Ці даўно мы існуем і адкуль узяліся?

Першыя заняткі адбудуцца 3 верасня а 12-й гадзіне ў «Грай Кафэ» (Інтэрнацыянальная, 33)

Піша кіраўніца курсаў Алена Церашкова

Кожны раз напрыканцы года, у траўні, нехта пытаецца: а ці можна далучыцца? І так крыўдна бывае чуць, што людзі не ведалі пра нашыя курсы, а цяпер засталося 2-3 сустрэчы — і вакацыі. Таму ў гэтым годзе я хачу расказаць пра курсы «Мова Нанова Дзеткам» усім, каму гэта цікава. Вось яны, самыя частыя пытанні пра курсы і адказы на іх.

Бясплатныя сямейныя развіццёва-забаўляльныя курсы беларускай мовы «Мова Нанова Дзеткам» працуюць у Мінску чацвёрты год і ўзніклі як частка курсаў «Мова Нанова», з камандай якіх мы актыўна супрацоўнічаем. Матэрыялы з дзіцячых курсаў размяшчаюцца на сайце movananova.by у раздзеле «Дзеткам». У розныя часы курсы працавалі ў Галерэі «Ў», кнігарні «Галіяфы», рэдакцыі часопіса «Вясёлка», цяпер нас прытуліла цудоўнае «Грай Кафэ» на вуліцы Інтэрнацыянальнай, 33 — гістарычны будынак, які месціцца роўна за Палацам Рэспублікі, частка колішняй сядзібы Ваньковічаў

Хто і калі можа да нас прыйсці?

Мы запрашаем дзяцей з бацькамі, арыентуемся на ўзрост ад 4 да 10 год і большую частку года працуем, падзяліўшыся на групы: дашкольнікі, якія не ўмеюць чытаць, звычайна гэта дзеці 4-6 год, і дашкольнікі-малодшыя школьнікі, якія чытаюць (6-10 год). Мы радыя бачыць і тых, хто настроены наведаць усе заняткі, і тых, хто далучаецца да нас, каб убачыць некаторыя яркія імпрэзы ці пазнаёміцца з запрошанымі гасцямі. Прыходзіць да нас можна і ў сярэдзіне сезона, і ў канцы. Мы не вядзем папярэдні запіс, мы не патрабуем даведак і справаздач, а вакацыі маем хіба на Каляды і на Вялікдзень.

А калі дзіця яшчэ зусім не ведае мовы, а дарослыя ўжо прызабыліся на школьны курс?

То вы ідзяце ў слушным кірунку! Сюды прыходзяць вучыцца, успамінаць і спазнаваць наноў. Мы не крытыкуем, а падказваем. Мы працуем разам. Мы прапануем выказвацца ўсім, але не прымушаем нікога. Прыглядайцеся, колькі вам трэба. Толькі прыходзьце!

Чым мы займаемся?

Мэта курсаў — даць нагоду дзецям і дарослым пагаварыць пра ўсё на свеце, пасваволіць і пазабаўляцца па-беларуску. Праграма курсаў унікальная, складаецца пераважна з аўтарскіх матэрыялаў і адаптуецца пад канкрэтных людзей (вось чаму мы зацікаўленыя ў тых, хто ходзіць рэгулярна). Мы адкрытыя да вашых прапаноў па тэмах і фармаце заняткаў, даем слова дзецям і бацькам. Існуе адзінае сур’ёзнае і прынцыповае абмежаванне: нашыя курсы — тэрыторыя беларускай мовы. Гэта значыць, што дарослыя людзі прымаюць на сябе дабраахвотнае і шчырае абавязацельства падчас заняткаў карыстацца беларускай мовай.

 

А што канкрэтна?

Кожныя заняткі маюць тэму. Тэмы розныя, як і на дарослых курсах. Гэта можа быць Ветлівасць альбо Вада, Марафон альбо Антарктыда, Сяброўства ці Ўлазіны. Мы размаўляем простай мовай пра складаныя рэчы, стараемся ў звычайным убачыць незвычайнае, закранаем аспекты здароўя і маралі, а часам нават разбураем міфы! Мы глядзім прэзентацыі, гуляемся ў моўныя гульні і развучваем фізічныя практыкаванні, разнявольваемся, ствараем, робім сапраўдныя беларускія рэчы (выцінанкі, лялькі-крупенічкі, гліняныя вырабы, паштоўкі, аздобленыя цацкаваннем — усяго не пералічыць) і іншыя самаробкі, напрыклад, арыгамі, рознага кшталту шумавыя музычныя інструменты і іншае. Вершы, цікавосткі, чыстагаворкі, лагарытмічныя практыкаванні, прыказкі, прымаўкі, рэбусы і крыжаванкі, заданні на логіку, кемлівасць ды ўважлівасць — 45 хвілін пралятаюць незаўважна, кожны можа знайсці штосьці цікавае для сябе.

А двойкі ставяць?

Мы не ставім адзнакі! Але, уявіце сабе, у нас ёсць хатнія заданні. Штораз кожны навучэнец атрымлівае друкаваны аркуш, і там вы знойдзеце і карыснае, і цікавае, і вясёлае. Усё гэта спросціць вам успрыняцце тэмы наступных заняткаў, бо шмат патрэбных слоў вы ўспомніце ці дазнаецеся наперад. Заданні можна не рабіць. А можна рабіць толькі тое, што хочацца. А можна прынесці ў школу і зрабіць усім класам ці праверыць сваю настаўніцу.

Хто вядзе заняткі?

Заняткі праводзіць мама чацвярых дзетак, пісьменніца і лекар Алена Церашкова. Ёй дапамагаюць розныя цікавыя госці.

Дык чаго ў нас больш — вучобы ці забаў? — Дайце падумаць!

Мы ладзім супольныя святы: гукаем вясну, адзначаем Дзяды балем беларускіх нячысцікаў (Хэлоўін? Не, не чулі!), святкуем Каляды, ладзім выпускны. Часам праводзім заняткі на вольным паветры — гуляем у мяч, шукаем пірацкія скарбы, малюем крэйдай на асфальце і проста дурэем. А якія да нас прыходзяць госці! Вясёлы тэатр «Зялёны яблык», рамантычная фея з «Альтанкай для чытанкі», феерычная лямцавая батлейка «Мама Му» і Сяржук Маркаў з фінскімі казкамі, неверагодны Андрусь Такінданг, унікальны Сяржук Доўгушаў, масціты Зміцер Вайцюшкевіч, незабыўныя каманды «Агатка-бэнд» і «Дзівасіл» спявалі для нас і разам з намі. Мы прыдумляем казкі разам з Аленай Масла і Аляксеем Шэіным, імгненна вучым вершы ўслед за Андрэем Хадановічам і Сержам Мінскевічам, танчым з Вольгай Корсак, лічым грошы з Крысцінай Вітушка, а лекар Андрэй Вітушка вучыць нас не хварэць.

Калі першыя заняткі?

Мы чакаем дзетак ад 4 да 10 год на нашых занятках у першую нядзелю навучальнага года — 3 верасня 2017, у 12 гадзін (першы раз — усіх разам), у «Грай Кафэ» на вуліцы Інтэрнацыянальнай, 33 (акурат насупраць Палаца Рэспублікі, у пяці хвілінах хады ад станцыі метро «Кастрычніцкая»). А калі гэтым разам у вас не атрымліваецца — то ў любую іншую нядзелю (за выняткам калядных вакацый і дзён, на якія прыпадае Вялікдзень). Мы плануем правесці больш за 30 сустрэч і вельмі чакаем вас! Змены расклада, анонсы заняткаў і розных мерапраемстваў адсочвайце на нашай старонцы ў Фэйсбуку movadzetkam.

Школьная форма і дзённікі не патрабуюцца!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0