Выстава на Вострабрамскай

22 кастрычнiка ў Вiльнi, у галерэi «Арка», што каля Базыльянскiх муроў, адбылося адкрыцьцё выставы вiленскiх мастакоў-беларусаў. Такiя беларускiя выставы адбываюцца ўжо амаль дзесяць гадоў запар. Раней гэта была чыста грамадзкая iнiцыятыва, падтрыманая з боку лiтоўскае дзяржавы. Вяртаньне беларусаў на вiленскi Парнас было сымбалiчным. Калi адраджалася Беларусь, адрадзiлася й вiленская беларушчына.

Сёньня акцэнты пастаўленыя па-новаму. Традыцыю беларускiх выставаў падтрымлiвае пасольства РБ у Лiтве. Што, прынамсi, да мастакоў, то для iх Беларусь як дзяржава адбылася. Беларускае пасольства купляе ў iх карцiны, дапамагае афармляць дакумэнты, запрашае на iмпрэзы. Але пры тым нешта вельмi йстотнае безнадзейна перамянiлася... Адны мастакi прарвалiся ў Эўропу i ўжо там шукаюць сабе славы, другiя ўпарта ў холад i ў сьпёку стаяць на «панэлi» — iмправiзаваным кiрмашыку ў Старым Месьце i зарабляюць наяўныя грошы. Нi тыя, нi другiя не чакаюць запрашэньняў на афiцыйныя мерапрыемствы РБ. Але ёсьць i трэцiя, для якiх такiя выставы ледзьве не адзiнае пасьведчаньне, што яны мастакi, i застаюцца пры ўтульнай думцы, што дапамагаць мастаку — сьвяты абавязак дзяржавы. Разам з такiм разьмежаваньнем зьнiкла й славутая салiдарнасьць мастакоў-беларусаў у Вiльнi.

Мэту правядзеньня iмпрэзы красамоўна растлумачыў сп. Лявон Мурашка, старшыня згуртаваньня беларускiх арганiзацыяў (якiя не выяўляюць палiтычнае пазыцыi. — Г.К.), адзiн з iнiцыцятараў правядзеньня выставы: «... Мы павiнны заяўляць пра сваю прысутнасьць. Мы тут прэзэнтуем Беларусь». Па-першае, ЯКУЮ Беларусь? Па-другое КАМУ мастакi нешта павiнны заяўляць?

Выстава дэманструе рэдкi ў наш час прынцып гуртаваньня мастакоў на этнiчных падставах. Супольнасць эстэтычная i сьветапоглядная тут адсутнiчае... Прадстаўленыя творы мастакоў зусiм рознага ўзроўню: прафэсiяналаў, паўпрафэсiяналаў i аматараў. Можа ёсьць у гэтым i свая рацыя: прафэсiяналы ня маюць магчымасьцi выстаўляцца ў галерэях паасобку, аматары ж атрымлiваюць немалыя ўрокi майстэрства, а часьцяком i прарываюцца «ў рынак». Але цi гэта ня спосаб прыкрыць сваю бездапаможнасьць?

Што сёньня натхняе беларускiх мастакоў Вiльнi? Тое, што i сто, i дзьвесьце гадоў таму: жанчына, родныя краявiды, дары прыроды. Бадай, у колазвароце жаданьняў гэтых мастакоў нiчога ня зьменiцца й праз стагодзьдзе: эратычныя мроi — туга па неспатоленым, садавiна-гароднiна, як школьны дапаможнiк, ды мэтры палёў, лясоў, балотаў. Падсьведама: гэта тое, што можна прадаць...

Гэта чыстая праўда, што кожны беларус — паэт, цi прынамсi кандыдат у лiтаратары. Але калi беларус таленавiты — то ён таленавiты ва ўсiм! Жывапiсец Станiслаў Зялёнка, iнжынэр па адукацыi, абураўся, што ў каталёгу няма згадкi пра тое, што ён напiсаў дзьве кнiгi вершаў. А мастак Алег Аблажэй, якi скончыў два факультэты мастацкага iнстытуту, не забываў нагадаць, што ў кнiгарнi за рогам прадаецца ягоная кнiжка казак. Па-польску.

Вiльня, мiж тым, засталася апiрышчам беларускага мастацкага жыцьця. Мiнаюць гады, паўстаюць межы, а яно, мастацтва, жыве i гоiць нашыя сэрцы.

У выставе ня бралi ўдзелу браты Сяргей i Алесь Поклады, iхныя працы экспануюцца сёньня ў Польшчы й Нямеччыне. Не запрашаюцца да ўдзелу ў беларускiх выставах i iншыя мастакi, якiя таксама паходзяць зь Беларусi. Ня кожны зь iх б’е сябе ў грудзi, даводзячы сваё паходжаньне. Але ж i яны робяць сьвет цiкавейшым.

Якi вынiк выставы? Усё ж на Вострабрамскай сустрэлiся былыя сябры, змаглi паглядзець адзiн аднаму ў вочы, пачуць роднае слова. Хiба мала?

Гары Куманецкi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0