Барыс Хамайда

Паводле рашэньня судзьдзі Чыгуначнага райсуду Рамана Дзягоды, апазыцыянэр прызнаны ўдзельнікам несанкцыянаванай акцыі, якая адбылася ў Віцебску 25 сакавіка.

У якасьці сьведкаў у суд былі выкліканыя толькі міліцыянты, якія затрымлівалі Барыса Хамайду.

Яго затрымалі за тое, што выйшаў да так званага «сіняга дому» — дому № 28 па вуліцы Леніна ў Віцебску — зь бел‑чырвона‑белым шалікам на шыі. Разам зь ім у міліцыю Чыгуначнага раёну павезьлі віцебскую актывістку Алену Залескую, якая таксама была ў бел‑чырвона‑белым шаліку, і прадстаўніцу БСДП «Грамада» Антаніну Піванос, якая выйшла да «сіняга дому» зь белым ручніком, на якім уласнаручна вышыла чырвонымі ніткамі малітву «Ойча наш».

Спадарыні Залеская і Піванос былі пакараныя паводле рашэньня таго самага судзьдзі Рамана Дзягоды грашовымі штрафамі яшчэ 25 сакавіка, а Барыс Хамайда запатрабаваў у суд перакладчыка, і працэс быў перанесены.

Сёньня ў якасьці перакладчыка на суд была выкліканая настаўніца беларускай мовы сярэдняй школы № 27, але на пачатку працэсу Барыс Хамайда выступіў з хадайніцтвам пра адхіленьне судзьдзі, якому ён не давярае. Хадайніцтва не было задаволенае. Тады Барыс Хамайда адмовіўся даваць паказаньні, і судзьдзя зачытаў пастанову пасьля апытаньня сьведкаў і разгляду рэчавых доказаў.

Шалікі ў нацыянальных колерах і ручнік з вышытай на ім малітвай суд пастанавіў канфіскаваць на карысьць дзяржавы.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0