Памёр беларускі літаратуразнаўца, фалькларыст, гісторык Арсень Ліс. 

«Памёр выдатны гісторык, сімвал гуманнасці і дабрыні, цудоўны чалавек Арсень Ліс. З пачуццём глыбокага жалю пішу гэту навіну. Мае спачуванні родным. Алёна, абдымаю цябе ў гэты момант смутку», — напісала ў сваім фэйсбуку Ніна Стужынская.

Яму было 84 гады, апошнім часам моцна хварэў. 

Арсень Сяргеевіч Ліс нарадзіўся 4 лютага 1934 года ў Вётхаве (сёння Смаргонскі раён). Працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Даследаваў традыцыйную культуру беларусаў, літаратуру, гісторыю і перыядычны друк Заходняй Беларусі, жыццё і дзейнасць дзеячаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, гісторыю культуры. Аўтар манаграфій «Браніслаў Тарашкевіч», «Мікола Шчакаціхін: хараство непазнанай зямлі», «Пётра Сергіевіч», «Вечны вандроўнік: нарыс пра мастака Язэпа Драздовіча», «Пякучай маланкі след: эцюды да партрэта мастака Горыда».

У серыі ў гонар 100-годдзя «Нашай Нівы» мы выдалі збор яго твораў «Gloria victis!» (2010). Том «Арсень Ліс. Выбранае» (2014) ў серыі кніг «Беларускі кнігазбор».

Арсень Ліс дапамагаў «Нашай Ніве» ў часы ганенняў. Гэта быў крыштальна сумленны інтэлігент.

Чытайце таксама: Арсень Ліс. Школьная пара. Пачаткі

Арсень Ліс, мемуары. «Акадэмічны асяродак»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0