Еўрапейскі суд па правах чалавека пастанавіў не аднаўляць расследаванне «катынскай справы»:

суд патлумачыў, што не мае права гэтага рабіць, бо Расія ратыфікавала Еўрапейскую канвенцыю па правах чалавека толькі праз 58 гадоў пасля масавага забойства ваеннапалонных у Катыні.
Тым не менш ЕСПЧ прызнаў расстрэл вайсковым злачынствам і вырашыў, што Расея парушыла арт. 3 Еўрапейскай канвенцыі (забарона катаванняў) у дачыненні да дзесяці пазоўнікаў

У панядзелак Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) у Страсбургу абвясціў сваё рашэнне па «катынскай справе».

Скаргу ў суд падалі 15 польскіх грамадзян, якія з’яўляюцца сваякамі 12 ахвяр расстрэлу пад Катынню. Сярод гэтых ахвяр былі паліцэйскія і вайсковыя афіцэры, ваенны ўрач і дырэктар школы.
Пасля ўварвання Чырвонай Арміі ў Польшчу ў верасні 1939 года яны былі дастаўлены ў савецкія лагеры і турмы, а затым забітыя супрацоўнікамі НКВД без суда і следства ў красавіку і маі 1940 года.
Усяго расстралялі больш за 21 тысячу чалавек.
Вялікая частка была пахавана ў брацкіх магілах у Катынскім лесе, пад Смаленскам.

Скаргі ў ЕСПЧ былі пададзеныя 19 лістапада 2007 года і 24 мая 2009 года. Яны былі перададзеныя расейскаму боку ў кастрычніку 2008 года і лістападзе 2009 года адпаведна. Скаргі былі аб’яднаныя ў адну вытворчасць. Публічныя слуханні суддзі правялі 6 кастрычніка 2011 года.

Расейскія ўлады пачалі расследаванне масавага забойства пад Катынню ў 1990 годзе, следства працягвалася да 2004 года, калі яго было вырашана скончыць.

Пры гэтым

сваякі расстраляных польскіх афіцэраў не мелі доступу да матэрыялаў следства.
«Іх неаднаразовыя просьбы рассакрэціць справа адхіляліся расійскімі судамі», — гаворыцца ў пастанове ЕСПЧ. Акрамя таго,
расійскія суды і Галоўная ваенная пракуратура адмаўлялі ў рэабілітацыі загінулых пад Катынню, не прызнаючы іх ахвярамі рэпрэсій.
Тым не менш 26 лістапада 2010 г.
Дзярждума Расеі прыняла заяву «Аб Катынскай трагедыі», у якой пацвердзіла, што масавае знішчэнне польскіх грамадзян на тэрыторыі СССР падчас Другой сусветнай вайны было выканана па загадзе генеральнага сакратара КПСС Іосіфа Сталіна.
Дэпутаты таксама пагадзіліся, што неабходна працягнуць «праверку спісаў ахвяраў, каб аднавіць добрае імя тых, хто загінуў у Катыні і іншых месцах, а таксама для выяўлення абставінаў трагедыі».

Суддзі ЕСПЧ адзначылі, што ўрад Расеі неаднаразова адмаўлялася даць пазоўнікам копію рашэння аб спыненні расследавання 2004 года.

Суд не прыняў аргумент расейскіх уладаў, што гэты дакумент пры разглядзе скаргі не важны. «Акрамя таго, сцвярджэнне ўрада аб тым, што дакумент не мог быць апублікаваны, так як у адпаведнасці з унутранымі законамі быў засакрэчаны, супярэчыць Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дамоваў, згодна з якой нацыянальнае заканадаўства не можа быць прыведзена ў якасці аргументу, што апраўдала б адмову дзяржавы выконваць дамову, — гаворыцца ў пастанове ЕСПЧ. — Нарэшце,

суд не заўважыў якіх-небудзь законных меркаванняў бяспекі, якімі б мог быць апраўданы грыф сакрэтнасці. Дзяржаўнае і празрыстае расследаванне злачынстваў мінулага таталітарнага рэжыму не можа несці пагрозу інтарэсам нацыянальнай бяспекі сучаснай дэмакратычнай Расеі,
асабліва маючы на ўвазе, што адказнасць савецкіх уладаў за гэта злачынства была прызнана на самым высокім палітычным узроўні».

Тым не менш ЕСПЧ прыйшоў да высновы, што ён не мае права прыняць рашэнне па сутнасці скаргі, якая паступіла ў Страсбург — гэта значыць, па магчымым парушэнні арт. 2 Канвенцыі (абавязак расследаваць гібель людзей), бо Расія ратыфікавала Еўрапейскую канвенцыю па правах чалавека праз 58 гадоў пасля здзяйснення злачынства.

«Скарга тычыцца неэфектыўнасці расследавання расейскімі ўладамі падзей 1940 года ў Катыні, — гаворыцца ў рашэнні суда. — 

Суд высветліў, што ён не можа разглядаць скаргу пазоўнікаў, бо не ўдалося ўстанавіць сапраўдную сувязь паміж гібеллю ахвяр і ўступленнем у сілу еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека ў Расеі ў 1998 годзе».
Як пастанавіў Еўрапейскі суд, 58 гадоў — гэта «не толькі ў шмат разоў больш тэрміну, у які дзяржава абавязаная расследаваць справу па рашэнні суда» — «гэты перыяд празмерна працяглы і ў абсалютным выражэнні».
У рашэнні ЕСПЧ сказана, што масавае забойства польскіх ваеннапалонных было ваенным злачынствам. Але тое, што Расія так позна ратыфікавала Еўрапейскую канвенцыю па правах чалавека, пераважвае нават той аргумент, што ваенныя злачынствы не падпадаюць пад абмежаванні расследаванняў.

Пры гэтым суддзі адзначылі, што Расія не супрацоўнічала з судом: расейскія ўлады адмовіліся даць копію свайго рашэння аб спыненні расследавання нават у Страсбург.

Адказы следства на спробы сваякоў ахвяраў даведацца праўду пра тое, што здарылася, у ЕСПЧ прыраўнялі да «бесчалавечнага стаўлення».

З-за гэтага Еўрапейскі суд па правах чалавека прыняў рашэнне, што

Расея парушыла абавязацельствы па арт. 38 (абавязацельства прадаставіць неабходныя дакументы для разгляду справы), а таксама арт. 3 Еўрапейскай канвенцыі (забарона катаванняў) у дачыненні да 10 пазоўнікаў.

Адна з гэтага дзясятка — удава ахвяры расстрэлу, астатнія — дзеці загінуўшых пад Катынню. Як паказалі ў Страсбургскім судзе, пазоўнікі панеслі падвойную шкоду: акрамя таго, што яны страцілі сваякоў, ім яшчэ і адмовілі ў праўдзе пра абставіны смерці блізкіх. Цяпер

Расея павінна кампенсаваць ім судовыя выдаткі (агульная сума — каля 6,5 тысяч еўра).
Яшчэ пяць заяўнікаў не з’яўляюцца блізкімі сваякамі забітых палякаў, таму ў іх дачыненні да арт. 3 канвенцыі парушаная не была, палічыў суд.

Зараз абодва бакі — і палякі, і расейскія ўлады — кажуць, што задаволеныя зыходам справы.

«Добра, што Еўропа пачула, што Катынь — гэта вайсковае злачынства без тэрміну даўніны, і што Расея адмаўлялася супрацоўнічаць, засакрэчваючы справы і адмаўляючыся даваць доступ да дакументаў сем’ям загінулых», — сказала старшыня Федэрацыі катынскіх сем’яў Ізабэла Сарыюш-Скомпска. Яна не лічыць рашэнне ЕСПЧ «мяккім» або «умераным».

«Я не вельмі разумею, чым менавіта задаволены расійскі бок: фармулёўка ясна кажа пра тое, што ў справе расследавання катынскай бойні расійскі бок не супрацоўнічаў з Еўрапейскім судом —
з галоўным у дадзеным выпадку расследуючым органам. Гэтага вызначэння саромецца трэба, а не радавацца яму», — сказала яна.

Але кіраўнік апарата паўнамоцнага прадстаўніка Расеі пры ЕСПЧ Андрэй Фёдараў лічыць, што рашэнне ЕСПЧ адпавядае інтарэсам Расіі:

«На карысць Расіі вынесена рашэнне па галоўных пунктах: пытанне аб аднаўленні расследавання „катынскай справы“ знаходзіцца па-за межамі кампетэнцыі ЕСПЧ.
Гэта, безумоўна, станоўчы вынік».

Каардынатар польскай праграмы расійскага «Мемарыяла» Аляксандр Гур’янаў тлумачыць:

аднаўленне «катынскай справы» неабходна для рэабілітацыі ахвяр расстрэлу.
У 2004 годзе Расея не прызнала сваякоў загінулых пацярпелымі. Пры гэтым, паводле яго слоў, у рассакрэчаных на сённяшні дзень матэрыялах справы ёсць цэлыя спісы з імёнамі расстраляных вайскоўцаў. «Там значыцца прыкладна 14.500 чалавек, а пракуратура высветліла асобы толькі 22 ваеннапалонных, — адзначыў ён. — І нават іх пракуратура адмовілася прызнаць ахвярамі».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?