На працягу 2017 і 2018 гадоў у газеце «Новы час» выйшла серыя публікацый Міколы Дзядка пра дзеячаў Чачэнскай рэспублікі Ічкерыя. У прыватнасці, з’явіліся публікацыі пра Джахара Дудаева, Шаміля Басаева, Хамзата Гелаева, Зелімхана Яндарбіева і іншых.
Мікалай Дзядок. Фота spring96.org.
Мікалай Дзядок — актывіст анархісцкага руху. У 2011 ён быў прысуджаны да 4,5 года зняволення за шэраг атак на адміністрацыйныя будынкі ў Мінску. Тады былі атакаваныя пасольства Расіі, Палац прафсаюзаў, Міністэрства абароны. Дзядок быў прызнаны палітвязнем. На волю выйшаў па рашэнні Аляксандра Лукашэнкі ў 2015 годзе.
Публікацыі Дзядка выйшлі дастаткова кампліментарнымі. Удзельнікі змагання за незалежнасць Чачні паўстаюць з іх сапраўднымі героямі. Вось што, напрыклад, ён пісаў пра Шаміля Басаева: «Ён пакінуў крывавы след у расійскай гісторыі, хаця да крыважэрнасці тых, з кім ён змагаўся, яму было далёка».
«Сёння Зелімхан Яндарбіеў — адзін з чарговых антыгерояў расійскай прапаганды, нароўні з Шамілем Басаевым, Джахарам Дудаевым, Русланам Гелаевым і іншымі лідарамі чачэнскага супраціву. Прапагандысцкая машына людажэрнай дыктатуры Кадырава здымае аб ім сюжэты, у параўнанні з якімі «Жалезам па шклу» проста адпачывае», — піша Дзядок.
Гэтыя публікацыі выклікалі шал у чарнасоценскага сайта, які рэдагуе былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта Леў Крыштаповіч. «Ужо два гады падведамасная Анісім газета прапагандуе тэрарызм», — пішуць чарнасоценцы.
Прычым тут Анісім? Справа ў тым, што заснавальнікам «Новага часу» з’яўляецца Мінская гарадская арганізацыя ТБМ. Тут і спрацавала логіка: маўляў, калі ТБМ, то вінаватая Анісім. Падобнай логікай карыстаўся і бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч, які потым прасіў у Анісім выбачэння. Ніякага дачынення да рэдакцыйнай палітыкі «Новага часу» дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім не мае.
Чарнасоценцы абураныя: як можна пісаць нешта добрае пра людзей кшталту Дудаева, калі яны прынеслі толькі вайну і тэракты? Яны пачалі іранізаваць, можа, і ІДзІЛ для «Новага часу» — змагары з расійскім імперыялізмам.
Можа, на гэтай невялікай публікацыі ўсё б і скончылася, але «Прэс-служба парламента Чачэнскай рэспублікі Ічкерыя» падзякавала на сваім сайце Алене Анісім і «Новаму часу» за публікацыі. Гэта выклікала новую хвалю абурэння.
У выніку чарнасоценцы заявілі, што звярнуліся ў МУС, Генеральную пракуратуру і Міністэрства інфармацыі, каб яны разгледзелі публікацыі «НЧ» на прадмет апраўдання прапаганды міжнароднага тэрарызму, а таксама распальвання міжнанацыянальнай варажнечы і нянавісці.
«Мяне ўся гэтая сітуацыя не столькі абурае, колькі гняце. У Саюзнай дзяржаве, у рэспубліканскай газеце (не ў фігавым лістку!) магчыма публікаваць па-сапраўднаму жывёльна-русафобскія матэрыялы. Гэта край. Дно», — пісаў нехта Ігар Арловіч.
«Калі дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь не дадуць ніякага адказу, гэта будзе азначаць толькі адно: нацыяналісты атрымалі карт-бланш на дэгуманізацыю рускіх», — працягвае той жа аўтар.
Спробы некаторых сайтаў, як, напрыклад «Беларускага партызана», растлумачыць, што Анісім не мае дачынення да публікацый, поспехаў не мелі. Хутчэй, наадварот, яшчэ болей раззадорылі чарнасоценцаў.
Потым падцягнуўся намеснік старшыні ЛДПБ Алег Гайдукевіч, які ў каментары таму самаму чарнасоценскаму сайту зазначыў: «Публікацыі артыкулаў, якія ўсхваляюць чачэнскіх тэрарыстаў, у газеце «Новы час» недапушчальныя. Ёсць тое, што відавочна для кожнага нармальнага чалавека ў свеце. Тое, што аб'ядноўвае ўсіх незалежна ад палітычных поглядаў. Тэрарызм — гэта мёртвыя дзеці і жанчыны, гэта кроў і гвалт. Тэрарызм — гэта абсалютнае зло. Яго нельга апраўдаць, яго нельга зразумець. Апраўдваць чачэнскіх тэрарыстаў — тое ж самае, што апраўдваць ІДзІЛ і фашызм. Зразумець і апраўдаць гэта немагчыма».
Не адстаў ад Гайдукевіч і лідар Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Васіль Задняпраны. «Таварыства беларускай мовы» пераходзіць усе межы. Яе выданне «Новы час» паблытала мэты. Замест развіцця мовы прапагандуюць экстрэмізм і ўхваляюць барацьбу з Расіяй. Ужо Бандэру і Дудаева ў героі запісалі. Можа і за Хатынь Васюру ордэн даць? Чаму маўчаць Анісім і Мінінфарм?» — задаецца пытаннямі таварыш Задняпраны.
Праз нейкі час да беларускіх чарнасоценцаў далучыліся і расійскія інфармацыйныя рэсурсы. Напрыклад, сумнавядомы «Рэгнум» навіну пра вылучэнне Алены Анісім кандыдатам у прэзідэнты адрэагаваў так: «Апалагеты тэрарызму заявілі пра прэзідэнцкія амбіцыі».
Нешта падобнае сталі пісаць і сайты кшталту «Імперыі», «Імхаклаба», «Еадэйлі», «Свабодная прэса».
Сам Мікалай Дзядок на сваёй старонцы ў фэйсбуку патлумачыў, што не падтрымлівае акцыі супраць цывільных грамадзянаў, якія ўчынялі чачэнскія паўстанцы, аднак падкрэслівае, што чачэнцы ў той вайне былі бокам, які абараняецца, а не наступае.
«Так, я лічу героямі Шаміля Басаева, Руслана Гелаева і шэраг іншых дзеячоў чачэнскага супраціву. І той факт, што я не падзяляю іх палітычныя погляды і не ўхваляю частку іх дзеянняў, ніяк не прымяншае іх гераізму», — адзначае Дзядок.