Навукоўцы мяркуюць, што ў Беларусь вярнуўся лясны кот — дзікая жывёла, якая доўгі час лічылася вымерлай, паведамляе партал Wildlife.by. Апошнюю такую жывёліну здабылі ў 1927 годзе ў Барысаўскім раёне.

Ілюстрацыйны здымак. Фота masterok.livejournal.com

Ілюстрацыйны здымак. Фота masterok.livejournal.com

Лясны кот адрозніваецца ад хатняга суродзіча буйнымі памерамі і нелюдзімасцю. Яго даўжыня цела складае 50—75 см, даўжыня хвоста — 21—35 см. Дарослы лясны кот важыць 3—8 кг. На ўнутраным баку лап добра відаць чорныя плямы. А вось хвост шырокі і тупы, з выразнымі чорнымі палоскамі.

Лясны кот, як мяркуецца, трапіў у фотапастку ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку. Надзвычай падобную істоту сфатаграфавалі ў былой вёсцы Рожава ў Нараўлянскім раёне — гэта зона, адселеная пасля Чарнобылю.

Лясныя каты, распаўсюджаныя ў Карпатах, апошнім часам пашыраюць арэал на ўсход, аж да левабярэжжа Дняпра. Імаверна, гэты рух ляснога ката закрануў і Беларусь.

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0