Ці аддадзены нашым пакаленнем доўг бацькам і дзядам, якія цаной шматлікіх ахвяр здабылі нам волю? Думаецца, калі і аддадзены, то не ў поўнай меры.

Апошнім часам падзеі Другой сусветнай вайны неяк адыходзяць на задні план, перакрываючыся новымі праблемамі. І калі на экранах кінатэатраў з’явіліся фільмы пра часы ваеннага ліхалецця, то публікацый пра падпольны і партызанскі рух, асабліва на мясцовым узроўні, мала. Гэта і зразумела. Асноўныя ўдзельнікі тых падзей адышлі ў іншы свет, а тыя, што жывуць, па стане здароўя не ў сілах падымаць гэтыя пытанні, ды многія і не хочуць гэтага рабіць. Занадта дорага абышлася нам гэтая перамога.

Доўгі час я займаюся вывучэннем партызанскага руху на поўначы Гомельскай вобласці (Рагачоўскі, Журавіцкі, Кармянскі і Чачэрскі раёны паводле старога адміністрацыйнага дзялення). За гэты час давялося папрацаваць у шматлікіх архівах, музеях, школах, бібліятэках, мець зносіны з удзельнікамі тых падзей. Назапашаны значны фактычны матэрыял. І, што цікава,

не заўсёды дакументальныя матэрыялы дзяржаўных і іншых архіваў супадаюць па падзеях, сэнсе, выніках і г.д. з мемуарнай літаратурай.

У кнігах І. Зуевіча «Райкам у падполлі», М. Дзмітрыева «Ля ціхай Серабранкі», М. Міхайлашава «Бура гневу» і іншых добра апісаны падзеі і аперацыі, у якіх партызаны мелі станоўчы вынік. У тых выпадках, калі такога выніку не было ці ён быў адмоўны, сітуацыі ці наогул не асвятляюцца, ці пра іх паведамляецца мімаходзь.

Новаму пакаленню наогул цяжка сабе ўявіць падзеі 1941–1944 гадоў. Прачытаўшы асобныя мемуары на партызанскую тэматыку, моладзь можа падумаць, што партызанская вайна была нечым кшталту лёгкай прагулкі. Выскачылі з лесу, перастралялі немцаў, пусцілі пад адхон пару нямецкіх эшалонаў і зноў у лес. Але ж гэта далёка не так! Тут вайна вялася не на жыццё, а на смерць. Нярэдка народныя мсціўцы прайгравалі, неслі вялікія страты.

Хто яны, партызаны поўначы Гомельскай вобласці?

Гэта байцы Чырвонай Арміі, якія трапілі ў акружэнне, партыйна-савецкія работнікі, рабочыя і службоўцы, калгаснікі, эвакуяваныя і іншыя. Яны былі звычайнымі савецкімі людзьмі, якіх вайна сагнала з наседжаных месцаў і прымусіла займацца не ўласцівымі ім справамі.

Хто супрацьстаяў звычайным савецкім грамадзянам? Гэта адборныя галаварэзы Гітлера, якія назапасілі досвед вядзення таемных войнаў у Еўропе, якія прайшлі навучанне ў школах абвера і СД, якія мелі значныя агентурныя магчымасці, абапіраючыся на эмігрантаў у Еўропе і нямецкія калоніі ў СССР. Вялікія магчымасці па закідзе сваіх агентаў у цікавыя ім раёны з войскамі падчас адступлення або бежанцамі з’явіліся ў немцаў у першыя ж дні вайны. Для гэтых жа мэтаў немцы закідвалі ў савецкі тыл дыверсійныя групы і разведвальныя фармаванні.

За час вайны савецкая контрразведка абясшкодзіла больш за 30 000 шпіёнаў, 3500 дыверсантаў, 6000 тэрарыстаў. Гэта, так бы мовіць, афіцыйныя лічбы. Але мне нідзе не даводзілася сустракаць у друку звестак, колькі ўсяго немцы падрыхтавалі агентуры для барацьбы супраць СССР. Педанты-немцы вялі скрупулёзны ўлік кожнага падрыхтаванага агента, і я не думаю, што кампетэнтным органам іх колькасць не вядомая. Прычына, мабыць, у іншым. Імаверна, колькасць падрыхтаванай агентуры моцна адрозніваецца ад колькасці выкрытай. Бо нявыкрытую нямецкую агентуру спрабавалі рэанімаваць і пасля вайны. Адсюль можна зрабіць выснову: калі агентура не была выкрытая — гэта не значыць, што яе не было наогул. На пачатковай стадыі акупацыі падпольны і партызанскі рух панеслі сур’ёзныя страты. Некаторыя партыйныя кіраўнікі, пакінутыя ЦК КПБ на акупаванай тэрыторыі для арганізацыі падпольнага і партызанскага руху, парушылі рашэнне партыі і сышлі ў савецкі тыл, пакінуўшы на волю лёсу тых камуністаў, якімі павінныя былі кіраваць.

Каб не быць галаслоўным, паведамляю, што з чатырох раёнаў, дакументы якіх мне давялося вывучаць, толькі сакратар Рагачоўскага райкама партыі С. Свярдлоў выканаў загад партыі і застаўся ў тыле ворага. Яго баявы намеснік, старшыня Рагачоўскага райвыканкама Булосаў, начальнік РА НКВД Кузняцоў, ён жа камандзір Рагачоўскага партызанскага атрада, збеглі за лінію фронту.

За лінію фронту, скарыстаўшыся службовым становішчам, з’ехалі з сем’ямі в.а. сакратара Журавіцкага райкама партыі Мышак і старшыня райвыканкама Сідараў, пакінуўшы камуністаў і беспартыйны актыў без кіроўнага звяна. Журавіцкі партызанскі атрад так і не быў арганізаваны.

Узяў з іх прыклад і пайшоў у савецкі тыл сакратар Чачэрскага райкама партыі Падаляк, пакінуўшы без кіраўнікоў камуністаў, камсамольцаў і актыў раёна.

Збіраліся сысці ў савецкі тыл і кіраўнікі Кармянскага раёна Бруек, Асташонак і Еўдачкоў, але з нейкіх прычынаў перадумалі.

Затое з верасня 1941 года па чэрвень 1942 так схаваліся ў «глыбокім падполлі», што іх не маглі знайсці не толькі немцы, але і пасланыя на пошук партызаны.
Больш за тое, названыя кіраўнікі ў верасні 1941 года распусцілі па дамах партызанскі атрад.

У лютым 1950 года на бюро Гомельскага абкама партыі разглядалася пытанне па факце роспуску Кармянскага партызанскага атрада. На сённяшні дзень гэтыя матэрыялы носяць грыф «Строга сакрэтна», хоць паводле дзейнай нарматыўна-прававой базы, матэрыялы па партызанскай тэматыцы рассакрэчваюць праз 30 гадоў пасля падзей. Вельмі ўжо ў непрывабным выглядзе паўсталі на бюро абкама кіраўнікі Кармянскага раёна. Ды і партыя «прадбачліва» паклапацілася пра сваіх асобных камуністаў, схаваўшы іх непрыстойныя ўчынкі пад грыф сакрэтнасці.

У сувязі з гэтым прымаць у мемуарах за чыстую манету словы падзякі роднай партыі за арганізатарскую і натхняльную ролю ў падпольным і партызанскім руху трэба з вялікай асцярогай. Не да ўсіх раённых і іншых кіраўнікоў гэтыя дыфірамбы дастасавальныя. Аўтараў публікацый зразумець можна. Не праспявай яны хвалу партыі, іх публікацыі не ўбачылі б свету.

Рыхтуючыся да акупацыі, партыйныя органы і НКУС стваралі падпольныя фармаванні з камуністаў, беспартыйных актывістаў, камсамольцаў. Партыя рыхтавала свае звёны паводле вопыту грамадзянскай вайны, не клапоцячыся пра тое, што пра нелегальную працу на акупаванай тэрыторыі ніхто з выбраных асобаў не меў панятку і ніякага навучання не праходзіў.

Не лепш дзейнічаў і НКУС.
Ствараючы аператыўныя групы (рэзідэнтуры) на тэрыторыі, якая трапляла пад акупацыю, ён таксама не паклапаціўся пра тое, каб кіравалі гэтымі групамі супрацоўнікі ведамства з іншых раёнаў, якіх мясцовае насельніцтва не ведала ў твар. Аднак было прынятае рашэнне абысціся ўласнымі сіламі. У спешцы былі дапушчаныя істотныя памылкі.

Прывяду прыклад. Населены пункт Доўск размешчаны на скрыжаванні дарог Мінск-Масква-Магілёў-Гомель. Гэта шашэйныя дарогі, па якіх ішло забяспечанне ўсім неабходным гітлераўскай групы арміі «Цэнтр». Кіраўніком падпольнай групы ў Доўску быў выбраны настаўнік Р. Яму ў дапамогу было дадзена каля 20 чалавек — крыніц інфармацыі з найбліжэйшых вёсак і Доўску. Здавалася, усё ідзе нармальна, і важнае звяно на камунікацыях праціўніка будзе ўзятае пад кантроль. Аднак у спешцы і па неасцярожнасці супрацоўнік Журавіцкага РА УНКВД «засвяціў» кіраўніка групы перад двума нядобранадзейнымі жыхарамі Доўску. І ўся праца пайшла дарэмна. Пакідаць Р. у Доўску падчас акупацыі — значыла б паслаць яго на смерць. Таму ў самы напружаны перыяд часу аператыўная група ў Доўску была без кіраўніка і працяглы час не дзейнічала.

Аднак сваю задачу я бачу не ў агалошванні нейкіх няўдач партызанскага руху, для мяне важна праўдзіва, на дакументальнай аснове паказаць як станоўчыя, так і адмоўныя моманты партызанскага жыцця і барацьбы з нямецкімі захопнікамі.

Заяўляю адразу, што я не журналіст, а аператыўнік, і чвэрць стагоддзя збіраў факты, каб з іх потым скласці мазаіку нейкіх падзей.

Сцяпан Кадуцкі, палкоўнік КДБ у запасе,
Жлобін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?