Сёння Уладзіміру Караткевічу споўнілася б 80 гадоў.

Пісьменнік, чые творы карыстаюцца чытацкай увагай і сёння, у савецкія часы са скандаламі прадзіраліся да публікацый у часопісах. А часам і дзесяцігоддзямі пралежвалі, чакаючы асобнага выдання.

Цяпер, калі аўтара «Каласоў…» і «Сівой легенды» ўжо больш за чвэрць стагоддзя няма ў жывых, яго асоба стала легендай.

Быў гэта чалавек вялікага таленту, але з уласцівымі для ўсіх людзей звычкамі і захапленнямі.

Праз свае раманы і аповесці, апавяданні і вершы Уладзімір Караткевіч паўставаў перад чытачом сур’ёзным чалавекам. А сябры пісьменніка захавалі вобраз Караткевіча-сябра, суседа, каханка.

Каханне — у галаве, а ў сэрцы — Беларусь

Караткевіч быў галантным кавалерам і каханкам да жаніцьбы. Украінскі пісьменнік Мікалай Амельчанка, які вучыўся разам з беларусам на Вышэйшых сцэнарных курсах, узгадвае пра яго тагачасныя раманы з жанчынамі. З грузінкай, якая наўмысна да яго прылятала, не збаяўшыся гневу суайчыннікаў (пазашлюбныя адносіны з мужчынамі ў Грузіі выклікалі жорсткае асуджэнне). З замужняй выкладчыцай выяўленчага мастацтва… Для апошняй, напазычаўшы грошай, Караткевіч купіў дарагую карціну. «Валодзя паабяцаў выкладчыцы да дня яе нараджэння купіць нейкую карціну імпрэсіяніста, на той час даволі моднага, паабяцаў — і купіў. Караткевіч свае абяцанні заўсёды выконваў». А сам тады застаўся без грошай і ў даўгах.

Жанчыны з’яўляліся і знікалі, Беларусь заставалася. Пісьменнік усюды думаў пра сваю краіну. Рыгор Барадулін прыгадвае сумесную з Караткевічам стажыроўку ва Уладзівастоку, у рэдакцыі газеты «Боевая вахта». «…Было дужа няўтульна і нам, і з намі. Усе ў форме, ад апраткі да мыслення, а мы разгільдзяі ў цывільным, дый думкі не па статуце ў нас. …А Уладзімір, сур’ёзна заклапочаны, пытаўся ў яго [рэдактара-вайскоўца], як бы гэта купіць вайсковы «газік», каб на ім ездзіць па Беларусі». Ён вандраваў заўжды. Нават перад смерцю знаходзіўся ў воднай вандроўцы на Прыпяці.

Леаніды не вернуцца

Раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі» аўтар напісаў у 1962 годзе. Надрукаваўшы скарочаны варыянт у часопісе «Полымя», раман разам з аповесцю «Дзікае паляванне караля Стаха» рыхтавалі да выдання пад адной вокладкай. Але набор кнігі рассыпалі, абвінаваціўшы аўтара ў «абстрактным гуманізме». І толькі ў пачатку 1980-х зноў вярнуліся да «Леанідаў…», каб нарэшце выдаць. Але акурат памёр Брэжнеў. І назву ўспрынялі як палітычны намёк. Раман тады выйшаў, але як «Нельга забыць».

Зусім іншая, амаль дэтэктыўная, гісторыя надарылася з рукапісам «Ладдзі роспачы», які захоўваўся ў Рыгора Барадуліна. Твор не друкавалі. Тады Васіль Сёмуха пераклаў яго на расейскую і апублікаваў у часопісе «Нёман». А калі з’явілася надзея надрукаваць па-беларуску, рукапіс не змаглі адшукаць. Караткевіч нават вырашыў з нёманскай публікацыі зрабіць пераклад на родную мову. Ды выручыў выпадак. «У Вушачы пераглядаю паперы — рукапіс «Ладдзі роспачы». Прывожу. Адзначаем падзею, што знайшлася прапажа. Назаўтра спахопліваецца шчаслівы аўтар, а дзе ж рукапіс? Зноў шукаем. І ўрэшце за газаваю плітою ў маёй кватэры знаходзіцца рукапіс», — прыгадваў Рыгор Барадулін.

У кабінеце — партрэт Каліноўскага і анёл

Уладзімір Караткевіч быў захоплены асобай Кастуся Каліноўскага. На сцяне ў яго кабінеце вісеў нават партрэт нацыянальнага героя.

Суседу пісьменніка Янку Брылю запомніўся выпадак, калі Уладзімір Сямёнавіч да сцяны прымацоўваў драўляную фігуру анёла. «Аднойчы за сцяной у мяне пачуўся спачатку нібы асцярожны, але ўсё больш ды больш настойлівы стук малатка. У тым месцы, дзе гэты стук цэнтраваўся, на сцяне маёй пачаў прыкметна ўздрыгваць, напухаць, трэскацца пафарбаваны тынк. Кавалачак яго вось-вось мерыўся адваліцца. А потым, ад стуку таго, не вельмі ахвотна, а ўсё ж палез, пачаў вытыркацца даволі вялікі цвік!.. Першае, што я зрабіў, гэта гукнуў туды: «Эй, вы!» і на дадатак грукнуў у сцяну кулаком. Тады пайшоў да суседа. Маё «эй вы!» сказалася як быццам у прадчуванні, што гаспадар там не адзін. І сапраўды — удвух, з Мальдзісам. Сабраліся прыладзіць на сцяне драўлянага, у блякла-светлых фарбах старадаўняга, царкоўнага анёла. Для гэтага спачатку трэба было ўбіць цвік, пры тым адпаведна надзейны».

Пісаў толькі цвярозым

Розныя гісторыі здараліся з Караткевічам праз гарэлку.

Старэйшыя пісьменнікі расказваюць, як Караткевіч мог падысці да сакратара ЦК Кузьміна і прапанаваць яму пігулкі, што адбіваюць пах алкаголю.

А Сяргей Законнікаў апісаў гісторыю, калі пісьменніку давялося нецвярозым размаўляць з першым сакратаром ЦК КПБ Кісялёвым. Караткевіч «адмакаў» у ваннай і нават не зразумеў, з кім вёў гутарку.

Іншыя распавядаюць аб паездцы Пятра Машэрава па Мінску ў кампаніі з пісьменнікам. Некалькі гадзін Караткевіч распавядаў кіраўніку краіны пра гісторыю беларускай сталіцы.

Уладзімір Сямёнавіч быў розным у сваіх кнігах і ў паўсядзённым жыцці. І адмяжоўваў гэтыя два «заняткі».

Пісьменнік хоць і любіў выпіць, але не дазваляў сабе сесці за пісьмовы стол нецвярозым. Гэта быў асобны рытуал, як ён пісаў. Спачатку галіўся. Надзяваў чыстую адпрасаваную сарочку. Пісаў толькі на добрай паперы і дарагімі асадкамі. На стол абавязкова ставіў кубак кавы і клаў пачак папярос. Пісаць ён мог запоем, не выходзячы з дома па некалькі дзён. А калі выходзіў, яго заўсёды сустракалі з кнігай ці часопісам у кішэні. Апошнім часам найчасцей з новым дэтэктывам (у чэшскім, славацкім, польскім ці яшчэ якім выданні). На пытанне ці нават нясмелы пратэст: «Навошта табе гэтая мішура?» адказваў сур’ёзна: «Трэба распрацоўваць беларускі дэтэктыў, трэба заваяваць самага шырокага, дэмакратычнага чытача, а пасля гэтай «нажыўкі» ён абавязкова «клюне» і на сур’ёзнае», — успамінаў Васіль Зуёнак.

«Я не хачу сварыцца з Ватыканамі!»

Рэжысёр Валерый Мазынскі ўзгадвае сваю «цяганіну» з Караткевічам над пастаноўкай п’есы «Званы Віцебска». Але пісьменніку пры дапрацоўцы тэксту ў тэатры не спадабаліся «пaпы, каралі, цытаты з «Беларусі ў эпоху феадалізму», падабраныя «кампаніяй Л.Абэцэдарскага тэндэнцыйна». І калі Мазынскі прыехаў да пісьменніка, той яго проста не ўпусціў у кватэру.

«Унутрана падрыхтаваўся да сур’ёзнай размовы і прыехаў у Мінск. Націскаю на кнопку званка... Адказалі не адразу. Уладзімір Сямёнавіч падышоў да дзвярэй і запытаў: «Хто?», а праз паўзу: «Пaпа і кароль засталіся?» — «Засталіся», — выціснуў я. Чую цяжкія крокі — і цішыня... Потым зноў крокі і зноў яго голас: «Валерый! Выкінь гэта! Я не хачу сварыцца з Ватыканамі!» Я прамаўчаў, і зноў — крокі, і цяпер я зразумеў, што больш ён да дзвярэй не падыдзе».

* * *

Уладзімір Караткевіч

(26.11.1930, Орша – 25.1984, Мінск). Паэт, празаік, драматург, сцэнарыст, эсэіст. Аўтар кніг «Матчына душа», «Чазенія», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Зямля пад белымі крыламі» і іншых. Сваімі гістарычнымі творамі здолеў звярнуць увагу чытача на мінуўшчыну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?