пад эўфемістычнай назвай «па забеспячэнні збалансаванага развіцця эканомікі ва ўмовах змянення афіцыйнага курса беларускага рубля». Пад маркай «стабілізацыі», «аптымізацыі» і «ліквідацыі дыспарытэту цэнаў» краіну чакае рост цэнаў.

План быў зацверджаны пастановай Савета міністраў № 662 ад 25 мая 2011 года. Тыдзень ён захоўваўся пад грыфам «для сакрэтнага карыстання». 3 чэрвеня пастанова і план размешчаны на сайце ўрада.

Ім запланавана, што Міністэрства фінансаў Беларусі і канцэрн «Белдзяржхарчпрам» «аптымізуюць стаўкі акцызаў на алкагольную прадукцыю і тытунёвыя вырабы для іх паэтапнага збліжэння з узроўнем ставак, дзейных у Расійскай Федэрацыі».

Гэта азначае далейшы рост цэнаў на алкаголь і цыгарэты.

У адпаведнасці з раздзелам плана, які ўтрымлівае меры па рэгуляванні сітуацыі на валютным рынку, у Беларусі прадугледжана «адмена льгот па абавязковым продажы замежнай валюты для пашырэння доступу суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці да набыцця замежнай валюты для абслугоўвання знешняга карпаратыўнага доўгу». Гэта значыць, што дзяржава хоча павысіць агульны аб’ём абавязковага продажу валюты.

Дакументам таксама прадугледжана даванне магчымасці выплаты падаткаў і збораў (пошлін) у замежнай валюце. Адказныя выканаўцы па гэтым рашэнні — Мінфін і Мінэканомікі, якія павінны падрыхтаваць адпаведны дакумент да 10 чэрвеня.

Акрамя гэтага, плануецца ўнесці змяненні ў дзейны парадак уліку курсавых розніц для мінімізацыі іх уплыву на фінансавы стан арганізацый.

Прадугледжана часовае пашырэнне сферы выкарыстання замежнай валюты пры разліках з фізічнымі асобамі на тэрыторыі Беларусі.

Раздзелам плана, у якім утрымліваюцца меры па абароне ўнутранага спажывецкага рынку, запланавана, што на працягу 2011 года Мінэканомікі, аблвыканкамы, Мінгарвыканкам устараняць дыспарытэт цэн з сумежнымі дзяржавамі на спажывецкія тавары. Гэта адбудзецца ва ўвязцы з комплексам мер па сацыяльнай абароне насельніцтва. Гэта азначае

рост цэнаў на тавары, якія лёгка вывозяцца, і якія праз дэвальвацыю аказаліся таннейшымі ў Беларусі, чым на сусветным рынку.

У краіне будзе праводзіцца пастаянны маніторынг рознічных цэн на спажывецкія тавары, будуць прымацца адпаведныя меры рэагавання па фактах нядобрасумленнага цэнаўтварэння ў гандлі. Прадугледжана вызначэнне пералікаў аператараў па стварэнні стабілізацыйных фондаў тавараў, якія карыстаюцца павышаным попытам.

Акрамя гэтага, Мінэканомікі і Мінсельгасхарч на працягу года павінны забяспечыць павышэнне закупачных цэн на сельгаспрадукцыю з улікам парытэтнага росту цэн на харчовыя тавары на рознічным рынку.

Таксама планам прадугледжана, што

фінансаванне Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы будзе скарочана на 30%
з перадачай аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму паўнамоцтваў на размеркаванне фінансавых рэсурсаў і адшуканне дадатковых пазабюджэтных неэмісійных крыніц фінансавання. Адпаведны дакумент павінен быць прыняты да 1 ліпеня.

Мінфін Беларусі да 1 ліпеня ўдакладніць бюджэт 2011 года і знізіць яго дэфіцыт да памеру не больш чым 1,5% ВУП.

Дакументам таксама (у раздзеле мер па рэалізацыі фінансавай палітыкі) прадугледжана абмежаванне чыстага эмісійнага крэдытавання дзяржаўных праграм у 2011 годзе ў памеры не больш чым 4% ВУП.

Планам запланавана ўдакладненне аб’ёмаў уводу і фінансавання ў 2011 годзе жыллёвага будаўніцтва ў аб’ёмах, забяспечаных неэмісійнымі крыніцамі, і з улікам сфарміраваных у абласцях і Мінску калектываў забудоўшчыкаў.

У ліку запланаваных мер — «індэксацыя тарыфаў на электрычную і цеплавую энергію для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў;

аптымізацыя рознічных цэн на нафтапрадукты, што рэалізуюцца на ўнутраным рынку, у мэтах устаранення дыспарытэту цэн з сумежнымі дзяржавамі (значыць, бензіну і дызпаліву наканавана яшчэ падаражэць);
удакладненне тарыфаў на паслугі гарадскога транспарту, прыгарадных аўтаперавозак, перавозак пасажыраў чыгуначным транспартам, на паслугі сувязі».

Акрамя таго, планам прадугледжана забеспячэнне да канца 2011 года 30-працэнтнага ўзроўню кампенсавання насельніцтвам затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг з павелічэннем адпаведных тарыфаў у два этапы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?