Кастрычніцкім (Мінска) раённым аддзелам Следчага камітэта Беларусі 27 жніўня распачата справа па артыкуле 428 КК (службовая халатнасць, што мела вынікам па неасцярожнасці цяжкія наступствы) у дачыненні да жыхаркі Мінскага раёна 1989 года нараджэння, якая працуе майстрам участка аднаго з ЖЭУ Кастрычніцкага раёна Мінска, паведаміў афіцыйны прадстаўнік Упраўлення СК па Мінску Аляксандр Герасімаў.

7 мая дзеці каталіся на чатырохмеснай кругавой каруселі ў двары дома № 68 па вуліцы Ландара. Нага 10-гадовага хлопчыка трапіла ў мантажную адтуліну ў падлозе каруселі, і дзіця атрымала закрыты пералом сцегнавой косці са змяшчэннем.
Траўма была кваліфікаваная як цяжкае цялеснае пашкоджанне, ажыццяўлялася хірургічнае ўмяшанне ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, хлопчыку, хутчэй за ўсё, спатрэбіцца яшчэ адна аперацыя.

Было ўстаноўлена неналежнае выкананне службовых абавязкаў асобай, упаўнаважанай забяспечваць тэхнічны стан дзіцячага гульнявага абсталявання. Вытворцам каруселі прадпісана, што пасля яе мантажу тэхнічная адтуліна ў абавязковым парадку павінна быць закрытая люкам з дапамогай балтоў або зваркі. Аднак адтуліна ў падлозе была адкрытая, і дзіця атрымала цяжкую траўму, хоць у журналах, якія запаўняюць майстры ЖЭУ, стан гульнявага абсталявання ў гэты дзень быў ацэнены як тэхнічна спраўны. Па прыкметах службовай халатнасці ў дачыненні да майстра ўчастка і была распачата крымінальная справа.

Максімальнае пакаранне, прадугледжанае арт. 428 КК Рэспублікі Беларусь, пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?