У дзяцінстве, калі
    Па радзімай зямлі
    Дзед-Марозы хадзілі нярэдка,
    Сам Святы Мікалай
    Загадаць мог: «Чытай,
    Хлопча, вершыкі! Вось табурэтка!»
    Хоць ахвоты няма,
    Ды ўхіляцца дарма,
    Бо жалезная ўмова — чытанне,
    Дзед Мароз тут — уласць:
    Падарунка не дасць,
    А тады й Новы год не настане!
    Дзед Мароз — цяжкі лёс,
    Адмарожаны нос,
    Плюс гарэліца з раніцы шкодзіць…
    Дык ці скажа ён мне,
    Што чытай або не,
    А Каляды ўсё роўна прыходзяць?
    Усё так, толькі ледзь
    Ты паспеў пасталець —
    І ў самога з’явіліся дзеткі.
    Лай свой час ці не лай,
    Прыйдзе ў дом Мікалай,
    І камусьці чытаць з табурэткі!
    Першы — вып’е, другі —
    З тэлескрыні мазгі
    Небараку, што піў, прапалошча.
    А ты прагнеш прыгод:
    Каб настаў Новы год,
    Ты стары праважаеш на Плошчы.
    Бо зірні ў каляндар —
    У дарозе Спадар,
    Што для ўсіх нас вязе падарунак…
    Ні даішнік, ні мент,
    Ані іх прэзідэнт
    Не пасадзяць яго ў пастарунак!

20 снежня 2010

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0