Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

22 студзеня памёр беларускі пісьменнік, эколаг, грамадскі дзеяч Васіль Якавенка. Пра ягоны адыход паведаміў унук пісьменніка Ян Мачульскі.

«Памёр мой любы дзядуля, мой гонар, мой выток, Васіль Цімафеевіч Якавенка, беларускі пісьменьнік, публіцыст, грамадскі дзеяч. Ён да апошняга быў барацьбітам за праўду і справядлівасць і паклаў сваё выбітнае жыццё на тое, каб жыла Беларусь. Ён быў тым, хто праз сваю дзейнасць ратаваў нашу зямлю ад наступстваў радыяцыйнай навалы і тым, хто ўратаваў ад новай экалагічнай катастрофы, спыніўшы высушэнне Палесься яшчэ ў сваёй маладосьці. Ён быў ахоўнікам нашага народу і нацыі», — напісаў Ян Мачульскі.

Васіль Якавенка нарадзіўся 5 мая 1936 года ў вёсцы Пажыхар (сёння Светлагорскі раён).

У 1956 годзе скончыў Беларускі індустрыяльны тэхнікум па спецыяльнасці «геолаг», пазней — БДУ. Працаваў майстрам, тэхнікам, інжынерам у розных геалагічных партыях і праектных інстытутах. Друкаваўся з 1957 года.

У 1980-я гады актыўна выступаў супраць вялікага меліярацыйнага праекта абвалавання і выпростваньня рэчышча Прыпяці. У выніку праект меліярацыі яе поймы быў скасаваны.

Менавіта Якавенка ў 1988 годзе быў першым кіраўніком аргкамітэта па стварэнні Беларускага народнага фронту. Але літаральна праз некалькі дзён у аргкамітэце адбыліся перавыбары, і яго ўзначаліў Зянон Пазьняк. Сам Якавенка адышоў ад БНФ.

Аўтар некалькіх зборнікаў казак, кніг «Другой зямлі не будзе», «Надлом», «Пакутны век», «Нячывелле».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0