«Я прымаю адказнасць за тое, што зрабіў», — заявіў экс-кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук, калі тлумачыў прычыны свайго рашэння выйсці з Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Раманчук паведаміў, што быў у АГП з 1995 года, выконваў абавязкі намесніка старшыні партыі з 2000 года. «Я шчыра ўдзячны сваім калегам па партыі. Яны мяне шмат чаму навучылі. Мы разам перажылі шмат палітычных кампаній, правялі тысячы сустрэч, выпрацавалі дзясяткі важных і каштоўных для нашай краіны дакументаў. Працавалі на знос, але пасля сустрэч заставаўся зарад цудоўнага настрою на будучыню. У людзей жа заставаліся мае кнігі, артыкулы, законапраекты і ўражанні ад сустрэч», — сказаў Раманчук.

Прэзідэнцкая кампанія, паводле яго слоў, была часам сур’ёзных фізічных, інтэлектуальных, псіхалагічных і маральных выпрабаванняў. «Якой яна была, няхай мяркуюць мае выбаршчыкі.

Мы разам правялі яе „ад званка да званка“. Але я стараўся тлумачыць людзям, што азначае „будаваць новае і захоўваць лепшае“.
Прыслухоўваючыся да голасу прафесіяналаў, чуў меркаванні звычайных людзей, аналізаваў крытычныя заўвагі і канструктыўныя прапановы», — зазначыў эканаміст.
Ноч з 19 на 20 снежня 2010 года Раманчук назваў «самай цяжкай у жыцці». «Да такой загадзя не падрыхтуешся. Такое не спрагназуеш»,
 — падкрэсліў ён.

Раманчук «гатовы прызнаць, што дапусціў слабасць». «Востры дэфіцыт інфармацыі, вострыя перажыванні за жыццё сваіх сяброў і калег.

Дылемы, ад якіх стыла кроў у жылах,
сталі перада мной той напружанай ноччу. Але божа ўратуй нас ад палітыкаў, якія ніколі не праяўлялі слабасць, якія ніколі не памыляюцца, якія заўсёды маюць рацыю», — сказаў Раманчук.

Ён лічыць, што «слабасць — не здрадніцтва». «Ад маёй слабасці пацярпеў я сам, мае сваякі.

Ад маіх слоў нікога не пасадзілі, нікога не пакаралі, нікога не пазбавілі права на жыццё.
Я рабіў усё, што было ў маіх сілах, каб выратаваць членаў сваёй каманды. Я прымаю адказнасць за тое, што зрабіў. І нічога больш. Я не бяру на сябе незаслужаную віну», — заявіў ён.

Паводле слоў Раманчука, ён «застаўся верны сваім прынцыпам і перакананням, не змяніў свае ацэнкі палітычнай сістэмы, эканамічнай мадэлі краіны». «Я буду працягваць ствараць новае, абапіраючыся на лепшае ў сусветнай эканоміцы і палітэканоміі», — сказаў ён.

Раманчук паведаміў,

што ў яго шмат творчых планаў, звязаных з аналітычнай, кансалтынгавай дзейнасцю.
«З задавальненнем буду прадстаўляць свае кнігі і навуковыя працы ў любімай Беларусі і ў іншых краінах. Я быў і застаюся гатовым да супрацоўніцтва з усімі, у каго ёсць попыт на ідэі свабоды, практычныя рашэнні для стварэння свабоднай, незалежнай, канкурэнтаздольнай краіны», — заявіў эканаміст.

Раманчук «рады дыялогу з усімі, хто аддае перавагу навуцы, а не прапагандзе, адкрытасці, а не закуліснай мышынай валтузні». «Веру ў дабрыню і розум. Брутальнасць і супрацьстаянне ў акопах — не для мяне. Буду жыць, працаваць і ўвасабляць мары аб новай Беларусі на радзіме, а не на чыжыне. Я мяркую, што лепш адкрыта працягваць далонь, чым трымаць камень за пазухай», — падкрэсліў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?