Андрэй Хадановіч упершыню праспяваў беларускую версію «Муроў» на марознай Плошчы-2010. Гэта пераклад аднаго з хітоў часоў польскай «Салідарнасці» у выкананні Яцка Качмарскага (арыгінал можна паслухаць тут).

У сваю чаргу, песня Качмарскага была пераспевам песні на каталонскай мове Люіса Льяка, якая была гімнам змагання з дыктатурай Франка.

Беларускі перакладчык і выканаўца гэтай песні мяркуе, што яна пасуе і да іншай гістарычнай падзеі — падзення Берлінскай сцяны. 9 лістапада споўнілася 25 гадоў з таго дня, як тая сцяна ўпала. «Мяркую, што з гэтым фактам варта павіншаваць усіх беларусаў», — зазначыў Андрэй з нагоды прэм’еры cтудыйнай версіі гэтай песьні на Tuzin.fm.

Песня была запісана на берасцейскай студыі «Паветра». Да запісу трэка спрычыніліся: Віталь Эпаў і Любоў Эпава (клавішы і аранжыроўка), Андрэй Еўдакімаў (гітара), Аляксандр Буцько (акардэон), Андрэй Багданаў (запіс, звядзенне, майстарынг)

Андрэй Хадановіч запісаў цэлы дыск на ўласныя пераклады Яцка Качмарскага, які нядаўна выйшаў у Польшчы. Яго прэзентацыя адбудзецца 12 лістапада ў менскай кнігарні «логвінаЎ».

Муры

Ён быў натхнёны і малады,
Іх незлічона было.
Ён на плошчы вёў гарады
З песняй, што блізка святло.

Разбуры турмы муры!
Прагнеш свабоды — то бяры!
Мур хутка рухне, рухне, рухне —
І пахавае свет стары!

І запальвалі свечкі яму,
Плыў па-над плошчаю дым.
Ён спяваў: зруйнуем турму!
Яны спявалі за ім:

Разбуры турмы муры!
Прагнеш свабоды — то бяры!
Мур хутка рухне, рухне, рухне —
І пахавае свет стары!

Ведалі словы на памяць — і спеў
Неслі па вуліцах так,
Што кроў кіпела і гнеў кіпеў,
І сэрцы стукалі ў такт.

Разбуры турмы муры!
Прагнеш свабоды — то бяры!
Мур хутка рухне, рухне, рухне —
І пахавае свет стары!

Білі ў сто тысяч далоняў — і рытм
Ворагаў біў напавал.
Ішлі на муры ва ўсім свеце старым…
А ён усё граў і спяваў.

Разбуры турмы муры!
Прагнеш свабоды — то бяры!
Мур хутка рухне, рухне, рухне — 
І пахавае свет стары!

Так паўстаў шматтысячны рух,
Воінаў цэлая раць,
Можна помнікі зносіць і брук
На камяні разбіраць.

Разбуры турмы муры!
Прагнеш свабоды — то бяры!
Мур хутка рухне, рухне, рухне —
І пахавае свет стары!

Кожны адчуў — прыйшоў яго час
Сілы аддаць барацьбе:
Хто не з намі — той супраць нас!..
Спявак быў сам па сабе.

Разбуры турмы муры!
Прагнеш свабоды — то бяры!
Мур хутка рухне, рухне, рухне —
І пахавае свет стары!

Глядзеў, як шчыльныя рады
З ягонай песняю ідуць,
А песня глухне, глухне, глухне…
А муры растуць, растуць…

Разбуры турмы муры!
Прагнеш свабоды — то бяры!
Мур хутка рухне, рухне, рухне —
І пахавае свет стары!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?