Пад канец жніўня горад паміж Лідай і Горадняй жыве традыцыйным «сьвятам кветак» ды выправамі на лецішча. З 16 тысяч жыхароў шахматы тут мала каму да галавы. Тым ня менш, карэспандэнту «НН» удалося згуляць колькі партый са шчучынскімі шахматыстамі.

Галоўным апірышчам тутэйшых прыхільнікаў Каісы — багіні шахмат — служыць раённы дом культуры. Тамака, праз адсутнасьць клюбу, яны зьбіраюцца ледзь не штодзённа — у аддаленым закутку па суседстве з «пакоем для маладых». Побач ЗАГС, дыскатэка, рэстаран.

Віктар Гардзееў, чэмпіён гораду, аграном з вайсковай паставай, вядзе гурток для пачаткоўцаў. Увосень яму даводзіцца папахадзіць па школах, каб завабіць вучняў «на шахматы». Некалькі год у Шчучыне ладзіцца фэстываль «Шчучынская вясна», дзе можна выйграць радыёпрыёмнік «Акіян» або «Горадня», ня кажучы пра пекныя сувэнірныя вырабы лідзкага шклозаводу. Аднак — што далей?

18-гадовы Дзьмітры Жвацель, пераможца сёлетняй «Вясны», прызнаецца, што пасьля памятнага турніру ў красавіку чатыры месяцы нідзе не гуляў. Магчымасьць удзелу ў верасьнёўскай спартакіядзе работнікаў культуры яго не захапляе: пэрспэктыўны першаразраднік зьбіраецца грызьці навуку ў Горадні. Пакрысе зьяжджаюць зь мястэчка і іншыя маладыя гульцы. Таму сп.Гардзееў гаворыць пра «зьмену пакаленьняў», а да таго ж скардзіцца на страты, незваротныя для шчучынскіх шахмат. Пазалетась памёр апантаны гулец Мікалай Будзько, год таму — Андрэй Сяргей, бліскучы арганізатар. Кваліфікаваных кадраў у мястэчку бракуе, таму выходзіць, што пэнсіянэр Гардзееў — і швец, і жнец… Шахматыст з 55-гадовым стажам, асабіста знаёмы з Бранштэйнам і Тайманавым, ён гуляе празь перапіску ў Кубку Беларусі, піша ў райгазэту пра арганізаваныя ім самім спаборніцтвы ды яшчэ лабіруе ў мясцовым «Чырвоным доме» адкрыцьцё ў Шчучыне сапраўднага шахматна-шашачнага клюбу. Без асаблівага посьпеху: некалі багаты раён цяпер лічыцца «датацыйным».

Да абласной дый нацыянальнай фэдэрацый шахмат сп.Гардзееў ставіцца стрымана: мы, маўляў, і бязь іх можам запрасіць на нашы імпрэзы шахматыстаў з Горадні, Смаргоні, Ліды, Ваўкавыску. Самастойнасьць — рэч добрая, аднак ці падмацавана яна матэрыяльна? Добра яшчэ, што грошы на турнірныя прызы часам падкідваюць знакаміты «Аўтапровад», масласырзавод, прыватныя прадпрымальнікі.

Як для райцэнтру, у Шчучыне шахматы бадай квітнеюць. Як для рэгіянальнага флягману — сілаў тут малавата. Аптымізму дадае хіба тое, што кагадзе ў ня надта далёкіх Васілішках адкрыўся шахматны гурток пры прафсаюзным спартовым клюбе, а ў вёсцы Ракавічы былы настаўнік Віктар Пракаповіч самахоць выкладае дзецям правілы гульні. Значыць, сьцяжына да культуры шахмат застанецца пратаптанай.

ВР

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0