Пасеклі край наш папалам,
Каб панскай вытаргаваць ласкі.
Вось гэта — вам, а гэта — нам,
Няма сумлення ў душах рабскіх.

І цягнем мы на новы строй
Старую песню і чужую:
Цыгане шумнаю талпой
Па Бесарабіі качуюць…

За ўсходнім дэспатам-царком
Мы бегаем на задніх лапах,
Нью-Ёрку грозім кулаком
І Чэмберлена лаем трапна.

Засыплем шапкамі яго,
Ура, ура — патопім ў соплях.
А нас тым часам з года ў год
Тут прадаюць ўраздроб і оптам.

Мы не шкадуем мазалёў.
Мы за чужых праклёны роім,
Але без торгу і без слоў
Мы аддаём сваіх герояў.

Не смеем нават гаварыць
І думаць без крамлёўскай візы,
Без нас ўсё робяць махляры
Ды міжнародныя падлізы.

Распаўся б камень ад жальбы
Калі б ён знаў, як торг над намі
Вядуць маскоўскія рабы
З велікапольскімі панамі. 

О, ганьба, ганьба! Ў нашы дні
Такі разлом, туга такая!
І баюць байкі баюны
Северо-Западного края…

Плююць на сонца і на дзень.
О, дух наш вольны, дзе ты, дзе ты?
Ім мураўёўскі б гальштук ўздзець,
Нашчадкам мураўёўскім гэтым…

Але яшчэ глушыце кроў.
Гарыць душа і час настане,
Калі з-за поля, з-за бароў
Па-беларуску сонца гляне.

Тады мы ў шэрагах сваіх,
Быць можа, шмат каго не ўбачым.
З тугою ў сэрцы ўспомнім іх,
Але ніколі не заплачам.

А дзень чырвоны зацвіце,
І мы гукнем яму: «Дабрыдзень».
І са шчытом ці на шчыце
Ў краіну нашу зноў мы прыйдзем.

Гэты верш Алеся Дудара, напісаны амаль 100 гадоў таму, стаў хрэстаматыйны.

Алесь Дудар. 

Алесь Дудар. 

Ад самага свайго нараджэння напісаны «не для друку» верш «Пасеклі край наш папалам» меў найвялікшы розгалас і найшырэйшую аўдыторыю: перапісаны ў сотнях экзэмпляраў у першыя ж тыдні свайго існавання, ён адразу стаў вядомым, і не толькі ў колах беларускай інтэлігенцыі, але і, натуральна, у ГПУ.

Рукапісныя копіі верша траплялі туды ад агентаў. Але, магчыма, супрацоўнікі Асобага аддзела яшчэ да пачатку следства мелі і арыгінал.

Легенда пра скрадзены партфель

У сям’і Дайлідовічаў захаваўся драматычны расповед аб тым, як незадоўга да сваёй высылкі Алесь Дудар страціў партфель, у якім захоўваў тыя паперы, якія з розных прычын не мог трымаць дома.

Нібыта падчас сяброўскай выпіўкі ў шашлычнай па вуліцы Камсамольскай паставіў партфель на лаўку, а калі спахапіўся яго забраць, партфеля з паперамі ўжо не было. Дакументальных пацверджанняў гэтая легенда не мае, але атмасферу часу перадае.

У данясенні сакрэтнага агента ГПУ, які «распрацоўваў» пісьменніцкае асяроддзе ў 1926—1928 гадах, даецца справаздача па высвятленні аўтарства верша: «Когда т.Василевич обнаружил стихотворение «Пасеклi наш край папалам» и передал его Пилляру, указав предполагаемого автора, Пилляр поручил мне проверить и со своей стороны, и, когда я обратился к Купале при ближайшей встрече — с укором — что он, дескать, автор безобразных антисоветских стихов, тот обиделся, заявил, что он может быть недовольным тем или другим, но таких вещей он не делает и сразу же назвал автора — Ал.Дударя» (гл. Р.Платонаў, «Палітыкі. Ідэі. Лёсы», с.313).

Даруем Янку Купалу данос па неасцярожнасці — на той момант аўтар верша быў ўжо добра вядомы ГПУ.

Пяць пратаколаў за адзін верш

Уначы 20 сакавіка 1929 года Алесь Дудар быў арыштаваны на сваёй кватэры па вул. Правадной, 15а, і дастаўлены ў ГПУ для дачы паказанняў датычна верша «Пасеклі край наш папалам». Пасля трохдзённага следства паэт будзе асуджаны на тры гады высылкі, і 1 красавіка пад канвоем адпраўлены ў Смаленск.

Менавіта ў гэтай следчай справе, у часова адкрытых пры канцы 1980-х архівах, знайшоў легендарны тэкст гісторык Уладзімір Міхнюк — і ўпершыню, праз шэсцьдзесят год пасля напісання, апублікаваў, паставіўшы год напісання — 1928.

Дакументальна вядомыя сёння не менш за пяць пратаколаў допытаў у ГПУ наконт крамольнага верша: тры з іх — паказанні самога аўтара, Алеся Дудара, дадзеныя ім падчас першага арышту ў 1929 і пасля арышту другога ў 1930. У справе 1929 года знаходзіцца таксама пратакол допыту тагачаснай жонкі Дудара Наталлі Вішнеўскай, дзе яна паказвае, у якіх абставінах пачула ад мужа антысавецкі верш. І, нарэшце, на сёння вядомыя паказанні Алеся Фаміча Адамовіча, вядомага нацыянал-камуніста, на час напісання верша — загадчыка аддзела друку ЦК Кампартыі Беларусі (б), намесніка рэдактара «Беларускай вёскі» — ён быў ледзь не першым, хто перапісаў верш з арыгінала.

Наталля Вішнеўская, жонка Алеся Дудара.

Наталля Вішнеўская, жонка Алеся Дудара.

Гэтыя паказанні, а таксама падшыўкі тагачаснай прэсы дапамаглі высветліць дату нараджэння аднаго з самых вядомых тэкстаў міжваеннага перыяду нашай літаратуры.

«Звязда» збаялася Масквы, а «Савецкая Беларусь» — не

Алесь Дудар у паказаннях 1930 года тлумачыць з’яўленне верша так: «Калі ішоў працэс Грамады ў Заходняй Беларусі, сярод беларускіх нацыянал-дэмакратаў адчуваўся пэўны ўздым. Даходзіла да таго, што нават Ластоўскі, які, як мне даводзілася чуць, знаходзіцца ў асабістай сварцы з Луцкевічам, сядзеўшым тады на лаве падсудных, апублікаваў у друку нейкую заяву, дзе адмаўляў гэту варожасць. Александровіч нават назваў свайго сына Радаславам у чэсць Астроўскага, што ён не раз падкрэсліваў. Пісаліся палкія вершы, прымаліся рэзалюцыі і г.д.

Калі быў абвешчаны прысуд, уздым дасягнуў свайго апагею. У Менску ў той дзень адбывалася вялікая дэманстрацыя пратэсту. І вось тады нехта пусціў чутку, быццам бы з Масквы прыйшла тэлеграма аб тым, каб не дапускаліся асаблівыя дэманстрацыі. У той час вяліся перамаўленні з Польшчай аб заключэнні гандлёвага дагавору, і Масква быццам бы баялася, каб залішнія дэманстрацыі не пашкодзілі справе.

Але быццам бы тэлеграма прышла занадта позна, калі дэманстранты ўжо ішлі па вуліцам і спыніць дэманстрацыю нельга было. На другі дзень, у той час, калі нумар «Савецкай Беларусі» быў да астатку прысвечаны пратэсту супраць прысуду, «Звязда» адвяла гэтаму толькі частку першай старонкі.

Для ўсіх нас была зразумела розніца ў адносінах да прысуду «Звязды» і «Савецкай Беларусі»: пасьля вышэйпададзенай чуткі мы лічылі, што газетам была дадзена адпаведная дырэктыва і «Звязда» гэту дырэктыву выканала. А «Савецкая Беларусь», якой фактычна кіраваў Каплан (Чарот быў у водпуску), не падначалілася гэткаму антынацыянальнаму загаду.

Той факт, што назаўтра Сянкевіч прыйшоў у рэдакцыю і літаральна выгнаў адтуль Каплана ў прысутнасці ўсіх супрацоўнікаў, яшчэ больш паддаваў жару. Вось пад уплывам гэтага напісаў і я свой верш» (А.Дудар. Выбраныя творы. — Мінск, 2017, с. 411).

Адкрыты судовы працэс па справе Беларускай сялянска-работніцкай грамады ў Заходняй Беларусі, дзе абвінавачванымі праходзілі, апрача іншых, паслы Сойму беларусы Тарашкевіч, Мятла, Рак-Міхайлоўскі і Валошын, доўжыўся тры месяцы, з пачатку сакавіка да канца траўня 1928 года, і шырока асвятляўся ў савецкай прэсе. І «Звязда», і «Савецкая Беларусь» кожны дзень на працягу гэтых месяцаў давалі рэпартажы ўласных карэспандэнтаў з залы судовых паседжанняў у Вільні.

22 траўня 1928 года ў Вільні быў абвешчаны прысуд, 23 траўня ён быў апублікаваны ў менскіх газетах: «Звязда» выйшла с загалоўкам: «209 гадоў катаргі 37 падсудным». 

Газеты, якія з раніцы хлынулі ў менскі натоўп, заклікалі мінчукоў выходзіць на Пляц Волі пратэставаць супроць прысуду:

«Працоўныя Менску! Пратэстуйце супроць катаржнага прысуду над грамадаўцамі! Сёння а 5 гадзіне дня — усе на Пляц Волі на мітынг МОПРа!» Менавіта гэты дзень — і людзей, якіх ужо немагчыма было спыніць, нягледзячы на тэлеграму з Масквы, — успамінае Алесь Дудар.

У мітынгу МОПРа ўзялі ўдзел каля 15 000 чалавек — і гэта была сапраўды народная, натхнёная спачуваннем сваім братам, дэманстрацыя.

Ужо назаўтра, 24 траўня, выйшлі газеты, у якіх паведамлялася пра мітынг пратэсту.

Сапраўды: «Савецкая Беларусь», якая дала і фотаздымкі, і калажы, і вокладкі еўрапейскіх кніг, прысвечаных Грамадзе, і вершы беларускіх паэтаў, аб’яднаных пратэстнымі пачуццямі, выглядала значна болей «народнай», «нацыянальнай», «беларускай» — у адрозненне ад «Звязды».

 

Расправа загадчыка аддзела агітацыі і прапаганды ЦК КПБ(б) А.Сянкевіча над Лазарам Капланам, які выпускаў крамольны нумар, здарылася назаўтра, 25 мая. Менавіта ў гэты дзень, пад уплывам уражанняў ад суда, мітынгу, ганебных паводзінаў рэдакцыі «Звязды» і відавочнага пацверджання абуральных для беларусаў чутак пра тэлеграму з Масквы, Алесь Дудар і напісаў свой палымяны верш.

Спраўдзіць дату дапамог візіт Горкага

Ужо праз два дні, 27 траўня, ён чытаў яго Алесю Фамічу Адамовічу. З паказанняў Адамовіча вядома: «Это стихотворение Дудар мне читал … впервые в день приезда Горького … Я тогда неодобрительно высказывался (в каких выражениях не помню). После этого он мне как-то его начинал декламировать или в конце 1928 года или в начале 1929 года и я его не переписывал» (пратакол допыту А.Адамовіча з прыватнага збору Л.Маракова).

Алесь Адамовіч пасля першых катаванняў. Фота са следчай справы 1937 г.

Алесь Адамовіч пасля першых катаванняў. Фота са следчай справы 1937 г.

Менавіта 27 мая 1928 года Максім Горкі ўпершыню наведаў Менск: дэлегацыя пісьменнікаў сустракала яго на мяжы ў Негарэлым, а потым суправаджала ў сталіцу, пра гэта, натуральна, паведамлялі цэнтральныя газеты.

Такім чынам, сёння дакладна вядома: верш «Пасеклі край наш папалам» быў напісаны 25 мая 1928 года.

Яго праз дзевяць год пасля памянёных падзей разам з Змітром Жылуновічам, Міхасём Чаротам і Міхасём Зарэцкім фальшыва абвінавацяць у кіраўніцтве нацыянал-фашысцкай арганізацыяй і расстраляюць у ліку 102 беларускіх інтэлігентаў.

У адрозненне ад суда над Грамадой, працэс над ім зойме 15 хвілін, будзе цалкам закрытым, і скончыцца расстрэльным прыгаворам.

І ніякіх мітынгаў пратэсту не адбудзецца.

Чытайце таксама:

Не герой свайго часу: жыццё і смерць Алеся Дудара

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0