У Брэсце супрацоўнікі міліцыі папярэдзілі маці актывіста дэмакратычных сіл пра недапушчальнасць удзелу яе сына Сяргея Алексіевіча ў маўклівай акцыі пратэсту.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, 3 ліпеня ў 12.30 у кватэру, дзе 16-гадовы Сяргей Алексіевіч жыве з бацькамі, прыйшлі двое. Адзін з іх быў у форме супрацоўніка міліцыі, другі — у цывільным адзенні. «Яны запрасілі Сяргея праехаць у міліцыю для прафілактычнай гутаркі. Паводле іх слоў, запрашэнне на гутарку звязана з тым, што нібыта год таму хлопец быў затрыманы з півам, — сказаў праваабаронца. — Пасля таго як актывіст адмовіўся ехаць у аддзяленне ўнутраных спраў, супрацоўнік міліцыі пагаварыў з маці Сяргея, параіў яе сыну не ўдзельнічаць у запланаванай на сёння акцыі».

Як адзначыў Кісляк,

Сяргей Алексіевіч не выключае таго, што пры выхадзе з дома яго могуць затрымаць.

Праваабаронца нагадаў, што 23 чэрвеня Алексіевіча выклікалі на гутарку ў пракуратуру Брэсцкай вобласці. Яму ўручылі афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства. Падставай для такіх дзеянняў праваахоўных органаў сталі матэрыялы ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці аб тым, што Алексіевіч у сацыяльнай сетцы «УКантакце» з’яўляецца адміністратарам групы, якая нібыта заклікае да звяржэння ўлады.

Як раней паведамляў БелаПАН, вечарам 1 ліпеня ў Брэсце былі затрыманы два актывісты дэмсіл Іван Стасюк і Артур Анісімаў. Яны знаходзяцца ў ІЧУ Ленінскага РАУС. У дачыненні да іх складзены пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.

28 чэрвеня ў абласным цэнтры быў затрыманы каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Шурхай. 29 чэрвеня суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў яго вінаватым у дробным хуліганстве (арт. 17.1 КоАП) і асудзіў на сем сутак адміністрацыйнага арышту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?