У паветраным баі паміж індыйскай і пакістанскай авіяцыяй 27 лютага ўдзельнічалі агулам 32 самалёты, паведамляе тэлеканал NDTV.

Паводле інфармацыі, ВПС Індыі задзейнічалі восем знішчальнікаў — чатыры Су-30МКИ, два мадэрнізаваныя Dassault Mirage 2000 і два МіГ-21. Адзін з двух апошніх быў збіты падчас бою, што было афіцыйна прызнана індыйскім бокам.

Пакістан падняў у паветра 24 самалёты, сярод якіх былі восем F-16, чатыры Dassault Mirage III і чатыры JF-17 Thunder — знішчальнікі-бамбавікі сумеснай кітайска-пакістанскай распрацоўкі.

Паведамляецца, што індыйскія лётчыкі пераследавалі пакістанскія самалёты пасля таго, як тыя правялі бамбаванне тэрыторыі каля ваенных аб'ектаў уздоўж лініі судакранання ў Кашміры. Камандзір авіяцыйнага звяна Абхінандан Вартхаман (Abhinandan Varthaman) атакаваў F-16, ужыўшы супраць яго ракету Р-73, але яго МіГ-21 у гэты ж момант быў пашкоджаны ракетай AIM-120 AMRAAM, якімі абсталёўваюцца ў тым ліку F-16. Вартхаман катапультаваўся і быў затрыманы пакістанцамі, тыя абяцалі вызваліць яго.

У Нью-Дэлі, не ўдакладняючы дэталяў, заяўлялі, што індыйская авіяцыя збіла адзін з пакістанскіх знішчальнікаў. Таксама індыйская прэса пісала, што збітым пакістанскім самалётам быў F-16, аднак у Пакістане гэта абвяргаюць, спасылаючыся на тое, што 27 лютага гэтая тэхніка ў паветра не падымалася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0