Дзмітрый Бондар прыцягнуў да сябе ўвагу пасля таго, як даў шчырае інтэрв’ю ў пачатку года сайту kyky.org. У ім мужчына называў сябе то ксяндзом старакаталіцкай царквы, то епіскапам свету.

Ён служыў у сябе дома ў Навагрудку, у памяшканні, якое ён называў «старакаталіцкай капліцай Святога Марціна». Па ўсёй краіне ёсць некалькі дзясяткаў прыхаджан старакаталіцкай царквы. Гэтая царква ўтварылася ў канцы 1870-х, калі частка духавенства не прызнала дагмат аб беспамылковасці Папы і беззаганным зачацці Панны Марыі. Суполка ў Беларусі ўтварылася ў 2005 годзе, а ў святары быў высвечаны Дзмітрый Бондар. Ад 2013 года парафія ўваходзіць у юрысдыкцыю Старакаталіцкай царквы ў Польшчы.

Дзмітрый Бондар вылучаўся сваім яркім інстаграмам. Напрыклад, ён выстаўляў паўаголеныя здымкі з індыйскіх пляжаў, здымаўся раздзеты перад алтаром, на спіне ў яго татуіроўка ў выглядзе анёльскіх крылаў, фоткаўся з трансвестытамі і на фоне дарагіх аўтамабіляў. Пры гэтым амаль на кожным здымку ён быў у каталіцкай сутане.

«Эротыка кранае душу, а парнаграфія — член», — пісаў ён на сваёй старонцы.

Сайт katolik.life адрэагаваў заявай, што ніякага дачынення да каталіцкай царквы Дзмітрый Бондар не мае. А ксёндз Вячаслаў Барок іранічна заўважыў: «Магчыма, на яго так паўплываў БРСМ».

Бондар 10 гадоў аддаў гэтай арганізацыі, працаваў у Навагрудскай гарадской арганізацыі, яшчэ ўзначальваў мясцовую кінавідэасетку.

Ад трох не звязаных паміж сабой крыніц нам стала вядома, што Дзмітрый Бондар быў затрыманы ў сярэдзіне кастрычніка.

«Справа знаходзіцца ў вытворчасці ў Гродзенскім абласным упраўленні Следчага камітэта, мы тут нічога не ведаем», — адказвалі нам у Наваградскім СК.

У самім Гродне ад нейкіх каментароў адмовіліся. Маўляў, справа не рэзанансная. А шукаць нешта пра фізічных асобаў у іх няма часу.

«Затрымалі за тое, што заразіў кагосьці СНІДам», — паведаміла нам адна крыніца. «Шмат што кажуць: і што СНІДам заразіў, і што звар’яцеў, і пра наркотыкі», — пачулі мы ад другой крыніцы.

Калі гаворка сапраўды пра свядомае заражэнне СНІДам, то гаворка вядзецца пра артыкул 157 Крымінальнага кодэкса. Паводле гэтага артыкула, абвінавачанаму можа пагражаць да сямі гадоў зняволення.

Уласнік комплексу «Літоўка», дзе і знаходзілася «рэзідэнцыя біскупа свету», Сяргей Коваль адмаўляецца каментаваць затрыманне: «Гэта асабістае. Ніякіх каментароў не будзе».

Паводле непацверджанай інфармацыі, у комплексе Літоўка сілавікі праводзілі ператрус. Магчыма, гэта і стала адной з прычын закрыцця сядзібы для наведвання турыстамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?