Гэтая падзея выклікала вялікую цікавасьць у жыхароў Наваполацку і Полацку: 31 студзеня адбылася прэзэнтацыя новага цэнтру гандлю і паслуг «Стралецкі Капітал». Вядомы полацкі бізнэсоўца Ўладзімер Захараў пабудаваў яго ў нафтагорадзе з «нуля». Праграма прэзэнтацыі была разнастайнай: гумар ад наваполацкага КВК, дэманстрацыя фільму пра посьпехі Захарава, віншавальныя прамовы, пераразаньне стужкі, экскурсія для гасьцей па аб’екце, нават шыкоўны салют, які назіралі тысячы новапалачан, што атачылі шчыльным натоўпам «Капітал».

Пры гэтым на прэзэнтацыі не было ніводнага чыноўніка з Наваполацкага гарвыканкаму і нават журналістаў мясцовай тэлекампаніі «Вэктар». Упершыню ў XXI cтагодзьдзі на Полаччыне адбылося шматлюднае публічнае мерапрыемства безь якога-кольвечы ўдзелу мясцовых уладаў. Тлумачыцца гэтае ігнараваньне водгукамі даўняй «вайны» паміж старшынём Наваполацкага гарвыканкаму Камаровым і бізнэсоўцам Захаравым, якому наваполацкія ўлады заміналі будаваць гандлёвы цэнтар.

А цэнтар сапраўды ўражвае: агульная плошча двухпавярховага гмаху — 10 140 м&sup2, колькасьць аб’ектаў гандлю і паслуг — 214, створана 500 новых працоўных месцаў. Плянуецца, што «Капітал» штогод будзе плаціць ня менш за 2 млрд рублёў падаткаў. У гандлёвым цэнтры шырокі асартымэнт прамысловых тавараў — ад радыётэхнікі і кампутараў да ніткі з іголкай. І паслуг: цырульні, розныя майстэрні па рамонце, фотамайстэрня, салярыя. Ёсьць вялікая сучасная прадуктовая крама, кавярня на 30 месцаў і нават букмэкерская кантора.

На банкеце з нагоды адкрыцьця гандлёвага цэнтру Захараў больш за гадзіну апавядаў пра свае наступныя пляны. Побач з «Капіталам» ён плянуе пабудаваць крыты цэнтар дзіцячых атракцыёнаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?