Зімой дзень кароткі, а ноч доўгая і халодная. Здабыць корм у зімовы час робіцца цяжэй, але пры гэтым яго трэба больш: птушкам трэба дадатковая энергія, каб сагрэцца. Асабліва цяжка птушкам, калі галінкі і зямля пакрываюцца льдом пасля адлігі і марозу.
Кармушка на дрэве ці за акном — выдатны спосаб дапамагчы дробным птушкам перажыць зіму і паназіраць за імі.
Дзе ўзяць кармушку?
Сёння кармушку можна лёгка набыць у розных крамах, у тым ліку будаўнічых. А можна праявіць творчасць і зрабіць яе сваімі рукамі з дрэва, пластыкавай бутэлькі або нават з шышак. Важна, каб дно кармушкі было з адтулінамі, адкуль будзе выцякаць лішняя вільгаць. І не забывай рэгулярна чысціць птушыную сталоўку.
Параіцца з аднадумцамі наконт кармушак і падкормкі можна ў тэлеграм-чаце «Ціў-ціў».
Што класці ў кармушку?
Самы ўніверсальны корм для птушак — несалёныя нясмажаныя семкі сланечніка. Смачна, карысна, даступна. Крупы такой папулярнасцю ў вераб’іных птушак не карыстаюцца.
Разнастаіць меню можна насеннем рапсу, лёну, гарбузовымі семкамі, арахісам, кавалачкамі яблыка ды ягадамі. Калі хочаш зрабіць асаблівы падарунак для сініц і дзятлаў, прычапі на галінку кавалак несалёнага нясмажанага сала.
Якая ежа шкодная птушкам?
Ні ў якім разе не кармі птушак рэшткамі са свайго стала. Не кладзі нічога смажанага, печанага і салёнага ў кармушку. Хлеб, як чорны, так і белы, як свежы, так і сухі, — непрыдатная ежа для птушак.
Каго чакаць на кармушцы?
Нават у горадзе акрамя дамавых і палявых вераб’ёў, сініх і вялікіх сініц да цябе на кармушку могуць завітаць зелянушкі, таўстадзюбы, папаўзні, гілі, дзятлы, сойкі, чыжы, амялушкі ды іншыя крылатыя госці.
Ці трэба падкормліваць качак і лебедзяў?
Вадаплаўных птушак частаваць варта толькі ў вялікія маразы, калі тэмпература трымаецца на ўзроўні ніжэй за 15 градусаў марозу. Лебедзям і качкам можна прапанаваць зерне, крупы і аўсяныя шматкі, але не трэба даваць ім хлеб і батон: яны даюць адчуванне сытасці на кароткі час, але не маюць патрэбных птушкам карысных рэчываў.