Выйшла кніжка пра Мішэля Фуко па-беларуску. Па-свойму выйшла, і ў гэтым «па-свойму» трымціць тонкая, знякроўленая беларуская культура сёння.

Пра гэта аўтар паведаміў у сваім Facebook: кніжку ён выклаў на academia.edu.

Напісаў кніжку Іван Новік (аддаючы даніну Фуко, больш пра аўтара нічога не скажу). Кніжка нават і не вельмі вялікая. Здаецца, рэакцый не было яшчэ. Здаецца, іх і не будзе.

Цяжка сказаць нешта канкрэтнае пра кніжку.

Фуко — французскі філосаф, які жарсна выкрываў перыяд новай гісторыі, або, як яго яшчэ называюць, «перыяд мадэрнасці». Выкрываў яго ключавыя інстытуты, яго каварную вонкавую гуманнасць.

Для сваёй работы Фуко распрацаваў метад дыскурсіўнага аналізу; яго займала, як утвараецца суб’ект. Сказаўшы іначай — як магчымая свабода?

Фуко лічыў, што сучаснае грамадства дбае пра бачнасць свабоды, але ўсё мацней аблытвае асобу ланцугамі рафінаванага прыгнёту.

Гэта калі коратка і спрошчана. У тэкстах дык больш — і Гегеля, і Осціна, і школы Аналаў. Каб як мае быць разабрацца ў ягонай працы «Парадак дыскурсу» — фантастычнай інаўгурацыйнай лекцыі, поўнай прастадушнага жыцця, прыватнай і безабароннай праўды — колькі разоў яе трэба прачытаць?

Цікава, колькі разоў яго прачытаў Іван Новік. Цікава, колькі людзей у Беларусі, якім гэта цікава.

Колісь Андрэй Дынько, мо адзіны перакладчык (рызыкну памыліцца) Фуко на беларускую мову, сардэчна пісаў: «Мішэль Фуко лёгкі для разумення, але цяжкі для перакладу» (Фрагменты, 1—2/1997, с. 31). Што ж: гэта як паглядзець.

З кнігі Новіка (а яна арыентуецца на «Археалогію ведаў» — шчыльны, бязлітасны метадычны каментарый Фуко да самога сябе) можна зрабіць хутчэй іншую выснову. Моцна залежная ад самога Фуко (хоць калі-нікалі Новік дазваляе сабе і паправіць філосафа), яна часта чытаецца з цяжкасцю. Ад ягонай зусім прадуманай і выпакутаванай (пра гэта ў канцы) складанасці лёгка трапіць у залежнасць.

Не ведаю, ці гэта паражэнне. Мэта Новіка — зрабіць Фуко часткай беларускага, тутэйшага разважання, — надта рызыкоўная, але з іншых прычынаў, пра якія было неназольна сказана ў пачатку гэтай рэцэнзіі. Можа, тут трэба трохі пачакаць. Можа, нехта ўсё ж прачытае гэтую кнігу, у нейкай ступені строгую і ўцешную. Так я яе прачытаў: шмат у чым яна супала з маім поглядам на «Археалогію ведаў».

Мітрэнга Фуко, ягоных прац, вялікая, і яна не беларуская. Час так паскорыўся, захапіўшы з сабой акадэмію, што калі тут ужо разбірацца ў цьмяных, блытаных тэкстах. Таму

дыскурс стаў «словам-гудзеннем», і ад свайго галоўнага тэарэтыка цалкам аддзяліўся, зажыўшы ўласным жыццём. Каб паказаць гэта і іншае, Новік шмат спасылаецца на англамоўную літаратуру, напрыклад. І на іншамоўную розную. Ці гэта ў Беларусі нехта ацэніць, таксама можна рызыкнуць засумнявацца.

Можа, пара пунктаў крытычных, перш чым перайсці да «прапаганды чытання». Здзівіла адсутнасць указанняў на беларускі пераклад, памянёны вышэй. А тэкст «Чым ёсць аўтар» належыць да ўдалых і важных прац французскага філосафа.

Найбольш уразіла мова. Справа нават не ў родным склоне назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку (каму яны з нас калі даліся?) і нават не ў кароткіх формах прыметнікаў. Справа ў такіх рэчах, як «за конт гэтага» (як за кошт) ці «веда». Як не мае цяперашняя беларускага мова гэтага слова ў адзіночным ліку, дык навошта яго цягнуць нагвалт з рускай? Неяк жа выжывае нямецкая без множнага ліку свайго слова «веды». Абурае, дальбог, гэтая ў 90-я гады пушчаная ў абыходак звычка — вымяраць, «правяраць» беларускую мову расейскай і калі нечага раптам бракуе—смела дадаваць. Хай бы мы вымяралі сваю беларускую па слоўніках: чым яны горшыя за рускую мову?

Зрэшты, тут у кожнага свой густ і свае правілы, як ставіцца, ацэньваць, заахвочваць. Для мяне гэта пытанне аналізу бягучага становішча, сведчанне аб дэградацыі нашай мовы. Я тут не буду паўтарацца.

Цяпер уласна, чаму важны Фуко і чаму важная кніжка. Фуко важны, бо ён неадвольны.

Гэта не рыторыка якой-колечы сучаснай культурнай антрапалогіі, надзьмутай беспрычыннай пыхай і разумовай бессанню.

Гэта сістэмная работа, цэлае жыццё, у страшнай штодзённай напрузе. Фуко аднойчы сказаў Нааму Чомскаму, што сапраўдная свабода магчымая толькі дзякуючы сістэме рэгулярнасцяў

(гэта пра слоўнік Крапівы, калі хочаце); у гэтым сказе столькі моцнай яснасці погляду, той яснасці, аб якой нудзіўся Міхась Стральцоў, і якой у ягоным «Адзін лапаць, адзін чунь» уважлівы беларускі чытач ужо мог удосыць цешыцца.

Пра Фуко нічога не ведаючы, ягонае значэнне апісаў у канцы 80-х партызан і стрыманы дэмакрат Уладзімір Калеснік (хто б падумаў, га?). Я працытую, бо гэта проста вельмі прыгожа: «моладзь, яе <…> прадстаўнікі, цягнуцца якраз да цяжкага і «незразумелага», ведаючы, што спасціжэнне гэтага вызваляе ад духоўнай несвабоды».

Якое тут невыпадковае слова ў канцы сказа; і як так можа быць, што нікому гэта ў нас не абыходзіць.

І чаму кніга важная, чаму дужа рупіцца (і хочацца зычыць аўтару поспехаў), каб яна неяк выйшла як кніга, а не як pdf файл у сацыяльнай сетцы для даследчыкаў. Пішучы дысертацыю ў Нямеччыне і трохі працуючы з Фуко, я злавіў сябе на думцы, калі з неймавернай радасцю чытаў кнігу: я б яе спажыў для сваёй работы. Гэта значыць, перафармуляваўшы: не сорамна пра яе немцам расказаць. Як мала ў Беларусі такіх кніг.

Здольных быць часткай гісторыі чалавецтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?