Дэкларацыі аб даходах беларускіх чыноўнікаў па-ранейшаму не будуць даступныя грамадскасці. Распрацоўшчыкі закона «Аб барацьбе з карупцыяй» праігнаравалі прапановы аб ўвядзенні абавязковай публікацыі такіх дакументаў у прэсе.

«Мне здаецца, што гэта не зусім этычна», — заявіў падчас выступу ў палаце прадстаўнікоў генеральны пракурор Аляксандр Канюк. «Навошта гэта рабіць? Задавальняць абывацельскую цікавасць пра тое, у каго што ёсць?» – тлумачыў ён сваю пазіцыю, якая карэнным чынам адрозніваецца ад агучанага меркавання Аляксандра Лукашэнкі.

Генеральны пракурор Аляксандр Канюк.

Генеральны пракурор Аляксандр Канюк.

«Народ павінен ведаць, як жывуць чыноўнікі і іх сваякі, адкуль грошы і ўласнасць у гэтых людзей, – заяўляў кіраўнік дзяржавы на нарадзе аб удасканаленні заканадаўства па барацьбе з карупцыяй. – Гэта, па-мойму, нармальная міжнародная практыка».

«Наша Ніва» спрабуе скласці публічную дэкларацыю аб маёмасці Аляксандра Канюка і яго сям’і. Зрэшты, беларускія чыноўнікі і цяпер прадастаўляюць у падатковую інспекцыю дэкларацыі блізкіх сваякоў.

Нагадаем, Канюк нарадзіўся ў Гродне, аднак з’ехаў адтуль яшчэ ў юнацтве. Пасля вучобы на юрыдычным факультэце БДУ і некалькіх гадоў службы ў вайсковых трыбуналах у Казахстане і Афганістане ён у 1987 годзе асеў у Мінску.

На той момант у сям’і Аляксандра і Святланы Канюкоў падрастаў сын Уладзімір (ён трагічна загінуў у 2004). Праз год пасля вяртання ў Беларусь нарадзіўся малодшы, Дзмітрый.

Як работнік вайсковага суда, Канюк пасяліўся з сям’ёй у трохпакаёўцы на вуліцы Рагачоўскай у Вайсковым гарадку за Уруччам (цяпер мікрараён Вялікі Лес). Мы не маем інфармацыі, ці гэта было службовае жыллё, аднак цяпер яно не знаходзіцца ў дзяржаўным фондзе.

У пачатку 2010-х Канюкі вырашылі пабудаваць новае жыллё, аднак раён пражывання змяняць не хацелі. Яны ўклалі грошы ў будоўлю кватэры з вокнамі на праспект Незалежнасці. Ад дома па адрасе Ложынская, 5 да станцыі метро «Уручча» – літаральна 100 метраў.

Дом на Ложынскай, выгляд з праспекта Незалежнасці. Фота Сяргея Гудзіліна.

Дом на Ложынскай, выгляд з праспекта Незалежнасці. Фота Сяргея Гудзіліна.

25-павярховы будынак узводзіла прыватнае ААТ «10 УНР-інвест». Гэта не дом павышанай камфортнасці, але нейкія праявы высокага ўзроўню жыцця у ім ёсць – напрыклад, тры фінскія ліфты і кансьерж ў пад’ездзе. Апроч таго, дом энергаэфектыўны. Забудоўшчык запэўніваў, што за ацяпленне жыхары будуць плаціць у 3-4 разы менш, чым налічваецца ў іншых дамах.

Для таго, каб займець кватэру ў доме па Ложынскай, трэба было купіць аблігацыі на адпаведную колькасць квадратных метраў. Кожная аблігацыя каштавала каля $1400. Такім чынам, за двухпакаёўку плошчай 60 м2 Канюкі маглі заплаціць каля $85 тысяч. Зрэшты, праз хаос з курсамі падчас валютнага крызісу і магчымую разбіўку плацяжоў на розныя месяцы зрабіць дакладны падлік кошту кватэры немагчыма.

Дом здаваўся без аддзелкі – усталяваны толькі ўнітаз, – таму ўвесь рамонт Канюкі рабілі з нуля.

Кватэра была здадзена ў эксплуатацыю ў чэрвені 2012 года. На той момант Канюк ужо стаў генеральным пракурорам. Нерухомасць зарэгістраваная на яго жонку Святлану. Апошнія гады яна на пенсіі.

На дадзены момант кватэры ў доме прадаюцца па цане ад $1915 за квадратны метр. Такім чынам, жыллё генеральнага пракурора цяпер каштуе каля $110-115 тысяч.

Жыхары дома маюць цяжкасці з паркоўкай – свабодных месцаў для аўто катастрафічна не хапае. Праблему мог вырашыць падземны паркінг, але машынамесца ў ім каштавала $16 тысяч. На такую інвестыцыю рашыліся нямногія, Канюкі таксама не сталі ўкладаць дадатковыя грошы.

Неўзабаве пасля засялення ў новую кватэру генеральнаму пракурору выдзелілі яшчэ і ўчастак для будаўніцтва ў Вяснінцы («Дразды-2»). Зямля была атрыманая праз рашэнне Мінгарвыканкама №2931 ад 21 верасня 2012 года.

«Суседнімі» рашэннямі за той жа дзень зямля дасталася доктару Алегу Румо і міністру працы Марыяне Шчоткінай, аднак іх пасялілі ў глыбіні пасёлка.

Канюку ж дасталася першая берагавая лінія. Ягоныя 15 сотак цалкам знаходзяцца ў водаахоўнай зоне вадасховішча Дразды.

Будучы від з вокнаў генеральнага пракурора.

Будучы від з вокнаў генеральнага пракурора.

Такога ж «гонару» ўдастоіліся самыя высокія чыноўнікі Надзея Ермакова, Мікалай Ладуцька, Сяргей Румас. Яшчэ раней на беразе жылі сябры Аляксандра Лукашэнкі – бізнэсмен Аляксандр Шакуцін, тэнісны трэнер Сяргей Цяцерын, былы біятланіст Сяргей Булыгін.

Фармальна праваўласнікам гэтых 15 сотак па-ранейшаму лічыцца дзяржава, аднак Канюк яе атрымаў па праве пажыццёвага спадчыннага валодання.

Рыэлтары не праводзяць ацэнкі «чыноўніцкіх» катэджаў, аднак цана чыстага ўчастку пад будаўніцтва дома ў Вяснінцы складае $300-600 тысяч. Для першай берагавой лініі яна, зразумела, будзе вышэйшай.

Гатовыя катэджы з аздабленнем у суседніх Драздах спрабуюць прадаць за $1,5-2 мільёны, аднак цана выглядае завышанай, бо аб’явы аб продажу застаюцца ў базах рыэлтарскіх агенцтваў больш за год.

Зрэшты, пакуль што Канюк будоўлю ў Вяснінцы не пачынаў. Пляцоўка пад дом выраўненая і расчышчаная, але не больш за тое.

Прыбярэжны ўчастак у Драздах пакуль стаіць пустым.

Прыбярэжны ўчастак у Драздах пакуль стаіць пустым.

 

* * *

Аляксандр Канюк

Нар. у 1960 у Гродне. Скончыў БДУ (1982). Служыў камандзірам мотастралковага ўзводу Беларускай вайсковай акругі ў Барысаве (1982-1984), судовым сакратаром у Кызыл-Ардзінскай вобласці ў Казахстане (1984-1985), судовым сакратаром і старэйшым судовым сакратаром у Кабуле (Афганістан) (1985-1987).

З 1987 – член вайсковага трыбунала Мінскага гарнізона, з 1993 — суддзя Беларускага вайсковага суда, з 1997 — суддзя і старшыня Мінскага міжгарнізоннага вайсковага суда. З 2006 — суддзя і старшыня Беларускага вайсковага суда. З 2009 года — намеснік старшыні, старшыня вайсковай калегіі Вярхоўнага Суда. З верасня 2011 — генеральны пракурор.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?