Капотны МАЗ пад кіраваннем Сяргея Вязовіча стаў трэцім па выніках ралі-рэйду «Дакар-2020». Другі раз у гісторыі беларускі экіпаж аказваецца на п'едэстале самага прэстыжнага аўтамарафона ў свеце, паведамляе прэс-служба ААТ «МАЗ».

Для капотніка гонка стала дэбютам на «Дакары», што праходзіў у пясках Саудаўскай Аравіі. Беларусы ірванулі наперад з першых кіламетраў: занялі другое месца на пачатковым этапе і ішлі лідарамі два наступныя заезды. Пасля гэтага ініцыятыва перайшла да расійскіх экіпажаў, якія «адваявалі» першыя два месцы і паступова павялічылі адрыў.

У выніку МАЗ Сяргея Вязовіча апынуўся на п'едэстале з ганаровай бронзай. Пераможцам марафону стаў расіянін Андрэй Каргін, на другім месцы — яго партнёр па камандзе Антон Шыбалаў. Да найлепшага выніку беларусам не хапіла каля 2 гадзін. За трэцяе месца членам экіпажа таксама належаць «Залатыя бедуіны» - легендарныя статуэткі для пераможцаў і прызёраў «Дакара».

Самым паспяховым для беларусаў стаў «Дакар 2018». Тады Сяргей Вязовіч заваяваў срэбра прэстыжнага ралі-рэйду. У тым жа годзе ён прыйшоў першым на Turkmen Desert Race. А прыкладна праз год стаў чэмпіёнам Morocco Desert Challenge.

Удзел у «Дакары», акрамя спартыўных мэтаў, пераследаваў і іншыя задачы. Многія канструктарскія ноу-хау прайшлі выпрабаванне ў «баявых» умовах, што дасць магчымасць удасканаліць і серыйную вытворчасць грузавікоў. Паспяховыя выступленні таксама спрыяльна адбіваюцца на іміджы МАЗ ва ўсім свеце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0