У дворыку за Нацыянальным музэем гісторыі і культуры Беларусі схаваўся непрыкметны двухпавярховы домік з чырвонай цэглы. Гэта створаны на пачатку 90-х «Беларускі відэацэнтар», багаты на рэдкія скарбы. Тут здымаюцца і зьберагаюцца фільмы, што зробленыя на відэа. Відэафармат не настолькі дарагі і выкшталцоны, як стужачнае кіно – але куды даступнейшы, мабільны і здольны схапіць тое, чаго не ўбачыць кінакамэра.

Дакумэнтальныя стужкі-партрэты і нарысы пра прыроду Беларусі дый ейныя культурныя пэрліны, авангардна-паэтычныя фільмы, відэастравы на пост і Раство, этнаграфічныя замалёўкі, гісторыі мінулых часоў…

Фільмы Відэацэнтру — пра Беларусь. Большасьць зь іх — на беларускай мове.

У стужках можна пабачыць любоўна зьнятыя мястэчкі і помнікі — «Навагрудак», «Сафію Полацкую», «Вуліцу Кірыла і Мяфодзія», «Калоскую царкву», «Крэва», «Жыровічы». А «Мір», «Нясьвіж», «Горадня», «Камянец», «Мінск» улучаныя ў цыкл замалёвак «Эўропа. Агульная спадчына».


Кадар зь фільму Віктара Асьлюка «Край тужлівых песень»
На экране паўстае «Беларусь на крыжы вякоў» (гісторыка-дакумэнтальны фільм Віктара Шавялевіча ў дзьвюх частках). Шматсэрыйны «Беларускі народны каляндар» ад Ірыны Волах і Рэнаты Грыцковай не прапусьціць ніводнага сьвята, а фактурна-гарластая «Валянціна Каралёва, вясёлая ўдава», якая сьпявае народныя песьні дый піша сама — ня дасьць засумаваць.

Ціхамірныя кадры Ігара Бышнёва зь «Лясных хованак» і «Чарнобыльскіх джунгляў» гледачы бачылі ў якасьці рэклямных заставак. Але гэта паўнавартасныя відавыя стужкі са сваёй інтрыгай і героямі-жывёламі, якія паводзяць сябе, як галівудзкія зоркі.

Яшчэ адна разынка відэацэнтру — фільмы-партрэты. Дунін-Марцінкевіч і Ян Баршчэўскі, Янка Купала і Якуб Колас, Максім Танк і Янка Маўр, Аркадзь Куляшоў і Пятрусь Броўка, Касьцюшка, Дамейка, Міцкевіч, Напалеон Орда — паўстаюць на экране ў сваіх зьдзяйсьненьнях і марах.

А партрэты актрысы Аляксандры Клімавай («Апошні спэктакль») і кіраўніка юначага хору Ўладзімера Перліна («На кожны гук ёсьць рэха на зямлі») вылучаюцца сьвежай формай і вострым позіркам.

Карціна «Васіль Быкаў. Франтавыя старонкі», пастаўленая паводле «Доўгай дарогі дадому», параўноўвае лёс быкаўскіх герояў — і франтавы лёс самога пісьменьніка. (Стужку доўга баялася паказваць тэлевізія — дый паставіла яе ў нязручны час).

Рэжысэрка Галіна Адамовіч зрабіла для Відэацэнтру два цікавыя кінапартрэты. Гэта «Кінарэжысэр Барыс Сьцяпанаў» — пра пастаноўшчыка «Альпійскай баляды» і «Музыка, дапамажы» — дакумэнтальна-паэтычны партрэт маладога кампазітара Ўладзімера Кур’яна.

Некалькі фільмаў зьняў на відэа і Віктар Асьлюк, прыняты за сваю творчасьць у эўрапейскія кінаакадэмікі. «Колас вечна будзе жыць!» — відэафільм пра слыннага песьняра, «Казка пра горад Капысь» — рэжысэрскі нарыс мястэчка.

Героі «Трыццаці гадоў чаканьня» калісьці расказалі на камэру, што яны думаюць пра любоў і пра сваё прышлае. Праз 30 гадоў Віктар Асьлюк адшукаў іх, каб убачыць, як адбіліся на людзях гады. Чорна-белы «Край тужлівых песень» адметны ўнікальнай кінахронікай — і вобразам несавецкай Беларусі, хрысьціянскай і паганскай, заглыбленай у свае ўспаміны.

«Мэдагляд» Сяргея Галавецкага — адна з найлепшых дакумэнтальных стужак за апошнія пятнаццаць гадоў.
Гэта пранізьлівы праўдзівы фільм пра старых месьцічаў, якія вярнуліся ў чарнобыльскія вёскі — і штогод да старых едуць мэдыкі. Сярод здабыткаў відэацэнтру — трохвілінны шэдэўр Сяргея Лук’янчыкава «Іншы». Прыпавесьць пра чалавечы лёс, зробленая ў камбінаваным дакумэнтальна-анімацыйным стылі.

Відэацэнтар не цураецца ані традыцыйных формаў, ані авангардовых пошукаў.

Дакумэнтальна-гістарычны кліп Ларысы Кабернік «З таго часу…» натхнёны старажытнымі традыцыямі. Гэта сем насычаных хвілінаў гісторыі й культуры Беларусі. Затое «Парсіфаль, альбо Сьвята восеньскай поўні» тае ж рэжысэркі — даволі скандальны, што і ня дзіўна, бо гэта партрэт фотамастачкі Алены Адамчык. Фільм насычаны агрэсіўна-пяшчотнымі колерамі эўрапейскага кічу дый правакацыйнымі кадрамі.


Кадар зь фільму Карыны Анціпенкі
«Вонкавая-вываратная»
Больш выкшталцоныя стужкі Карыны Анціпенкі, пастаўленыя на рускай мове, — гэта ўльтрарадыкальнае жаночае кіно. Каб паказаць унутраны сьвет глуханямога героя «Ўцёкаў» рэжысэрка парадаксальна-шокава выкарыстоўвае шумы і аўтарскі маналёг. А «фільм-духі» «Вонкавая-вываратная» пра жаночыя страхі й падсьвядомае выклікаў самую рэзкую рэакцыю. Адны марылі паказаць гэты фільм усім мужчынам, каб «яны ведалі, што на душы ў жанчынаў», другія зычылі ўбачыць рэжысэрку ў труне разам з карцінай.
Рарытэты відэацэнтру — першыя стужкі вядомага рэжысэра Андрэя Кудзіненкі.
Сацыяльны ролік «Служыш Айчыне — служы сумленна», зроблены на замову Мытнай службы й шматкроць круціўся па тэлевізіі. Міні-фільм з Аляксандрам Колбышавым-кантрабандыстам за адну хвіліну выкарыстоўвае элемэнты вэстэрну і… «Крымінальнага чытва» Тарантыны.

А вось фільм-партрэт «Любоў» пра Любоў Румянцаву, якая сыграла Джулію ў «Альпійскай балядзе» мала хто бачыў. Тым болей невядомыя «Казкі маёй бабулі» — пяціхвілінны этнаграфічны кліп пра неверагодныя народныя творы з саломкі, глечыкі, жбаны і гарлачы, змантажаваныя, як пачутая ў дзяцінстве казка. А энэргічны рэклямны кліп «Мінскага трактарнага заводу», які дасьціпна спасылаецца на віцебскі авангард і на Джэймса Бонда, не ўключаўся ў рэжысэрскую фільмаграфію.


Кадар зь фільму Андрэя Кудзіненкі
«Плянэта ХХ»
Чорна-белыя «Сны Валянціна Вінаградава» (1998) — ганараваныя дыплёмам ЮНЭСКА і вугорскім прызам за найлепшы экспэрымэнтальны фільм. Гэта авангардна-паэтычная перамантажная стужка, заснаваная на карцінах Валянціна Вінаградава, які працаваў на «Беларусьфільме» ў 70-я і быў абвінавачаны ў падрыве савецкага кіно і ідэалягічных дывэрсіях. Кудзіненка выкарыстоўвае ўрыўкі зь ягоных фільмаў і архіўную кінахроніку, каб стварыць сынэфільскія сны з парадаксальнымі гукавымі й мантажнымі кантрапунктамі.
Карціна «Плянэта ХХ» (2000), паўтарыла лёс Вінаградаўскіх фільмаў. Яна нідзе і ніколі не была паказаная. Пранізьлівую паэтычна-перамантажную стужку, прысьвечаную памяці Віктара Турава, Генадзя Шпалікава й Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры, некаторыя чыноўнікі абвінавацілі ў прапагандзе — адначасова! — фашызму і пацыфізму.
Хаця гэта проста фільм пра чалавека, які, гуляецца і таньчыць, як дзіця. Танец — у вайне ці мастацтве, нянавісьці й каханьні. Танчыць неспакойнае ХХ стагодзьдзе. Танчаць людзі — стваральнікі і зьнішчальнікі. Таньчыць кінэматограф «Плянэты ХХ».

Кудзіненка разьлічваў зрабіць цэлую сэрыю такіх паэтычных стужак, але пасьля забароны «Плянэты ХХ» ад ідэі адмовіўся.

Але ўбачыць гэтую — і іншыя стужкі магчыма. Па замове на Відэацэнтры можна запісаць дыск зь фільмам.

«Беларускі відэацэнтар» — візытоўка Міністэрства культуры. І хаця нат у параўнаньні зь не бліскучым «Беларусьфільмам» да відэацэнтра даходзяць крошкі — здабыткамі студыі можна ганарыцца.

Бо ёсьць пра што гаварыць, на што абапірацца, што — і як паказваць.

Фільмы відэацэнтру — сучасны беларускі культурны скарб.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?