Падлікі даюць розныя лічбы. Польскі гісторык Веслаў Кабан кажа пра 55% сялян сярод паўстанцаў. (Ён аналізуе спісы сялян, сасланых у Сібір).
У нашай гістарычнай навуцы прынятыя за аснову падлікі гісторыка Сусаны Самбук: 18% сялян сярод паўстанцаў. З іх 33% прыходзіліся на Гарадзеншчыну, 27% на беларускія паветы Віленскай губерні, 20% на Мінскую, 13% на Магілёўскую, 7% на Віцебскую.
Яшчэ адзін крытэр — сацыяльнае паходжанне паўстанцаў, пакараных смерцю. З 180 асоб з тэрыторыі сённяшняй Беларусі, Літвы і Беласточчыны 43 — сяляне, што складае каля 24%.
Але ўсе лічбы недакладныя. Бо спецыяльны царскі цыркуляр дазваляў не караць сялян, якія на судзе паказвалі пакаянне, гаварылі, што ўдзельнічалі ў паўстанні пад прымусам. Не можа наяўная статыстыка і паказаць сітуацыю ў кожным з дзеючых атрадаў. І апошняе: немагчыма вызначыць, колькі сялян было забіта і паранена ў сутычках. Іх імёны зніклі разам з імі.
Пішуць пра дапамогу сялянаў уладам. Але пра тое, што сяляне, якія выдавалі паўстанцаў, атрымлівалі за гэта грошы, звычайна «забываюць».
Каб стварыць максімальна блізкую да рэчаіснасці 1863га карціну падзей, трэба ўлічваць факты падтрымкі сялянамі як паўстанцаў, так і расейскіх уладаў. І адказаць на пытанне: чаму так адбывался. Паспрабаваць зірнуць на падзеі вачыма тутэйшага селяніна, якому былі далёкія як ідэя «аднаўлення Рэчы Паспалітай», так і змаганне з «польскай інтрыгай».
Нам вядомыя імёны сялян, пакараных смерцю ў межах сучаснай Беларусі. Паспрабуем пабачыць паўстанне праз іх лёсы.
Дэзерцір Адамовіч
15 чэрвеня 1863 у Брэсце быў расстраляны збеглы з войска Станіслаў Адамовіч. Адамовіч паходзіў з сям’і збяднелага шляхціча Люцынскага павета Віцебскай губерні, які ў часы разбору шляхты не здолеў пацвердзіць свае правы і быў залічаны да сялян.
Адамовіча забралі ў салдаты, ён неаднаразова збягаў — беспаспяхова. Пашанцавала толькі ў 1863м, падчас маршу яго Мурамскага палка пяхоты паміж Варшавай і Гроднам.
Ён далучыўся да паўстанцаў, браў удзел у нападзе на пінскі паштовы экіпаж, спаленні моста праз Ясельду, у захопе Пружанаў і забойстве двух салдат інваліднай каманды.
Пасля разгрому атрада Адамовіч быў схоплены і павінен быў атрымаць 11 гадоў катаргі. Але Мураўёў уласнаручна змяніў прысуд на расстрэл.
За што жорсткі прысуд шараговаму дэзерціру? Мураўёў, відаць, разумеў, што дысцыпліну ў войску неабходна трымаць любым коштам. Войска ж складалася з рэкрутаваных сялян, да якіх паўстанцы ўвесь час шукалі падыход... Гэтым абумоўлены і жорсткі прысуд часова звольненаму драгуну Яну Жмачынскаму, які быў расстраляны ў Мінску.
Букет ад Камілы
32-гадовы Жмачынскі належаў да ліку «вольных людзей» на землях графа Эмерыка Чапскага ў Мінскай губерні. У 1855—1859 ён служыў у Лейбдрагунскім маскоўскім палку, пасля быў часова звольнены. З пачаткам паўстання на Міншчыне ўступіў у атрад Антона Трусава, які напярэдадні паўстання ўзначальваў грамадзянскую адміністрацыю Мінскага ваяводства. Трусаў насіў сялянскую світку і казаў, што яго мэта — «дасягнуць роўнасці ў класах народа».
У складзе атрада Жмачынскі знаходзіўся ўсяго два тыдні: у баі каля вёскі Сініла ён і яшчэ сямёра паўстанцаў (шэсць чыноўнікаў мінскага суда і адзін кантаніст [габрэйскі хлопчык, забраны ў рэкруты]) трапілі ў палон. Падчас следства Жмачынскі намагаўся ўратаваць сябе: казаў, што яго напаілі гарэлкай і завялі ў лес, дзе, баючыся за сваё жыццё, ён прысягнуў на вернасць паўстанню.
Суд даў яму 6 гадоў катаргі. Але Мураўёў уласнаручна змяніў прысуд на расстрэл.
Як апісвалі відавочцы, калі Жмачынскага вялі на страту, «дваранка Каміла Марцінкевіч, якая займалася навучаннем дзяцей, кінула з акна злачынцу букет кветак, патлумачыўшы пазней, што яна заўсёды зрабіла б гэта. Дзяўчына Марцінкевіч ёсць тая самая, якая ў 1861 г. першая заспявала рэвалюцыйны гімн і з акна яе кватэры ў час прагулкі быў абліты з урыльніка губернатар Келер». Так, Каміла Марцінкевіч — дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
Швейк 1863-га
Яшчэ адзін салдат — 41-гадовы Юзаф Урбановіч — быў растраляны ў Гродне праз чатыры дні пасля павешанага ў Вільні Кастуся Каліноўскага.
Урбановіч нарадзіўся ў вёсцы Дзвір Новааляксандраўскага павета на тэрыторыі сённяшняй Літвы. У расейскім войску ён быў конюхам Капорскага палка пяхоты. Калі яго полк знаходзіўся ў мястэчку Пільвішкі Аўгустоўскай губерні, Урбановіч запатрабаваў сабе стрэльбу для абароны ад магчымага нападу паўстанцаў. Атрымаўшы яе, у той жа дзень збег і далучыўся да атрада Калыскі. Тры месяцы Урбановіч змагаўся супраць расейскіх войскаў, пакуль у адной з сутычак не быў схоплены.
На допытах ён не назваў ні прозвішчаў паўстанцаў, ні прозвішчаў тых, хто ім дапамагаў. Ваеннаследчая камісія прыгаварыла Урбановіча да расстрэлу, але хадайнічала «аб змякчэнні Урбановічу пакарання па абсалютнай яго разумовай неразвітасці». Аднак Мураўёў не саступіў і тут.
Расстрэл Урбановіча апісаў расійскі вайсковы лекар І. Мітрапольскі. «[Брама] хутка адкрылася і я ўбачыў асуджанага. Бледны, з мутнымі, нежывымі вачыма, несамавіты, нізенькага росту, падтрыманы салдатам, ён, здавалася, не ўсведамляў, што з ім адбываецца, і рухаўся машынальна. Раздалася каманда; асуджанага акружылі салдаты; каля яго з’явіўся ксёндз з крыжам і кнігаю ў руках, і картэж рушыў...
Што мог гаварыць ксёндз паляку, які ішоў на пакаранне смерцю за польскую справу? Не аб раскаянні, вядома, не аб прабачэнні здзейсненага злачынства тут магла ісці гаворка, а аб вянку пакутніцкім, арэоле славы, аб малітвах і дабраславенні Айчыны, пра тое, што дае чалавеку моц не толькі без страху, але і радасна сустракаць смерць...
Паказаўся слуп, і перад ім выкапаная яма; раздалася каманда, узялі на каравул, прачыталі прысуд і прыступілі да апошняй падрыхтоўкі асуджанага. Я падышоў у гэты час да камандуючага цырымоніяй штабафіцэра і спытаў яго, які тут мой абавязак? «Калі памрэ, паглядзіце, ці жывы»...
Грымнулі, як адзін, дванаццаць стрэлаў, і прывязаны да слупа чалавек, уздрыгнуўшы, здаецца, кожным мускулам свайго цела, схіліў галаву. Я падышоў да яго, падняў уверх павязку і зірнуў у збялелы, з заплюшчанымі вачыма твар, па якім прабягалі яшчэ дробныя сутаргі. І твар гэты застаўся ў памяці маёй да цяперашняга часу.
Закрыўшы яго зноў павязкаю, я падышоў да афіцэра павольным крокам, таму што ногі мае дрэнна мяне слухаліся, прыклаў руку да брыля і адрапартаваў: «Мёртвы!»
Ці гэтае слова само па сабе, ці тон, якім яно было вымаўлена, а можа быць, і выгляд мой, які выказваў глыбокае нервовае ўзрушанне, прымусілі афіцэра здрыгануцца і адвярнуцца ад мяне...»
Расстрэл Урбановіча адбыўся ў Гродне за Скідальскай заставай, дзе ён спачатку і быў пахаваны. На гэты конт гісторык Алесь Радзюк знайшоў цікавы дакумент: «Цела Урбановіча перададзена зямлі на месцы пакарання, а 10й гадзіне ўвечары ў той жа дзень па распараджэнні паліцмайстра перавезена ў суседні лес…».
Прапагандысты Цюхна і Талінскі
Два гады пасля адмены прыгоннага права беларускія сяляне чакалі рэальных зменаў свайго стану — перадачы зямлі ва ўласнасць без патрэбы адпрацоўкі павіннасцяў на карысць пана.
А па вёсках ішлі пагалоскі пра паўстанне. Яго пашыралі пераапранутыя ў вясковае адзенне рэвалюцыянеры: Кастусь Каліноўскі (вядомы пад мянушкай Васіль Світка), Фелікс Ражанскі, іншыя. Былі сярод прапагандыстаў і сяляне.
Адзін з іх, Мацей Цюхна са Слонімскага павета, па загадзе Мураўёва быў расстраляны ў Саколцы за заклік да паўстання і чытанне перад сялянамі паўстанцкага маніфеста.
Яшчэ адзін селянін, 32-гадовы Дамінік Талінскі з вёскі Жаўткі Беластоцкага павета, быў страчаны ў Гродне за падбухторванне да паўстання і ўдзел у павешанні лесніка Юстыновіча.
Чацвёра павешаных за святара
Надзею на тое, што новы царскі маніфест усё ж будзе, спрабавалі абуджаць у сялянах праваслаўныя святары. Яны вінавацілі паноў ва ўсіх бедах вяскоўцаў і падтрымлівалі легенду пра «добрага царабацюшку». Нездарма атрады, створаныя абшарнікамі, вылучаліся жорсткасцю ў дачыненні да святароў. Сярод іх — атрад, арганізаваны памешчыкам Баляславам Свентарэцкім у яго маёнтку Багушэвічы.
Свентарэцкі 1 мая 1863 прыйшоў у валасное праўленне маёнтка, сарваў са сцяны партрэт Аляксандра ІІ і абвясціў сялянам, што з гэтага часу адноўлена Рэч Паспалітая. Яго атрад, нягледзячы на ўпартыя дзеянні супраць расейцаў, не меў шырокай падтрымкі ў сялян, сярод якіх быў моцным аўтарытэт святароў. Асабліва актыўна супраць паўстання выступаў святар з Багушэвічаў Данііл Канапасевіч.
4 чэрвеня 1863 паўстанцы выцягнулі Канапасевіча на двор і павесілі на перакладзіне брамы. У хаце заставаліся жонка і трое малых.
Праз паўгода ў гэтай жа вёсцы былі павешаныя чацвёра ўдзельнікаў таго пакарання: шляхціцы Баляслаў Юзаф Акуліч і Альбін Тальшэўскі і мясцовыя сяляне Аляксандр Падалецкі і Якуб Саковіч, лёкай Свентарэцкага.
Тэрорам на тэрор
Расейскія ўлады на заключным этапе паўстання ператваралі барацьбу з ім у сімвалічны акт «вока за вока»: паўстанцаў каралі на месцы ўчыненых імі забойстваў расейскіх служачых. Так было ў Кобрыне, Багушэвічах, Шарашове Пружанскага павета. У кожным з пералічаных выпадкаў сярод пакараных былі сяляне.
17 кастрычніка ў Кобрыне на плошчы былі павешаныя шляхціч Фелікс Пятроўскі і сяляне Фелікс Гарушэўскі і Тэадор Трафімчук.
Трафімчук з Бельскага павета браў удзел у бітве пад Мілавідамі. Пазней быў схоплены і абіванавачаны, у дадатак да знаходжання ў паўстанцкім атрадзе і змаганне з расейскімі войскамі, у павешанні дэмісаванага салдата.
Гарушэўскі, народжаны ў сям’і селяніна вёскі Лясковічы Пружанскага павета, прызнаў удзел у бітвах з расейцамі, але адмаўляў удзел у павешанні двух адданых расейскім уладам сялян і гвалце над вясковай дзяўчынай.
Яшчэ адзін селянін Пружанскага павета, 19-гадовы праваслаўны Ян Грынчук з фальваркавай абслугі маёнтка Свадбічы, далучыўся да паўстання са сваім аканомам Багуславам Ількоўскім.
Ён змагаўся ў атрадах Улодка і Урублеўскага. Восенню 1863 Грынчук з шасцю таварышамі ўтварыў суполку жандараўвешальнікаў, якая ладзіла падпалы і рабункі хат расейскіх чыноўнікаў, а таксама здзейсніла павешанне габрэя ў Шарашове.
На следстве Грынчук прызнаў свой удзел у гэтых акцыях і быў асуджаны на расстрэл.
Суд «з увагі на маладосць і неразвітасць, поўнае раскаянне і выкрыццё саўдзельнікаў» прасіў аб памілаванні. Але Мураўёў падпісаў асуджэнне на смерць Грынчука разам з Антоніем Ількоўскім і Саламонам Аўгустам ёмістым словам «согласен».
20 снежня ў мястэчку Шарашова яны былі павешаныя.
Як бачым, сярод сялянаў, якія далучыліся да паўстання, былі і вайскоўцы, і ідэйныя пісьменныя актывісты, і людзі з крымінальнымі схільнасцямі. Былі маладыя і старыя, былі разумныя і «неразвітыя». У атрады яны прыйшлі рознымі шляхамі. Парознаму і смерць сустракалі. Не скажаш, што шчырыя манархісты, падманутыя «польскімі інтрыганамі».
***
Васіль Герасімчык
Гісторык. Нар. 1987. Скончыў Гродзенскі ўніверсітэт, магістратуру Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта і Торунскага ўніверсітэта імя Мікалая Каперніка. Пераможца конкурсу «Найлепшы знаўца паўстання Кастуся Каліноўскага».