578 тысяч разоў за два дні — столькі разоў праглядзелі новы 57-хвілінны фільм ютуб-канала Нехта.
За два дні фільм сабраў 41 тысячу лайкаў і 13 тысяч каментаў і выйшаў у трэнды Ютуба.
Фільм называецца «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы» і рэзка крытыкуе кіраўніка Беларусі. Аляксандра Лукашэнку ў ім абвінавачваюць у парушэннях законнасці. А таксама ў тым, што ён, у марным спадзяванні заняць пост прэзідэнта Расіі ў 1990-х, дазволіў Маскве атрымаць кантроль над Беларуссю.
«Моцнае відэа найвышэйшага ўзроўню, Сцяпану рэспект», — піша адзін з каментатараў, і гэты водгук сабраў 2000 лайкаў. У цэлым тон каментаў вельмі крытычны ў адносінах да сістэмы.
21-гадовы Сцяпан Пуціла, вядомы па назве свайго Ютуб-канала Нехта, мае 270 000 падпісчыкаў у Ютубе і больш за 100 тысяч — у Тэлеграме, што зрабіла яго самым папулярным грамадска-палітычным блогерам. У лютым 2018 года супраць Сцяпана Пуцілы спрабавалі завесці крымінальную справу паводле артыкула 368 КК РБ «Абраза прэзідэнта» за ролікі на YouTube, нібыта па скарзе невядомай грамадзянкі. З таго часу ён не наведвае Беларусь.