Часта даводзіцца чуць ад людзей, што на возеры Нарач нічога цікавага няма — купацца нязручна, берагі забудаваныя сумнымі санаторыямі, сэрвіс — узроўню 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Але нацыянальны парк «Нарачанскі» — гэта далёка не толькі самае вялікае возера Беларусі, а яшчэ і ўнікальная прыродная тэрыторыя, якая раскінулася ад Мядзела да Свіры і Лынтупаў. Над ёй мы зараз і зробім невялікае віртуальнае падарожжа.

На самым захадзе нацыянальнага парка сярод крутых перападаў рэльефу раскінуліся знакамітыя Блакітныя азёры. Калі гуляць там па лесе, то круты пад’ём адразу змяняецца крутым спускам, а ўнізе — возера. Затым ізноў круты пад’ём — і ізноў возера. Толькі будзьце ўважлівымі: значная частка гэтай тэрыторыі адносіцца да запаведнай зоны, куды не павінна ступаць нага чалавека. Перад вандроўкай абавязкова паглядзіце карту.

Самае вялікае з гэтых азёр — таямнічы Балдук, чыя глыбіня дасягае амаль 40 метраў! Вада ў возеры вельмі празрыстая, але надзвычай адчувальная да дзейнасці чалавека з-за слабай праточнасці возера: перыяд змены вады складае амаль 30 год.

Возера Балдук з вышыні

Возера Балдук з вышыні

Адрэзаны ад цывілізацыі хутар Балдук

Адрэзаны ад цывілізацыі хутар Балдук

Блакітныя азёры пераразае рака Страча. Часам яна хаваецца ў глыбокай даліне, часам перабягае праз парогі і перакаты. Раку даўно любяць байдарачнікі, сплаў па ёй заўсёды прыносіць шмат уражанняў.

З Блакітных азёраў мы перанясемся на возера Мядзел. Не задумваліся ніколі, чаму райцэнтр Мядзел знаходзіцца ля возера Мястра, а аднайменнае возера размешчана ў 10 кіламетрах на поўнач? На самай справе, першапачаткова горад узнік у Х-ХІ стагоддзі якраз на самым вялікім з астравоў возера Мядзел. Цяпер гэты востраў носіць назву Замак. Ён усяго паўкіламетра ў дыяметры, а ў яго паўднёва-усходняй частцы дагэтуль можна адшукаць гарадзішча са стромкімі схіламі. Менавіта тут стаяў драўляны замак і адсюль пачалася гісторыя горада Мядзел.

Від з вострава на бліжэйшы бераг

Від з вострава на бліжэйшы бераг

У цэнтры вострава стаіць вялікі крыж

Вось яно — месца, дзе стаяў першы драўляны Мядзельскі замак

І толькі ў XV стагоддзі па невядомых прычынах (гісторыкі мяркуюць, што гэта была эпідэмія) горад быў перанесены на востраў (цяпер паўвостраў) на возеры Мястра. Сёння цяжка здагадацца, што на тым невялікім парослым дрэвамі ўзвышшы ля цяперашняга райцэнтра некалі жылі людзі, але раней на гэтым месцы стаяў вялікі мураваны замак з вежай, палацам і магутнымі мурамі да двух метраў таўшчынёй. У зямлі да сённяшняга дня захаваліся сутарэнні са скляпеннямі і лесвіцамі, але знешні выгляд тагачаснага замка можна ўявіць толькі прыблізна.

Гэта і ёсць месца, дзе стаяў мураваны замак ля сучаснага Мядзела

 

Нарачанскі нацыянальны парк — гэта не толькі азёры Нарач, Мядзел і Мястра — усяго іх тут больш за 30. Напрыклад, вельмі цікавае цеснае трыа ўтвараюць азёры Лотвіны, Расохі і Ходасы. Калі спыніцца на турыстычнай стаянцы, што знаходзіцца на пагорку паміж азёрамі, то вада будзе акружаць вас з усіх бакоў. Від адтуль неверагодны!

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?