ФАШЫЗМ ЯК НЕПАЗЬБЕЖНАСЬЦЬ

 

Калі я разважаю пра фашызм, дык лаўлю сябе на тым, што ня маю добрага ўяўленьня, што такое фашызм. Нацыянал-сацыялізм Гітлера, анархічны фашызм Марынэці, каталіцкі — Франка, творчы — Яновіча, праваслаўны — Баркашова, арабскі – якога Кадафі, ваенны — грэцкіх «чорных палкоўнікаў» істотна розняцца ў праявах і ў першаідэях.

Фашызм як крызыс хрысьціянства і вяртаньне да дахрысьціянскіх традыцыяў і каштоўнасьцяў? Фашызм як нэапаганства, для якога хрысьціянства — толькі эпізод? Фашызм як культ дысцыпліны, здаровага цела, моцнага лідэра і групавой ідэі, як пагарда слабасьцю і разбэшчанасьцю? Часам мяне пранізвае думка: калі б не паталягічная нянавісьць германскага нацызму да жыдоў, калі б не гета, калі б не галакост, ці быў бы Нюрнбэрг? Ці была б такой магутнай антыгітлераўская кааліцыя і ці існавала б яна ўвогуле? А калі б Гітлер адмовіўся ад паходу на Маскву і пайшоў на заключэньне міру да Сталінграду? Ці бывае фашызм без антысэмітызму і няўмераных тэрытарыяльных заваёваў?

Фашызм у Беларусі разьвіваецца па гішпанскім варыянце, без тэрытарыяльных прэтэнзіяў і юдафобіі? Фашызм у Беларусі мог бы трыюмфаваць ужо сёньня, каб не такія гнілыя каштоўнасьці знаходзіліся ў ідэйным падмурку цяперашняй улады. Улада ня здольная зрабіць сьвятыні зь «вяночка» і чужога для беларусаў «славянства». Прычыны ж таго, што ў РНЕ ў Беларусі знаходзяцца прыхільнікі — зусім не ў папулярнасьці ідэі, а ў папулярнасьці мэтадаў. Калі «баркашоўцы» таўкуць антыфашыста і мінака-афіцэра, які за таго заступіўся, а сябры антыфашыста замест абароны свайго, проста зьбягаюць (хай па дапамогу – удваёх!), а пасьля гэтыя сябры ідуць на чале антыфашысцкай дэманстрацыі – ці могуць такіх «антыфашыкаў» (а празь іх і ідэю) паважаць нармальныя маладыя хлопцы, якія шукаюць надзейнай кампаніі? Моц і абарона (у адных — фізычная, у другіх — эканамічная) ў выглядзе РНЕ, БПСМ — перамагаюць ідэйную і маральную моц «адраджэньня».

Годнай альтэрнатывай небеларускага фашызму можа стаць у пэрспэктыве фашызм беларускі. Зьвязаны зь беларускім крыміналам. Калі дзяржава «апякуецца» тым бокам, цалкам лягічна, калі на гэтым баку яднаюцца і знаходзяць агульныя інтарэсы тыя, з кім яна змагаецца.

На жаль, не атрымалася ў мяне антыфашысцкага артыкулу. Не магу выступаць супраць усяго, што поўніць гэтае паняцьце. А поўняць яго і такія рэчы, як узаемадапамога і адказнасьць. Тое, чаго бракуе многім «анты...». У сучасным сьвеце ідэя фашызму непераможная. На жаль.

Андрыан Меленік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0