Упраўленне Дзяржаўтаінспекцыі ГУУС Мінгарвыканкама абнародавала звесткі аб стане падрыхтоўкі кіроўцаў у навучальных арганізацыях, зарэгістраваных у гарадскім упраўленні ДАІ, за студзень-красавік 2012 года. З іх вынікае, што агульнагарадскі паказчык нездавальняючай здачы экзаменаў з першай спробы складае 65,3%.

Усяго ў рэестры УДАІ ГУУС зарэгістравана 59 навучальных арганізацый па падрыхтоўцы вадзіцеляў.

Найгоршыя паказчыкі мае ТАА «Пазаведамасная ахова». Тут агульны працэнт нездавальняючай здачы тэарэтычнага і практычнага экзаменаў з першай спробы склаў 92,6%. Ненашмат лепш сітуацыя ў ТАА «Галоўная дарога» — 90,4% і ТАА «Аўта-рытэт» — 88,1%.

Колькасць не здаўшых з першай спробы тэарэтычны экзамен у гэтых навучальных арганізацыях складае 23,7%, 19,2% і 47,7% адпаведна ад агульнай колькасці навучэнцаў, не здалі з першай спробы кіраванне — 90,3%, 88,1% і 77,2%.

Больш паспяхова ў Мінску экзамены здавалі курсанты навучальнай арганізацыі ў ліцэі № 14. Тут агульны працэнт нездавальняючай здачы склаў 39,7%. Тэарэтычны экзамен па Правілах дарожнага руху з першай спробы не вытрымалі 24,1% навучэнцаў, кіраванне — 20,5%.

У тройцы лепшых па выніках чатырох месяцаў 2012 года таксама ЗП «Аўтацэнтр Атлант-М» (51,1%, 5,8% і 48,1%) і УА ДУЦ «Белдарбуд» (52,1%, 16,6% і 42,6%).

Усяго ў навучальных арганізацыях, зарэгістраваных у гарадскім упраўленні ДАІ, у студзені-красавіку гэтага года вучыліся і спрабавалі здаць экзамены амаль 10 тысяч курсантаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?