23 красавіка 2006 г. у свята Божай Міласэрнасці ў парафіі св. Ганны ў в. Мосар адбылося ўрачыстае асвячэнне пяціметровай фігуры Хрыста, што была ўстаноўлена на парафіяльных могілках. Асвячэнне здзйсніў кс. Андрэй Сіповіч — пракуратар Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.

Аўтарам ідэі ўстанаўлення на могілках фігуры Хрыста незвычайных памераў з’яўляецца кс. пралат Юзаф Булька — пробашч мосарскага «санктуарыя прыгажосці». Задуму аўтара рэалізавалі напрыканцы мінулага лета скульптары з Полацка, аднак датаю асвячэнне было свядома выбрана свята Божай Міласэрнасці.

На працягу апошніх дзён вернікі Мосарскай парафі рыхтаваліся да ўрачыстасці асвячэння, кожны дзень молячыся ў касцёле Навэнну да Божай Міласэрнасці. А ў свята Божай Міласэрнасці а 17-й гадзіне сабраліся разам на могілках, каб удзельнічаць у св. Імшы, пачас якой і адбылося ўрачыстае асвячэнне. Кс. Андрэй у казанні нагадаў парафіянам і гасцям пра тое, што ўваскрослы Езус адорвае кожнага сваім супакоем і благаслаўленнем, аднак каб чалавек мог прыняць гэты дар, ён павінен мець моцную веру і быць адкрытым на Божую міласэрнасць, якая найбольш праяўляеца ў сакрамэнтах паяднання і Эўхарыстыі.

Устаноўленая на могілках фігура Хрыста з разведзенымі рукамі, скіраваная тварам у напрамку касцёла, патанаючы ў промнях заходзячага сонца ў атачэнні шматлікіх запаленых знічоў, якія вернікі прынеслі на магілы сваіх памерлых, нагадавала пра еднасць жывых і памерлых, еднасць, якая існуе ва уваскрослым Хрысце.

Тэкст і фота catholic.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0