Імігранты, якія прывозяць капітал у Беларусь, будуць на пяць гадоў вызваленыя ад падаходнага падатку. Гэта прадугледжана падпісаным прэзідэнтам указам №143 «Аб асобных пытаннях падаткаабкладання»
.

Як паведамілі ў прэс‑службе кіраўніка дзяржавы, гэтым нарматыўным актам унесены шэраг змен у прэзідэнцкія ўказы, якія рэгулююць падатковую сферу.

Так, базавыя стаўкі адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб устаноўлены ў беларускіх рублях замест дзейных цяпер у еўра, што дазволіць спрасціць разлікі плацельшчыкаў гэтага падатку з бюджэтам.

У мэтах забеспячэння ў 2010 годзе дадатковых паступленняў грашовых сродкаў у мясцовыя бюджэты ўказам дадзена права мясцовым саветам дэпутатаў павялічваць (памяншаць), але не больш чым у два разы, стаўкі зямельнага падатку і падатку на нерухомасць асобным катэгорыям плацельшчыкаў.

Указам прадугледжана вызваленне на працягу пяці гадоў ад абкладання падаходным падаткам даходаў фізічных асоб, якія пераехалі ў Беларусь на пастаяннае месца жыхарства, пры ўмове перамяшчэння імі грашовых сродкаў у Беларусь. Да такіх даходаў указам аднесены даходы, атрыманыя ад крыніц за межамі Беларусі ў выглядзе дывідэндаў, працэнтаў, роялці, даходаў па аперацыях з каштоўнымі паперамі, ад рэалізацыі нерухомай маёмасці.

Акрамя таго, указам прадугледжаны шэраг іншых палажэнняў, якія ў тым ліку забяспечваюць прывядзенне тэрміналогіі ўказаў прэзідэнта Беларусі, якія рэгулююць пытанні падаткаабкладання, у адпаведнасць з Падатковым кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?