Урачыстае адкрыццё Паралімпіяды адбудзецца 29 жніўня, а самі спаборніцтвы пачнуцца 30 жніўня. Сцяганосцам зборнай Беларусі будзе сярэбраны прызёр пекінскіх Паралімпійскіх гульняў-2008 фехтавальшчык Мікалай Без’язычны, які таксама з’яўляецца капітанам каманды.

Беларускія спартсмены-паралімпійцы выступяць у сямі відах спорту: лёгкай атлетыцы (7 удзельнікаў), плаванні (6), акадэмічным веславанні (8), фехтаванні (5), дзюдо (2), веласпорце (2), паўрліфтынгу (1).

На цырымоніі ўрачыстых праводзін беларускай дэлегацыі старшыня Паралімпійскага камітэта Алег Шэпель падкрэсліў, што перад усімі спартсменамі пастаўлена задача-мінімум — увайсці ў васьмёрку мацнейшых у сваіх відах спаборніцкай праграмы, такім чынам турыстаў у спартыўнай камандзе няма. Ён таксама адзначыў, што практычна ўсе пажаданні паралімпійцаў, звязаныя з падрыхтоўкай, экіпіроўкай, фармакалогіяй, удзелам у міжнародных турнірах, выкананы на 100 працэнтаў.

На папярэдняй летняй Паралімпіядзе ў 2008 годзе ў Пекіне Беларусь была прадстаўлена 35 атлетамі ў шасці відах спорту
. Заваяваўшы 13 узнагарод (5 залатых, 7 сярэбраных, 1 бронзавую), беларуская зборная заняла тады 21-е месца ў агульнакамандным медальным заліку.

Прызавыя за ўзнагароды на Паралімпійскіх гульнях з 2012 года павялічаны да $50 тыс. за золата, $30 тыс. за серабро і $20 тыс. за бронзу. Акрамя таго, прызёры атрымаюць права на прэзідэнцкія стыпендыі.

Шэфам беларускай місіі на Паралімпіядзе ў Лондане будзе генеральны сакратар Паралімпійскага камітэта Беларусі Мікалай Шудзейка, кіраўніком дэлегацыі — рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Рыгор Касячэнка.

Усяго ў лонданскіх Паралімпійскіх гульнях прымуць удзел больш за 4 тыс. спартсменаў са 165 краін свету,
якія разыграюць 502 камплекты ўзнагарод у 20 відах спорту. Закрыецца Паралімпіяда-2012 9 верасня.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?