На краўдфандынгавай платформе talaka.by ужо тыдзень як распачаты збор сродкаў на экранізацыю апавядання Васіля Быкава «Народныя мсціўцы». У сюжэце фільма распавядаецца пра БССР на мяжы 50-60 гадоў мінулага стагоддзя. Фільм абяцае ўзняць вельмі важкія агульначалавечыя і беларускія тэмы, якія заўсёды закранае ў сваіх творах Васіль Быкаў.

«Чацвёра вяскоўцаў патроху старэюць, хто працуе, хто паціху співаецца, нехта нарэшце сяк-так уладкаваўся ў жыцці, у якім было ўсяго — нядаўняя вайна, папярэдняя калектывізацыя, ссылкі і расстрэлы. Адным цёплым летнім надвячоркам у вёску наведваецца той, каго даўно і з радасцю лічылі зніклым — чэкіст Вусаў. Гэта ён калісьці панаваў тут, ссылаў і рабаваў у гэтых мясцінах, гэта ён катаваў, забіваў бацькоў і братоў галоўных герояў. За гэта яму не было анічога. А цяпер яшчэ, аказваецца, персанальная пенсія, гонар і павага. У нахлынулых успамінах за пляшкай гарэлкі героі вырашаюць адпомсціць чэкісту. І няма нічога меншага, чым смерць, каб расквітацца за тое, што ён зрабіў».

Арганізатары звярнуліся да беларусаў і проста неабыякавых людзей: «Можа, цяпер і не самы ўдалы час для такіх спраў, але чакаць «лепшых часоў» дакладна не варыянт. Усё змяняецца, абставіны, мы з вамі, энтузіязм, з якім ты нешта робіш у юнацтве і маладосці. Таму, спадзяюся, у гэтым годзе, з вашай дапамогай і без занадта вялікіх перашкодаў плануем давесці фільм да паказу ў кінатэатрах, фестывалях інш. Для гэтага патрэбныя, апроч іншага, старыя ці новыя — не важна, але ж грошы. Каб рэальна пачаць карыстацца зборамі з платформы, трэба мінімум 25% ад агульнай сумы і як мага раней, каб пачаць здымаць. У гэтым і патрэбная ваша дапамога. Прычым, акрамя грошай, гэта могуць быць паслугі і рэсурсы».

На сённяшні момант сабрана 18% ад патрэбнай сумы. Агулам камандзе патрэбна 12 000 рублёў (6 тысяч даляраў). Каардынатар праекта Аляксандр Меліхавец падзяліўся з «НН» падрабязнасцямі пра стварэнне экранізацыі твора выбітнага беларускага пісьменніка.

Аляксандр Меліхавец

Аляксандр Меліхавец

«Пачнём з таго, што Быкаў – мой улюбёны пісьменнік. Напрыканцы школы і пасля я перачытаў усе яго творы, публіцыстыку і інш. Ідэя экранізаваць Быкава мяне пераследуе шмат год. У яго есць вельмі кінематаграфічныя творы, я не кажу ўжо пра цікавую тэматыку і ідэі. Для пачатку я выбіраў твор, які б спалучаў у сабе цікавыя ідэі, невялікі аб’ём, каб ён быў не надта цяжкі ў сэнсе пастаноўкі, каб было мажліва здымаць з мікрабюджэтам. Да таго ж, тэму вайны так зацягалі не самыя шчырыя і прафесійныя кінематаграфісты.

Наконт мовы нават не было пытанняў, Быкаў павінен здымацца на мове арыгіналу.

З 2009 года я пачаў сур’ёзна займацца гэтым праектам. У кожнага так бывае, што з цягам часу сыходзіць імпэт, апантанасць, энтузіязм. Але я ўсё ж узяў сябе ў рукі і вырашыў, што адкладаць больш нельга. Так і запусціў краўдфандынгавую кампанію. Каманда праекта неаднаразова змянялася за гады і этапы працы. На сёння большасць акцёраў зацверджаная, цяпер толькі ўдакладняецца склад тэхнічнай групы. Але, безумоўна, ўсё будзе залежаць ад фінансавання таксама.

У каментарах да навін пра збор сродкаў шмат пішуць пра тое, што, маўляў, не лезь, хто ты такі, гэтым павінны займацца прафесіяналы з адукацыяй і бюджэтам. Я згодзен з гэтым. Але ж дзе гэтыя прафесіяналы? Калі хтосьці пасля здыме штосьці лепш, я буду толькі рады. Чакаць я не магу, і так шмат часу прайшло. Трэба рабіць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?