімір Гілеп, Галіна Палянская, Яніна Ганчарова, Алесь Трусаў, Сяргей Міхаленка, Сцяпан Стурэйка, Рыгор Сітніца, Канстанцін Селіханаў, Сяргей Грыневіч, Канстанцін Вашчанка, Аляксандр Карпаў, Юры Мамлін, Леў Агібалаў, Ірына Процка.

Разам з тым у каментарах вялікая колькасць вядомых людзей выказалі жаданне падпісаць гэты зварот.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0