У 2015 годзе царкве ў вёсцы Чарацянка, што пад Гомелем, спаўняецца 150 гадоў. За гэты час храм перажыў усе навальніцы і віры гісторыі, але цяпер рызыкуе не дачакацца свайго юбілею: працякае дах, мур у расколінах, павывальваліся вокны… Талковага рамонту не было ўжо болей за паўстагоддзя, асноўная прычына, як заўсёды, празаічная – няма грошай.

У вёсцы жыве блізу 600 жыхароў, паспяхова працуе мясцовае прадпрыемства, але даць рады праблеме ніхто не спрабуе. Убаку застаюцца і ўлады. Грамадскі актывіст з Гомеля Кастусь Жукоўскі абураецца: «Уладу не цікавіць царква, якая па сваёй архітэктуры не мае роўных ва ўсім Гомельскім раёне! Гэта амаль адзіны помнік архітэктуры 19 стагоддзя, які застаўся некрануты і не перабудоўваўся цалкам у савецкія часы пад канюшню ці гумно. Ва ўлады «няма грошай». Таму царква павінна згінуць, як сотні цэркваў па ўсёй Гомельшчыне?»

Але ўсё ж знайшліся людзі, якія хочуць уратаваць храм ад занядбання і разбурэння. Гэта нешматлікія вернікі з тамтэйшым святаром, вернікі і грамадскія актывісты, прадстаўнікі розных ініцыятыў і арганізацый з Гомеля («Хопіць піць – трэба жыць!», «Талака» і інш.). У планах гэтых неабыякавых беларусаў правядзенне інфармацыйна-культурніцкага летніка ў Чарацянцы, каб нагадаць жыхарам пра гаротны стан царквы, інфармацыйная кампанія, накіраваная на збор сродкаў праз СМІ і звароты да прадстаўнікоў буйных прадпрыемстваў і прыватнага бізнесу Гомельшчыны.

Па словах Кастуся Жукоўскага, «калі кожны жыхар сельсавета, які ўжывае алкаголь, замест набыцця бутэлькі гарэлкі (50 тысяч) грошы пералічыць на рахунак царквы, то праблема з рамонтам будзе вырашаная».

Бліжэйшае валанцёрскае мерапрыемства мае назву «Талака-вандроўка па Гомельшчыне» і адбудзецца 24 траўня.

У папярэдняй праграме вандроўкі:

- Вандроўка ў вёскі Чарацянка, Пракопаўка, Маркавічы, Гадзічава;
- Прыборка і ўпарадкаванне тэрыторыі вакол царквы ў вёсцы Чарацянка;
- Этнаграфічны квэст «ЧАРЫ ЧАРАцянкі» на тэрыторыі в.Чарацянка;
- Наведванне рэштак старога парку і шляхецкай сядзібы ў в. Пракопаўка і царквы ў в. Гадзічава;
- Пасядзелкі з музыкамі каля вогнішча.

Арганізатары раяць удзельнікам мець з сабой кубак, відэлец, працоўную вопратку і добры настрой. Далучыцца да мерапрыемства, а таксама зрабіць свой чынны ўнёсак у справу выратавання царквы, можа кожны ахвочы!

Падрабязнасці пра вандроўку 24 траўнятут  і па тэлефоне: +37529 329 61 69 (Кастусь)

Рэквізіты для ахвяраванняў на рамонт храма:

Прыход Успення Прасвятой Багародзіцы Гомельскай епархіі Беларускай праваслаўнай Царквы 247017 Гомельская вобласць, Гомельскі раён, в.Чарацянка, вул. Перамогі, 2

р/р 3015038175494 у ЦБУ № 305 філіяла № 302 ААТ «АСБ Беларусбанк», МФО 151501664 г. Гомель, вул. Барыкіна, 94 УНП 400226754

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?