«Праз Сведкаў Іеговы я страціў і жонку, і дачку», — прызнаецца «Нашай Ніве» мінчук Міхаіл. І расказвае сваю гісторыю барацьбы з рэлігійнай арганізацыяй.

«Сведкі Іеговы даражэйшыя за бацьку»

«Жонка, калі яшчэ была падлеткам, перажыла страшнае — яна была ў сяброўкі, калі ў суседнім пакоі павесіўся бацька той дзяўчынкі. Пасля суседка пачала падкідваць гэтым дзвюм дзяўчатам-падлеткам літаратуру Сведкаў. Яны ўцягнуліся, — расказвае Міхаіл. — Калі маёй жонцы было 18 гадоў, мы пазнаёміліся. Спачатку я яе пераканаў адысці ад Сведкаў, але пазней высветлілася, што жонка таемна наведвае іх сходы».

Міхаіл вінаваціць Сведкаў Іеговы ў тым, што распалася яго сям'я

Міхаіл вінаваціць Сведкаў Іеговы ў тым, што распалася яго сям'я

На той момант у пары ўжо нарадзілася дачка. Міхаіл спрабаваў растлумачыць жонцы памылковасць філасофіі Сведкаў — марна. Забараняў хадзіць на сходы — таксама безвынікова. Усё заканчвалася скандаламі. Аднойчы жонка нават залезла на акно і пагражала выкінуцца, калі Міхаіл не выпусціць яе з кватэры на сход, сцвярджае той. Прыйшлося адпусціць.

Скандалы працягваліся, кажа Міхаіл, жонка збягала на сходы, не глядзела дачку. Аднойчы жонка ўзяла дзіця і ўцякла з кватэры. Яе месцазнаходжанне прыйшлося высвятляць з дапамогай міліцыі. Усё скончылася разводам — і дачку суд пакінуў з маці.

«Я прасіў жонку не вадзіць дачку на сходы, тая не слухала. У выніку дзіця я бачыў усё менш. У кватэры, дзе яны жывуць, я ўвогуле ніколі не быў. Не ведаю, якія там умовы, — кажа Міхаіл. — Але я спрабаваў пераканаць дачку. Аднойчы я сказаў ёй: калі ты так упэўненая ў сваёй рэлігіі, давай гэта задакументуем».

«Сведкі Іеговы мне даражэйшыя за бацьку» — гэты ліст напісала яго 10-гадовая дачка, кажа мужчына.

Сёння дачцэ 15 гадоў. Міхаіл яе даўно не бачыў — апошні раз тэлефанаваў паўгода таму.

«Перад яе днём народзінаў я растлумачыў, што яна сама можа выбіраць рэлігію. Яна сказала, што выбірае Сведкаў Іеговы. Я адказаў, што ўсё роўна працягну з імі змагацца. Калі яна зменіць сваю пазіцыю, я буду рады яе званку. Але пакуль — цішыня», — кажа мужчына.

Не пераліваюць кроў і чакаюць вайны з Сатаной

Сведкі Іеговы ўзніклі ў 1870-я ў ЗША. Тады яшчэ яны мелі назву «Даследавальнікі Бібліі».

Сведкі лічаць сябе хрысціянамі, вераць у адзінага бога, якога завуць Іегова. Але яны не вераць у Тройцу, Хрыстос для іх не бог, а першае стварэнне бога-Іеговы, яго прарок і ідэальны чалавек. Таксама Сведкі не прызнаюць крыж, іконы, не святкуюць Вялікдзень і Раство.

Сведкі Іеговы перакладаюць сваю літаратуру на шмат моваў. У тым ліку і на беларускую.

Сведкі Іеговы перакладаюць сваю літаратуру на шмат моваў. У тым ліку і на беларускую.

Перыядычна Сведкі прадказваюць Канец Света. Тое, што ён так і не адбываецца, іх не засмучае — праз час з’яўляецца новая дата, калі варта чакаць Апакаліпсіс. Калі ён нарэшце здарыцца, 144 тысячы памазаннікаў з ліку Сведкаў трапяць на неба (лічыцца, што большасць з іх ужо набралі з першых прыхільнікаў, цяпер ідзе «дабор»). Акрамя таго, памазаннікі разам з Хрыстом будуць ваяваць з Сатаной. Іншых праведнікаў уваскрэсяць, але паселяць на Зямлі, дзе будзе Рай (ім ваяваць будзе не трэба).

Акрамя таго, сведкі не ўдзельнічаюць у выбарах, адмаўляюцца служыць у арміі, не прызнаюць дзяржаўныя сцягі, гербы і гімны, бо лічаць, што мусяць служыць не «цару», а Іегове.

Галоўная прэтэнзія да Сведкаў — іх «біяэтыка». Яны катэгарычна адмаўляюцца ад пералівання крыві, нават у экстранных выпадках. Але ранейшыя нормы час ад часу мяняюцца, напрыклад, забарону на вакцынацыю Сведкі скасавалі ў 1950-х, а ў 1970-х вырашылі, што не будуць хрысціць курыльшчыкаў.

У 2015 годзе самі Сведкі сцвярджалі, што іх у свеце больш за 8 мільёнаў чалавек.

Нарматывы распаўсюду веры

Прайшло ўжо 5 гадоў як у змаганні за сям’ю паміж Міхаілам і Сведкамі Іеговы перамаглі Сведкі. Але Міхаіл працягвае барацьбу з рэлігійнай арганізацыяй. На яго машыне нават вялікімі літарамі напісана: «Я супраць секты Сведкі Іеговы, шукаю пацярпелых» і пазначаны тэлефонны нумар мужчыны. Паступова вакол яго сфарміравалася невялікае кола аднадумцаў, якія таксама сутыкнуліся са Сведкамі, і таксама лічаць іх небяспечнай сектай. У кожнага з іх за плячыма свая крыўда.

Бабруйчанін Максім у 2015 годзе закахаўся ў дзяўчыну, пазней высветлілася, што яна вернік Сведкаў з дзяцінства. Хлопец вырашыў выцягнуць яе — але не змог.

«Каля 9 месяцаў я хадзіў на іх сходы, рабіў выгляд, што зацікаўлены. Паралельна спрабаваў пераканаць дзяўчыну адмовіцца ад сваіх поглядаў», — кажа суразмоўца.

Але пара ўсё роўна разышлася. Дзяўчына выбрала сваю веру.

Па словах Максіма, асноўны ўпор Сведкі робяць на «служэнне ад дзвярэй да дзвярэй». Пра важнасць гэтага пастаянна нагадваюць на сходах.

«Сведкі абавязаны распаўсюджваць вучэнне, хадзіць па кватэрах. Існуюць нават пэўныя нарматывы, яны здаюць справаздачы па выніках месяца. Калі чалавек хоча прасунуцца ў секце, то ён мусіць як мага больш часу займацца распаўсюдам веры, часам прыходзіцца звальняцца з працы. Я ведаю людзей, якія закрывалі бізнэсы праз гэта», — сцвярджае Максім.

Ілюстратыўнае фота. Аўтар — Яўген Епанчынцаў, ТАСС

Ілюстратыўнае фота. Аўтар — Яўген Епанчынцаў, ТАСС

На сходы, дарэчы, хадзіў і Міхаіл. Але, кажа, яго выводзілі з міліцыяй.

«Яны выклікалі міліцыю. Калі бачылі мяне, хлусілі, што я парушаў парадак, спрабаваў сарваць сход, пісалі заявы на мяне», — кажа мужчына.

«Можна хлопец пажыве ў нас?»

Віктар Паклёўка з Лагойска праз Сведкаў Іеговы страціў дачку.

«У 2014 годзе яна пазнаёмілася з хлопцам. Ёй было 20 гадоў, яму 25. Спачатку дачка расказвала, якія ў іх добрыя зносіны, які ён добры: не п’е, не курыць. А пасля кажа: ён сірата, у яго бацькі памерлі ў Расіі, яму няма дзе жыць. Можна ён пажыве ў нас? — узгадвае Віктар. — Мне не спадабалася ідэя, але я пагадзіўся. І вось яны кожныя выходныя пачалі ездзіць у Мінск. Спачатку казалі, што на хакей, пасля — што на курсы англійскай мовы. Нават набылі хакейную атрыбутыку і падручнікі».

Але насамрэч дачка з хлопцам ездзілі на сходы Сведкаў Іеговы, сцвярджае Віктар. Калі мужчына наўпрост спытаў у хлопца, што адбываецца, той прызнаўся — ён са Сведкаў. Віктар выказаўся супраць, назваў Сведкаў сектай.

«Тады яны з’ехалі. Жылі ў нейкага іншага Сведкі, у якога тут свой дом. Праз месяц, напэўна, ажаніліся. Дачка пачала вывучаць Біблію, стала менш звяртаць увагі на іншыя справы і згубіла працу ў банку — яе папрасілі звольніцца па ўласным жаданні. На мой адрас пасля прыйшоў ліст, каб яна забрала працоўную кніжку, але дачка праігнаравала, — кажа Віктар. — Увогуле, са мной яна спыніла ўсе зносіны».

Аднойчы ў 2015 годзе Паклёўку пазваніла знаёмая Вольга: кажа, тут сектантка прыйшла з тваёй дачкой. Віктар прыбег, але дачка не захацела з ім гаварыць. А яе «напарніца» Пастухова выклікала міліцыю, маўляў, што мужчына ўварваўся ў хату. Калі міліцыя прыехала, і Вольга прызналася, што сама пазваніла госцю, то атрымала ад Сведкаў порцыю праклёнаў.

Спалілі ікону, якой 100 гадоў

Сведкі спакойна сышлі (на іх склалі пратакол, але не затрымлівалі). Вольга расказала, што тая Пастухова разам з нейкім мужчынам ужо прыходзілі да яе. Яны прынеслі брашуры Сведкаў Іеговы, раздалі дзецям, а пасля заўважылі ў хаце дзве іконы. Яны паведамілі, што гэта — «д’ябальскія малюнкі», вынеслі іх на вуліцу, тапталі нагамі, а пасля падпалілі. Затым прачыталі сваю малітву, парэшткі ікон склалі ў пакет і сышлі.

Віктар пераканаў Вольгу звярнуцца ў міліцыю. Высветлілася, што і Пастухова, і яе кампаньён — грамадзяне Расіі, і іх месцазнаходжанне невядомае. Мясцовая міліцыя спачатку паведаміла, што крымінальнай справы не будзе: няма парэшткаў іконы, невядома, дзе вінаватыя. Але пазней Следчы камітэт усё ж завёў справу — Вольга сцвярджала, што ікона ў яе яшчэ ад прабабкі, то бок ёй больш за сотню гадоў.

«Але ж тая справа так і заціхла», — сумна канстатуе Віктар Паклёўка.

У Следчым камітэце паведамілі, што расследаванне працягваецца. 

«У сувязі з тым, што маецца аператыўная інфармацыя аб знаходжанні фігурантаў за межамі Беларусі, накіравана міжнароднае даручэнне ў краіны блізкага замежжа аб аказанні прававой дапамогі», — заявілі ў СК.

«Мы дзейнічаем па запаветах Хрыста»

На пытанні і прэтэнзіі адказаў Павел Ядлоўскі, лідар беларускіх Сведкаў Іеговы.

Пра нарматывы і справаздачы абыходу кватэр

«Мы дзейнічаем па запаветах Хрыста, які сказаў: «Ідзіце і вучыце ўсе народы». Кожны Сведка Іеговы бачыць у гэтым выкананне запаветаў Хрыста: расказваць людзям пра добрую вестку. Гэта мы робім».

Ілюстратыўнае фота

Ілюстратыўнае фота

Пра шлюбы, дзе адзін Сведка Іеговы, а другі супраць гэтага.

«Па Бібліі шлюб — гэта святое ў вачах Бога. Але часам існуе гвалт у сям’і, і не толькі фізічны, але гвалт на словах, эмацыйны гвалт. І там ужо кожны вырашае сам. Мы не кантралюем жыццё людзей».

Пра гісторыю са спаленымі іконамі

«Калі вы ведаеце гісторыю Хрыста, то яго таксама вінавацілі ў блюзнерстве. Такіх выпадкаў у гісторыі чалавецтва было шмат. Гэта абвінавачванне галаслоўнае, няма іншых доказаў».

Пра пераліванне крыві

«Мы любім жыццё. І робім усё, каб нашы блізкія былі здаровыя. Калі ўзнікае пагроза смерці, то пераліванне крыві — гэта толькі адзін з метадаў лячэння, а не панацэя. Сёння існуе вельмі шмат альтэрнатываў. Сведкі Іеговы — за кваліфікаванае лячэнне, а пераліванне крыві не самы бяспечны від лячэння і не самы карысны. Існуе шмат больш бяспечных метадаў, і Сведкі Іеговы карыстаюцца імі».

Пра стаўленне да дзяржавы

«Мы паважаем дзяржаву. Падпарадкоўваемся ўладам. Ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі, Сведкі Іеговы вылучаюцца законапаслухмянасцю. Гэта наша афіцыйная пазіцыя».

Ліквідаваць Сведкаў можа толькі суд

У некаторых краінах дзейнасць Сведкаў Іеговы забароненая. Вясной 2017 года іх прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй і ў Расіі.

У Беларусі ж дзяржава ставіцца да Сведкаў лаяльна. Лічыцца, што ў краіне каля 6 тысяч прыхільнікаў Іеговы. Іх дзейнасць не забароненая, нават больш — штогод на мінскім стадыёне «Трактар» праходзіць трохдзённы кангрэс Сведкаў. На яго збіраюцца па некалькі тысяч чалавек, як беларусаў, так і замежнікаў. Кангрэс праходзіць з 2011 года. У 2013 годзе сабралося 10 тысяч удзельнікаў, у 2015 — 6 тысяч. Сёлета агучвалася лічба 7 тысяч чалавек.

Дарэчы, у адказ Сведкі ахвотна дэманструюць сваю лаяльнасць да ўладаў. Як распавёў адзін з відавочцаў, на Кангрэсе разыгрываліся сцэнкі, у адной з іх вернікаў папярэдзілі: з’язджаць на заробкі за мяжу і ўхіляцца ад падаткаў — грэх перад Богам.

Фота з мінскага кангрэса 2013 года

Фота з мінскага кангрэса 2013 года

Сёння ж Сведкі Іеговы афіцыйна зарэгістраваныя Камітэтам па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Агулам у Беларусі 27 абшчынаў. Адна ў Мінску, па 3 на Брэстчыне, Міншчыне і Магілёўшчыне, па 5 на Віцебшчыне і Гродзешчыне. Больш за ўсё абшчын у Гомельскай вобласці — 7.

«Гэтае аб’яднанне афіцыйна ажыццяўляе сваю дзейнасць у Беларусі», — пацвердзіла Наталля Калядчык, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах рэлігій Мінаблвыканкама.

Любая рэлігійная арганізацыя мае статут і дзейнічае згодна з ім, патлумачыла чыноўніца. Ліквідаваць рэлігійную арганізацыю могуць ці яе заснавальнікі, ці суд. Але калі ліквідаваць арганізацыю праз суд, то орган, які зарэгістраваў арганізацыю (напрыклад, аблвыканкам), павінен падаць пазоў, што рэлігійная абшчына неаднаразова парушае заканадаўства.

Пакуль што Міхаіл з аднадумцамі працягваюць сваю барацьбу супраць Сведкаў Іеговы. Па яго словах, больш-менш актыўных чалавек, якія займаюцца гэтым — каля 25. Яны ўжо прасілі правесці рэлігіязнаўчую экспертызу Сведкаў Іеговы — атрымалі адмову. Тады стварылі ў інтэрнэце петыцыю. Пісалі ў Адміністрацыю прэзідэнта. Неаданаразова выклікалі міліцыю на Сведкаў, якія распаўсюджвалі літаратуру.

Але плёну пакуль няма.

«Я звяртаўся ў міліцыю, у наш выканкам, у камітэт па справах рэлігій. Быў на прыёме ў намесніка прэзідэнта па ідэалогіі, сустракаўся з намеснікам міністра ўнутраных спраў, звяртаўся да мясцовых дэпутатаў… У 2015 годзе звяртаўся да кандыдатаў у прэзідэнты перад выбарамі: і да Караткевіч, і да Гайдукевіча, і да Улаховіча. Вынік — нулявы», - скардзіцца Віктар Паклёўка.

Асноўная прэтэнзія тых, хто змагаецца са Сведкамі — людзі губляюць сваіх блізкіх, чальцоў сям’і. Так, адзін чалавек амаль заўсёды слабейшы за арганізацыю, чые прыёмы адпрацаваныя больш чым за сотню гадоў дзейнасці. І, часцей за ўсё, меркаванне самага блізкага чалавека паступова значыць усё менш і менш у параўнанні са згуртаванасцю адзінаверцаў і магутным Богам. Але ворганы ўлады не могуць вярнуць у сям’ю жонку, не могуць прымусіць дачку пачаць размаўляць з бацькам. Адсутнасць любові — бяда, але не крымінальнае злачынства. Нават калі гэтая любоў была скрадзеная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?