А калісьці надыдзе дзень,
і ён табе скажа: «Ма,
гэта не шапка, а смех адзін!
Хочаш — насі сама».
Кіне яе на канапу,
пойдзе ў свой пакой і
ўключыць там Muse, ці Coldplay,
ці нешта яшчэ такое
(што будуць слухаць у дваццаць трэцім
гэтыя дзеці?).

А неяк убачыць дзіцячае фота
на сайце і скажа: «Ну вы далі!
У мяне там зуба няма, і ўвогуле — выдалі.
Павесь лепш туды Далі».
Кіне ў заплечнік рыдар
(плэер, айфон, тамтам)
і — «Не чакайце, мам!»
Махне рукой, усміхнецца
ды апынецца там,
дзе побач з дзяўчынкай-скерца
стане сэрца шалёна біцца.
Як і тваё, дарэчы:
ты з гэтага часу штовечар
пачнеш класціся позна, правяраць тэлефон…
Звоніць. Гэта не ён?

Цяпер ты таксама не спіш. Пакуль —
таму, што кашляе, прачынаецца, просіць тваю руку
(ведае: ад любога цмока і ведзьмака
абароніць гэта рука).
І ты закідаеш дэдлайны і важныя прапановы —
на гарышча, у куфар, дзе цень.
Бо калісьці надыдзе дзень,
і ён сыдзе — дарослы — жыць.
А пакуль — верабейкам сонным — папросіць піць,
і яму яшчэ толькі пяць.
Можна гладзіць па валасах,
трымаць за руку,
сцерагчы яго сон
і самой
не спаць.

* * *

Вольга Гронская нарадзілася ў 1978 годзе на Мядзельшчыне. Скончыла рамана-германскае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ і аспірантуру пры ім, абараніла дысертацыю на тэму «Хранатоп прозы Інгеборг Бахман». Цяпер выкладае сусветную літаратуру. Перакладае з нямецкай і польскай моваў, пераклады друкаваліся ў часопісах «Крыніца» і «Фрагмэнты». Жыве ў Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?