Аляксандар Лукашэнка падае сябе бацькам нацыі, гарантам сувэрэнітэту. Адначасова ўсе гады свайго прэзыдэнцтва ён вядзе з былой мэтраполіяй рызыкоўна тонкую палітычную гульню.

Пасьля сустрэчы з Пуціным у Завідаве яна зноў прыцягнула да сябе ўвагу камэнтатараў. Віталь Тарас бачыць няшчасьце ў тым, што Лукашэнка ў сваёй гульні ставіць на карту ня свой палітычны лёс, а лёс беларускай нацыі. Таму ёсьць падставы меркаваць, што прапанова Юр’я Хадыкі застанецца без адказу. Гэта той выпадак, калі адрасату гэтай афэрты яна найменш патрэбная.

Пуцін падаў уласныя прапановы беларуска-расейскага яднаньня, з навуковай рафінаванасьцю правёўшы розьніцу між паняцьцямі «нацыі» й «народу». Расейская палітычная эліта не губляе надзеі пазбавіць Беларусь сувэрэнітэту. Мы гэта ведалі, ну, пачулі яшчэ раз. Але горкі парадокс — кіраўнік дзяржавы, пастаўленай перад такім выклікам, працягвае курс на аслабленьне беларускай саматоеснасьці. Лукашэнка заклаў міну пад фундамэнт дзяржавы, якая можа выбухнуць пры любой спробе перабудовы.

Наш час застанецца ў гісторыі Беларусі як пэрыяд самай імклівай русіфікацыі. Гэты працэс асабліва заўважны ў малых гарадах і на вёсках. 40-гадовыя там яшчэ размаўляюць па-беларуску. А моладзь, выгадаваная лукашэнкаўскімі СМІ і школамі, — ужо толькі па-расейску. Такая палітыка санкцыянаваная зьверху. Няма сумневу, што на наступным перапісе беларускую мову назавуць мовай хатніх зносінаў ужо ня 37, а прынамсі, удвая меней грамадзянаў.

Няпраўда тых, хто лічыць русіфікацыю незваротнай. Назіраецца ж імклівы рост долі насельніцтва, якая аддае перавагу нацыянальнай мове нават у такіх безьдзяржаўных рэгіёнах, як Каталёнія і Зямля Баскаў. Пералом адбываецца пасьля дасягненьня пэўнага ўзроўню адукацыі, заможнасьці, што зьвязана з палітычнай самасьвядомасьцю. Пры дэмакратыі, вядома, калі людзі змогуць рабіць выбар. Вельмі верагодна, што наступнае пакаленьне палітычных лідэраў Беларусі актыўна скарыстае нацыянальную ідэю і праект пашырэньня сфэры ўжытку мовы.

А Аляксандар Лукашэнка , што б ён ні казаў пра сябе і як бы ні вытлумачваў свае тонкія стратэгіі, застаецца ў гісторыі Беларусі Аляксандрам Русіфікатарам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0