У аўторак Полацкі гарадзкі разглядаў крымінальную справу моладзевай актывісткі Кацярыны Салаўёвай.

Абвяшчэньне прысуду Аляксею Янушэўскаму адклалі на сераду на 10.30, і хлопца вызвалілі

17:45 Суд вынес рашэньне: 50 базавых велічыняў штрафу (1 млн 750 тыс. рублёў), Рашэньне можа быць абскараджанае цягам дзесяці дзён у Віцебскім абласным судзе.


Аляксей Янушэўскі, фота мабільным тэлефонам Паўла Батуева

17:10 Тым часам судзілі Аляксея Янушэўскага. Яго абвінавацілі паводле арт. 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавага мерапрыемства або пікетаваньня). Прысуд будзе таксама абвешчаны а 17:30.

Настрой у Аляксея паганы, кажа, што, напэўна, дадуць суткі.

Нагадаем, што хлопец быў затрыманы раніцай падчас акцыі, праведзенай у знак салідарнасьці з Касяй Салаўёвай.

16:47. Стала вядома, што заўтра, а 17-й, Кася выклікана на допыт у міліцыю (старшы дазнавацель -- Афіцэраў).

Павал Севярынец у гутарцы з карэспандэнтам nn.by выказаў здагадку, што ў дачыненьні да дзяўчыны адноўлена крымінальная справа паводле арт. 370 КК РБ (зьнявага дзяржаўных сымбаляў).

Нагадаем, што 30 кастрычніка 2007 г. невядомыя сарвалі чырвона-зялёны сьцяг з даху Полацкай пракуратуры, падзёрлі яго на часткі і прывязалі да дзьвярэй. Была заведзена крымінальная справа паводле арт. 370, Кася праходзіла па ёй як падазраваная, але потым справу прыпынілі.

16:05 Паводле папярэдняй інфармацыі, павезьлі судзіць Аляксея Янушэўскага, затрыманага сёньня ля сьценаў гарадзкога суда.

13.15 У працэсе аб’яўлены прыпынак да вечару. Прысуд будзе абвешчаны ў 17:30.

Сказала апошняе слова Кацярына Салаўёва. Выступілі пракурор і адвакат.

У сваім апошнім слове Кацярына Салаўёва сярод іншага заявіла:

«Што да таго, ці прызнаю я сваю віну, то калі жаданьне адрадзіць беларускую мову, культуру, стварыць у краіне рынкавую эканоміку і каб праходзілі сумленныя выбары, лічыць крымінальным парушэньнем, то я сапраўды вінаватая і прызнаю сваю віну».

Спн. Кацярына таксама дадала, што арганізацыя, якая вызнае хрысьціянскія каштоўнасьці, ня можа насіць разбуральны харакатар.

Пракурор Коласава сказала, што дзейнасьць падсуднай у незарэгістраванай арганізацыі цалкам даказаная, што падсудная сваю віну прызнала, пацьвердзіла, што зь лістапада 2007 па сёньняшні дзень зьяўляецца сябрам «Маладога фронту», ведае пра мэты і задачы арганізацыі, а таксама прызнала, што распаўсюджвала літаратуру, дзе былі пазначаныя ейныя кантакты, і выказвае нязгоду толькі зь юрыдычнай часткай артыкулу.

Зьмякчальнай акалічнасьцю пракурор назвала прызнаньне падсуднай сваёй віны, а таксама тое, што яна ўпершыню прыцягваецца да крымінальнай адказнасьці.

У якасьці пакараньня пракурор Коласава запатрабавала прызначыць Салаўёвай 200 базавых велічынь штрафу (7 млн рублёў).

У сваім выступе адкават Аляксандар Галіеў сказаў, што дзеяньні, якія падпадаюць пад артыкул, па якім судзяць Салаўёву, не нясуць грамадзкай небясьпекі. Ён адцеміў, што «Малады фронт» неаднаразова падаваў у Міністэрства юстыцыі дакумэнты на рэгістрацыю, але яму было адмоўлена без падставаў.

Адвакат зьвярнуў увагу на тое, што ў статуце арганізацыі няма дэструктыўных палажэньняў, а толькі інтарэсы нацыянальнага адраджэньня.

Камэнтуючы канфіскаваныя тэкставыя матэрыялы, Галіеў зазначыў:

«Нам не паставілі ў віну толькі паэзію Быкава».

Пры канцы, ён падкрэсьліў, што цікавасьць да гэтай справы праяўляе мноства людзей, і вынясеньне прысуду будзе сьведчыць пра дэмакратычную, нацыянальную і маральную сьпеласьць грамадзтва.

Што да згаданага графіці, які Салаўёва наносіла на будынак гарвыканкаму, то адвакат зьвярнуў увагу, што падсудная ўжо была пакараная за гэтае парушэньне адміністрацыйнай адказнасьцю, а караць за адно і тое ж парушэньне двойчы няможна.

Галіеў прасіў суд, калі той вырашць вынесьці абвінаваўчы прысуд, не караць дзяўчыну ніякім чынам.

У часе правядзеньня судовага паседжаньня пад вокнамі суду праходзіла акцыя з удзелам пары дзясяткаў чалавек.

Сабраныя разгарнулі расьцяжку з надпісам «Малады фронт». Міліцыяй быў затрыманы адзін з удзельнікаў акцыі — Аляксей Янушэўскі.

12.30 Пасьля кароткага перапынку, абвешчанага ў паседжаньні, пачнуцца судовыя спрэчкі.

Да гэтага часу апыталі сьведак: дзьвюх студэнтак, якія разам зь ёй жылі ў пакоі, і дзяжурную інтэрнату.

Абвінавачваньні грунтуюцца на ператрусе ў інтэрнаце, канфіскаваных там улётках, газэтах, рукапісным дзёньніку.

У прыватным дзёньніку спн. Салаўёвай мясцовыя сышчыкі знайшлі, між іншага, запіс: «Я зраблю ўсё магчымае, каб зьнішчыць гэты рэжым».

11:30 Пачаўся допыт сьведкаў

11:05 У выглядзе выключэньня ў залю пусьцілі Луіса Крышака, першага сакратара амэрыканскага пасольства, а таксама бацькоў Салаўёвай.

У залі таксама знаходзяцца Аляксандар Мілінкевіч, Іна Кулей, праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч. Усяго — 12 чалавек.

10:40 Перад пачаткам паседжаньня міліцыянт абвесьціў сабраным, што судзьдзя Калесьнік шукае большую залю.

Аднак а 10:30 працэс без дадаковага аб’яўленьня пачаўся ў малой залі, разьлічанай на 15 чалавек. У выніку на яго ня змог патрапіць ня тое што ніводны журналіст, але нават маці падсуднай Алена Салаўёва.

* * *

Кацярыну Салаўёву абвінавачваюць у парушэньні арт. 193‑1 Крымінальнага кодэксу РБ «Удзел у незарэгістраванай арганізацыі» («Малады фронт»).

Паводле гэтага артыкулу ўжо судзілі дзесяць «маладафронтаўцаў», але толькі Зьміцер Дашкевіч трапіў за краты, астатнія абмяжоўваліся штрафамі і папярэджаньнямі. Максымальная санкцыя па артыкуле 193 — два гады турмы.

Першапачаткова суд над Салаўёвай мусіў адбыцца 27 сакавіка, але быў перанесены амаль на два тыдні. Справа ў тым, што 25 Сакавіка падчас сьвяткаваньня ў Менску Дня Волі Кася была затрыманая і асуджаная на 5 сутак арышту. Суд быў перанесены з простай прычыны — адсутнасьць абвінавачанай.

Ураджэнку вугорскага Вэспрэму Касю Салаўёву 23 студзеня 2008 г. выключылі з Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дзе яна навучалася на 2‑м курсе гісторыка‑філялягічнага факультэту. Адвакатам на працэсе будзе выступаць Аляксандар Галіеў.

Між іншым, 9 сакавіка Касі Салаўёвай споўнілася 20 гадоў.

Зьміцер Панкавец

Фотарэпартаж Уладзя Грыдзіна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0