Міністэрства фінансаў Беларусі апублікавала фінансавыя справаздачы адкрытых акцыянерных таварыстваў краіны за 2014 год. Апроч таго, інфармацыю пра сваю фінансавую сітуацыю прадаставілі кампаніі, якія выпускалі аблігацыі. Нарэшце, Нацбанк публікуе справаздачы банкаў краіны.

На падставе гэтых звестак «Наша Ніва» склала топ-20 самых прыбытковых кампаній з адкрытай справаздачнасцю.

Для зручнасці ўспрымання лічбаў сумы пераведзеныя ў даляры па леташнім сярэднім курсе.

«Беларуськалій» зноў стаў самай прыбытковай кампаніяй краіны. У 2013 годзе праз скандал на калійным рынку салігорская кампанія адкацілася на трэцяе месца, аднак цяпер прыбытак вырас у 4,5 разу.

Гэта дазволіла абыйсці нафтаперапрацоўчыя заводы ў Мазыры і Наваполацку. Дарэчы, іх вынік працы таксама істотна палепшыўся за год.

Банк развіцця Беларусі на чале з Сяргеем Румасам — установа праз якую пракачваюцца бюджэтныя грошы на дзяржаўныя праграмы. Фінансісту удаецца дэманстраваць добрыя лічбы год за годам.

Услед ідуць адзін за адным адразу некалькі банкаў. Наперадзе два дзяржаўныя, аднак і прыватнікі не адстаюць. Фактычна «Прыёрбанк» можна лічыць самай прыбытковай кампаніяй з адкрытай справаздачнасцю.

Гэтае званне мусіў мець «Еўрагандаль» (гандлёвая сетка «Еўраопт»). За першыя тры кварталы прыбытак сеткі крамаў перавышаў $125 мільёнаў, прычым лічбы дэманстравалі пазітыўную тэндэнцыю. Аднак у чацвёртым квартале кампанія не была эмітэнтам аблігацый, таму і не прадастаўляла справаздачнасць. Значыцца, у спісе яе зусім няма.

Сярод прыватных кампаній, якія прынеслі вялікі даход сваім уласнікам, разгалінаваная бізнэс-імперыя Юрыя Чыжа і малочная вытворчасць Аляксандра Машэнскага. Іхнія «Трайпл» і «Савушкаў прадукт» на дваіх зарабілі больш за $100 мільёнаў.

Кампанія Прыбытак
1 Беларуськалій 696,8
2 Мазырскі НПЗ  317,9
3 Нафтан  193,2
4 Банк развіцця Беларусі  163,2
5 Беларусбанк 162,9
6 Белаграпрамбанк 114,4
7 Прыёрбанк 92,8
8 БПС-Cбербанк  88,7
9 Белгазпромбанк  75,1
10 Трайпл  64,5
11 Мінскэнерга  58,2
12 Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» 57,9
13 Гомельтранснафта Дружба  55,8
14 Банк БелВЭБ  49,5
15 Савушкаў прадукт  40,8
16 Віцебскэнерга  37,7
17 Белiнвестбанк  36,3
18 МАПІД  35
19 Брэстэнерга 33,2
20 Гомельэнерга 31,9

Лічбы ўказаныя ў мільёнах даляраў.

На адваротным баку рэйтынгу прамысловыя гіганты. МАЗ, МТЗ і «Атлант» разам прынеслі катастрафічныя $324 мільёны чыстых стратаў.

Для мільянера Аляксандра Шакуціна год таксама склаўся няўдала. Ягоная кіраўнічая кампанія холдынга «Амкадор» прынесла $9,3 мільёна чыстых стратаў.

Сярод прыватнікаў горшая сітуацыя толькі ў замежнай «Маскоўскай інвестыцыйнай будаўнічай кампаніі» (-$10,6 мільёна).

Кампанія Страты
1 МАЗ  -153
2 МТЗ  -90,4
3 Атлант  -80,6
4 БМЗ  -63,5
5 Гомсельмаш -45,7
6 Гомельшкло  -25,6
7 БелВітуніфарм -23,8
8 Светлагорскі ЦКК -22
9 Барысаўскі мясакамбінат  -20,8
10 Слуцкі сырадзельны камбінат  -18,8

Лічбы ўказаныя ў мільёнах даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?