На 85-м годзе пайшоў з жыцця народны паэт Ніл Гілевіч. «Наша Ніва» згадвае важныя старонкі біяграфіі пісьменніка.

Памяняў імя з Нінела на Ніла

Хлопчык у сям’і Сымона Пятровіча і Кацярыны Міхайлаўны Гілевічаў нарадзіўся 30 верасня 1931 года. Бацькі вырашылі назваць сына Нінел (гэта значыць «Ленін» наадварот). У будучыні Гілевіч зменіць гэтае імя на гучнае «Ніл».

Бацька паэта быў старшынёй сельсавета.

Гілевіч расказваў у інтэрв’ю, што ў час акупацыі ў школу практычна не хадзіў. Аднак у рукі тады час ад часу трапляў часопіс «Беларуская школа», дзе хлопец прачытаў верш Алеся Гаруна «Ты, мой брат, каго зваць беларусам, роднай мовы сваёй не цурайся, як не зрокся яе пад прымусам, так і вольны цяпер — не зракайся!». Там жа ён пачаў знаёміцца з паэмай «Новая зямля» Якуба Коласа.

Свой першы верш «Яблынька» напісаў у 1947 годзе 15-гадовым. Нейкі час па вайне працаваў вясковым паштальёнам. А пасля паступіў на вучобу: спачатку ў педагагічнае вучылішча, а пазней — у Педінстытут. Ад 1954 года быў сябрам Саюза пісьменнікаў СССР.

Брат Гілевіча таксама беларускі пісьменнік — Мікола Гіль.

Чым ганарыўся і чаго саромеўся

«Я рабіў слушна (чым і ганаруся), калі ўсё жыццё супрацьстаяў трунарам і далакопам Беларусі, бараніў ад знявагі, здзеку і ўдушэння нашу мову, змагаўся за яе права панаваць на зямлі, дзе ёй было суджана ў глыбіні вякоў прарасці і, церпячы то лютыя маразы, то страшныя засухі, выжыць», — казаў некалі Ніл Сымонавіч у інтэрв’ю «Нашай Ніве».

А чаго са зробленага ён саромеўся? Кажа, што нічога, але няёмкасць адчуваў за верш, напісаны на смерць Іосіфа Сталіна ў 1953 годзе. «Але не магу сказаць, што сорамна, бо я не хлусіў, а на той час сапраўды так думаў, і не ўяўляў, што можна думаць іначай», — расказваў паэт на сустрэчы з чытачамі ў Маладзечне.

Не цураўся палітыкі

Ніл Гілевіч ніколі не цураўся грамадскай актыўнасці. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета (1985—1996). Паэта паважала партыйная наменклатура, гэта дапамагала яму ў прасоўванні «Закона аб мовах». Гілевіч быў старшынёй камісіі, якая займалася выпрацоўкай гэтага закона. 26 студзеня 1990 «Закон аб мовах» быў прыняты і беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай у краіне. Праўда, усяго толькі на пяць гадоў.

Быў адным з стваральнікаў і першым старшынёй Таварыства беларускай мовы, што таксама лічыў адной з найважнейшых справаў свайго жыцця.

На выбарах 2001 года падтрымліваў Уладзіміра Ганчарыка, у 2006 — Аляксандра Казуліна. Выступаў у абарону маладафронтаўцаў, калі на іх пачаўся ціск, бараніў газеты «Народную волю» і «Нашу Ніву», калі ўзнікла ім пагроза ў 2011-м.

Аўтар славутага «Сказа пра Лысую Гару»

У 1975-м свет пабачыла ананімная паэма «Сказ пра Лысую Гару». Падпісаная яна была «Францішак Вядзьмак-Лысагорскі». «Быў час, быў век, была эпоха…», — хто не ведае гэтых радкоў з паэмы.

У «Сказе пра Лысую Гару» не было дысідэнцтва, аднак у нейкім плане твор стаў культавым. У сатырычнай манеры невядомы аўтар апісваў быт пісьменнікаў у дачным пасёлку літаратараў недалёка ад Лысай Гары.

Астрэйка, той, што ў сотнях песняў
Уславіў некалі будан,
За кожнай кроквай клікаў цесляў:
— Ну, злазьце, хлопцы, кроплю дам! 

Стары празаік Аляксееў —
Ён генерал сапраўдны быў:
Не ставіў хаты, град не сеяў —
Склеп-бомбасховішча зрабіў.

Паколькі проза не даецца,
Дык сакратар СП Ткачоў
Уцёк на ўчастак выдавецтва,
Сказаўшы: «Прэч ад стукачоў!»

Вось невялікі ўрывак з гэтага твора. Аўтар не шкадаваў нікога.

У 2003 годзе Ніл Гілевіч нечакана агучыў, што гэты твор напісаў ён. А ідэі для сюжэтаў яму падкідваў Мікола Аўрамчык. Сам Аўрамчык вельмі пакрыўдзіўся на такія словы. Ён сцвярджае, што гэты твор яны пісалі разам з Гілевічам. Вось так была раскрытая адна з найбольшых загадак беларускай літаратуры.

Напісаў усімі любімыя хіты

Але найперш Ніл Гілевіч — гэта цудоўны паэт. Аўтар рамана ў вершах «Родныя дзеці». Хто не ведае такія вершы Ніла Гілевіча, як «Вы шуміце бярозы» («А я лягу-прылягу»):

Ці «І усё ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі!»

За векам век плыве-цячэ,
А мы ідзем, ідзем… I што ж?
О, як далёка нам яшчэ
Да Беларусі!

Ужо няўсцерп нам крыж пакут,
I мы крычым, крычым, але —
Не дакрычаліся пакуль
Да Беларусі.

А можа быць, яна — міраж,
I ўсе мы трызнім? Бо чаму ж
Не далятае голас наш
Да Беларусі?

Відаць, пракляцця знак ляжыць
На нас ад роду, і таму
Так цяжка шлях нам церабіць
Да Беларусі.

Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?