ПАГАРЭЎ СУСЕД

Ну, не забудзь прывезьцi з-за мяжы жвачкi, — жартам праводзiў мяне прыяцель у горад Бельск-Падляскi на фэстываль «Бардаўская восень». Куды я ехаў толькi з адною мэтаю — адаспацца. Нiдзе так добра ня сьпiцца, як у польскай правiнцыi. Цёплы гатэль зь мiнiмумам раскошы й убоства: шырокi ложак, вялiкiя падушкi, хрумсткая бялiзна i поўная цiшыня за вокнамi — вось пра што я марыў. Ад дурнога начнога пераезду савецкае мяжы, нават ад самой яе наяўнасьцi тут, пад бокам, сон становiцца толькi саладзейшым. Недзе за ёю ёсьць Беларусь, штодзённая трывога, дурныя весткi й нерэальныя надзеi. А тут трэба спаць. Тым больш, за вокнамi пайшоў першы беларускi сьнег гэтага году.

Я праспаў гадзiнаў, пэўна, з дванаццаць. Абудзiўшыся ад песьнi ў суседнiм нумары. Сьпявалi «Пагарэў сусед, пагарэў». Я выйшаў у даўно знаёмы мне горад, у якiм, здаецца, нiчога не зьмянiлася за тры восенi й ня зьменiцца за трыццаць. Усё там жа, за лесам, будзе праходзiць галоўная мяжа кантынэнту, а значыць у некалi беларускiм горадзе будзе панаваць усё той жа сонны спакой, якi не парушыць нiякi чарговы фэст беларускай песьнi, усё больш экзатычнай у краi нашых культурных прэтэнзiяў.

Зьнешне на фэсьце сёлета таксама амаль нiчога не зьмянiлася (для мяне дык — пэўна). Гасьцямi, як заўжды, былi Алесь Камоцкi, Кася Камоцкая i «Новае неба». Канкурсантамi — Вольга Акулiч, Валеры Жамойцiн, сымпатычнае дзявочае трыо «Фiеста», парачка мясцовых ды я. Вынiкi такiя: Акулiч далi першую прэмiю памерам у 600 злотых, хтосьцi паедзе ў Беласток на запiс альбому, а хтосьцi атрымаў грамату. Жвачкi хапiла на ўсiх, акрамя мяне. Але зьмена была. Галоўным героем сёлетняга фэсту стаў чалавек, якога з намi не было й каго тут так доўга чакалi. Ягоныя песьнi сьпявалiся са сцэны, за банкетным сталом i ў гатэльных нумарах. Ягоная «Пагарэў сусед, пагарэў» стала амаль што гiмнам сёлетняга фэстывалю. Чалавек адсутнiчаў, а ягоныя словы й акорды нiбы замяшчалi адсутнага. Што можа быць для барда большаю ўзнагародаю? Усё гэта настолькi кантраставала з маўчаньнем радзiмы, што я засаромеўся свайго няведаньня «Суседа» i немагчымасьцi падпець. Але спаць мне ўжо не хацелася.

Менш за ўсё хочацца плявузгаць пра «глупства» Андрэя Мельнiкава й Андрэя Мiзулы, якiя «самi сябе падставiлi». Нават з тае iнфармацыi, якая дайшла, можна зразумець, што гэтай справаю сьледзтва амаль не займаецца, альбо займаецца занадта тонка. Хутка пройдзе тры месяцы, як барды сядзяць у гарадзенскiх казэматах. За ўвесь гэты час у Мельнiкава было толькi два допыты. Можна ўявiць стан сядзельца-пачаткоўца, якога дома чакае жонка й паўтарагадовы сын. Я не зьдзiўлюся, калi фiнал гэтага падарожжа будзе самы сумны. Занадта, вiдаць, цяжкае для нашае судовае ўлады злачынства па сёньняшнiх часах. I ўсе акаляючыя абставiны супраць: i на мове БНФ размаўлялi, i на Захад iшлi, i, што самае незразумелае, на савецкую радзiму вярталiся.

Мiж тым, факт застаецца фактам: два найшчырэйшыя беларусы й таленавiтыя барды йшлi сваiм лесам у сваю Вiльню й сваiм жа лесам вярталiся. Нiякага тавару ня мелi, акрамя адвечнага беларускага жаданьня — дыхнуць вольнага вiленскага паветра. I за гэта хутка ўжо чацьверты месяц дыхаюць зусiм iншым паветрам. Пры поўным маўчаньнi бэтонных сьценаў i газэтных палосаў. Быццам не даходзiць, што гэты працэс мае дачыненьне да усiх, для каго Беларусь не абмяжоўваецца контурам на яе незаконным гербе. I што хто б заўтра нi пагарэў, судзiць будуць па iншых артыкулах. Якiх няма ў кодэксах.

Таму я з радасьцю вяртаюся па наш бок савецкае мяжы. Нават жанчына-памежнiца ў форме ўзору 1946 году падаецца мне вельмi дарэчнаю. Спаць тут ня прыйдзецца, пакуль нам ёсьць што сьпяваць. Пакуль, вядома, ёсьць тыя, хто чуе.

Зьмiцер Бартосiк

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0