Гэтага карэспандэнта БТ вы маглі бачыць на нядзельных маршах. Ён круціцца каля падлеткаў, каб пасля выдаць у эфір карцінку «нясталага» пратэсту і пасмяяцца з юных мітынгоўцаў.

Завуць яго Аляксандр Харавец. «Наша Ніва» пацікавілася, што за ён.

Аляксандр Харавец справа. Фота Ірыны Арахоўскай

Аляксандр Харавец справа. Фота Ірыны Арахоўскай

Мара пра міліцыю і столінскі тэхнікум

Аляксандр Харавец марыў пра кар’еру міліцыянера ці вайскоўца. Але з паступленнем у Акадэмію МУС былі складанасці: праз расійскае грамадзянства. Калі верыць сацыяльным сеткам журналіста, ён з горада Уладзімір. 

Школу ж заканчваў у Беларусі.

Пасля адвучыўся ў Столінскім тэхнікуме на электрагазазваршчыка. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры — стаў спартыўным псіхолагам.

Але па спецыяльнасці працаваць у выніку не пайшоў. Творчага студэнта заўважылі і паклікалі на ТБ.

«Мне паступіла прапанова: «Хочаш на тэлік?» — «Тэлік? Ды вы жартуеце?» — «Не, не жартуем. У нас вызваляецца стаўка, чалавек выйграў «грынкарту» і злятае ў Амерыку. Трэба закрыць месца», — расказваў Харавец пра той выпадак.

Ад мантажора да начальніка аддзела

На БТ ён прыйшоў у 2011-м. Сядзеў на мантажы, а праз пару год стаў спрабаваць сябе карэспандэнтам. У той час сетку карэспандэнтаў АТН узначальвала Вольга Шпілеўская — цяперашні галоўны ідэолаг Адміністрацыі прэзідэнта.

Скрыншот tvr.by

Скрыншот tvr.by

Не ўсё было гладка. Тэкставыя падводкі Аляксандр перапісваў шмат разоў.

«З маіх пробных сюжэтаў мне проста смяяліся ў твар», — успамінаў ён.

Спачатку Харавец працаваў у аддзеле рэгіёнаў. Год назад узначаліў аддзел рэпарцёраў. Імкнуўся атрымаць «Тэлевяршыню» і заняцца дакументалістыкай. Зрэшты, дыпломы Аляксандру ўручалі рэгулярна — ад Міністэрства лясной гаспадаркі, Мінаблвыканкама, Федэрацыі прафсаюзаў.

Харавец рабіў сюжэты пра транспарт, эканоміку, праблемы раёнаў. Ён не змог стаць вайскоўцам, затое на палігонах бываў у якасці карэспандэнта. Асвятляў беларуска-расійскія ваенныя вучэнні, здымаў фільм «Векавы рубеж» да 100-годдзя памежных войск і сам сыграў там памежніка Аляксея Новікава.

«Я часта рабіў рэпартажы з вучэнняў, таму да выбухаў і паху пораху мне не прывыкаць. Але адна справа быць староннім назіральнікам, а іншая — адчуць няхай нават пастановачны бой на сабе. Перанесціся ў тую эпоху, зразумець, што адчуваў чалавек, які змагаўся да апошняга пад мінамётным абстрэлам», — дзяліўся ён ўражаннямі з «СБ».

Падлеткі ў кадры і іронія

«Просты і выканаўчы», — кажуць калегі пра Хараўца.

Што прывяло яго на пратэсты — заданне ці ўласная ініцыятыва, — невядома. Але цяпер рэпарцёр там часты госць. Не сказаць, каб жаданы. «Звальняйся!» — самае мяккае, што ён чуў ад гараджан, калі 8 верасня працаваў на мітынгу на Камароўцы. Ці не пасля гэтага карэспандэнт вырашыў хадзіць на маршы без накідкі «прэса»?

Рыторыка сюжэтаў Хараўца — стандартная для БТ.

«Куратары, канечне, зноў у тэлеграм-каналах паведамлялі «неверагодным», што іх дзясяткі тысяч. Але і тыя пару тысяч, якія зноў выйшлі на вуліцы сталіцы, толкам не ведалі, што ж ім рабіць», — справаздачыўся ён з марша 21 верасня.

Але Харавец прыдумаў сваю «фішку» — чапляцца да падлеткаў. Каб пасля пасмяяцца ў кадры, маўляў, паглядзіце на гэтых 15-гадовых, яны нават не разумеюць, навошта тут.

Прытым сам карэспандэнт не ўлаўлівае іронію: мужчыну ў шапачцы з фольгі выстаўляе гарадскім вар’ятам, не разумеючы намёкаў на космас і амерыканцаў.

«Я адчуваю, што гэта маё», — казаў раней Харавец пра журналістыку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?