Рэктар Мінскага інавацыйнага ўніверсітэта Мікалай Суша пракаментаваў «Нашай Ніве» прэтэнзіі, выказаныя кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі.

Мікалай Суша. Фота Дзмітрыя Брушко, ТУТ.бай

Чытайце: Мінадукацыі назвала сапраўдныя прэтэнзіі да МІУ і вінаваціць рэктара Сушу ў прафанацыі

«Наша Ніва»: Што адкажаце на прэтэнзіі Мінадукацыі да дыстанцыйнай формы вучобы?

Мікалай Суша: Дыстанцыйная форма навучання не мае дачынення да акрэдытацыі, якую мы замовілі. Чаму? Усё гэта рэгулюецца пастановай Саўміна №820. Камісія сама адбірае студэнтаў, якіх хоча праверыць, праграму праверкі да яе пачатку даводзяць нам. І яны давялі, што хацелі — тое праверылі.

І тут ужо цягам праверкі яны даслалі загад начальніка Дэпартамента кантролю якасці ведаў Міхаіла Мірончыка аб тым, што трэба прадставіць яшчэ і студэнтаў дыстанцыйнай формы. Але гэта незаконна! Праверка ідзе пяць дзён, працягнулі яшчэ на чатыры, але я за гэты час не збяру такіх студэнтаў, бо нехта з іх за мяжой, нехта ў Расіі, нехта ў адпачынку і гэтак далей.

Зрэшты, мне нават не паказалі заключэнне сяброў камісіі! Усяго было 22 правяраючых, з іх сямёра перадалі мне свае заключэнні, у якіх напісана «акрэдытаваць», іншых мне не паказалі, хаця заўсёды паказваюць. Я лічу, што дэпартамент выканаў замову міністра. Паколькі яны не хочуць мне іх паказаць, я падаў апеляцыю. Прашу прадставіць заключэнні, на падставе якіх не працягнулі акрэдытацыю. 

«НН»: Што за гісторыя з адукацыяй у турмах? 

МС: Карпенка мне забараніў! Мне гэта было нявыгадна. Я ўзяўся за праект не для атрымання прыбытку, а каб удзельнічаць у сацыяльным праекце, які распрацоўвалі Еўрасаюз з МУС. Да мяне звярнуліся МУС і адукацыйныя структуры ЕС. Частку камп'ютараў куплялі яны, нешта я. 

«НН»: За гэтую адукацыю плацілі?

МС: Плацілі бацькі асуджаных. Але нам было нявыгадна: гэта трэба вазіць выкладчыкаў на камісіі. Аўтобусы, камандзіроўкі…

«НН»: Пачакайце. Чалавек вучыцца пяць год, за кожны плаціць па $600, а камісія прыязджае да яго адзін раз на выпускны экзамен. Дзе тут вашыя звышстраты? 

МС: Яны атрымлівалі адукацыйную паслугу — сам навучальны працэс. Дыстанцыйная адукацыя па затратнасці амаль як дзённае навучанне, яна нашмат больш затратная за завочную форму: там раз на семестр прыязджае чалавек на сесію і ўсё. Выкладчык не працуе. А тут выкладчык працуе шэсць дзён на тыдзень!

«НН»: Як ён працуе? 

МС: Анлайн! Заданне выдае! У кожнага студэнта ёсць свой лагін для ўваходу, даюць матэрыял, кансультацыі, практыкумы… Усё вычытваецца анлайн.

«НН»: Мы пагаварылі са студэнтамі, яны кажуць, што лекцыі падаюцца ў тэкставым варыянце. Можна падумаць, што капіююцца ад курса да курса. Тэксты праходзяць на камп'ютарах з дому. Пры гэтым увогуле ў інтэрнэце можна аплаціць паслугу, і ўсе тэсты пройдуць за цябе. Чаму вы за 8 год не закрылі сайт, які прапануе вучыцца за студэнтаў?

МС: Я адлічваю студэнтаў, калі яны нічога не робяць! А што за сайт? Не ведаю такога сайта, дачынення да яго не маю, упершыню чую…

Справа ў тым, што мы не кантролюем, хто там з іншага боку, мы прапануем веды, гэта наш прадукт! Мы бачым, калі ўваходзіў студэнт, што рабіў, колькі выкладчык з ім працаваў.

Так, на іншым канцы можа быць не студэнт, але мы выдаем якасны адукацыйны прадукт.

Што ён з ім робіць? Заплаціў грошы і нехта выконвае?

На здароўе, але дыплом ён не атрымае. Каб здаць выпускны дзяржаўны экзамен, ён у любым разе павінен прыехаць ва ўніверсітэт і здаць перад камісіяй. Калі няма ведаў, то не здасць. 

«НН»: Дык як тады ўсё ж засведчыць веды тых студэнтаў? 

МС: А мы самі правяраем! На камп'ютарах. Усё бачна: калі ён заходзіў, што здаваў, колькі часу правёў. 

«НН»: А што ў вас за эксклюзіўнае права аказваць такія паслугі, як кажуць, выдадзенае [былым міністрам Сяргеем] Маскевічам? 

МС: Ніякага эксклюзіўнага права няма. Справа ў тым, што Кодэкс аб адукацыі не забараняе такой формы адукацыі, але няма ніякага нарматыўнага акта, які б канкрэтызаваў што і як. Таму кожны ўніверсітэт карыстаецца сваім палажэннем, якое падпісвае чыноўнік. Нам — Маскевіч, БДУІРу намеснік міністра Богуш, напрыклад.

Але агулам, каб вы разумелі, гэта замова. І ўсе прыватныя ВНУ з такім рана ці позна сутыкнуцца — нас душаць! Міністэрства адукацыі ўзгадняе планы па наборы, і кожны год яны меншыя і меншыя: я прашу 1000 студэнтаў, мне ўзгадняюць 700, прашу 700 — даюць 300!

Мне вось 300 чалавек узгаднілі, набяру на аднаго больш — грубае парушэнне ліцэнзіі. А дакументы падаюць у тры разы больш! Камусьці з калег далі ўвогуле 54, нехта не набіраў сёлета.

Гэта мэтанакіраванае здушэнне прыватнай адукацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?