Фота: Gavriil Grigorov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Фота: Gavriil Grigorov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Парламенцкая асамблея Рады Еўропы выпусціла рэзалюцыю ў сувязі з забойствам Аляксея Навальнага ў калоніі 16 лютага. Яе прынялі 17 красавіка, тэкст дакумента з'явіўся на сайце ПАРЕ сёння, піша «Медуза».

У прынятым дакуменце сказана, што расійская дзяржава «пераследавала і ў канчатковым рахунку забіла» Навальнага за тое, што ён уступіў у апазіцыю рэжыму Уладзіміра Пуціна. Асамблея лічыць, што ўлады РФ «нясуць поўную адказнасць за забойства Аляксея Навальнага, які падвергнуўся катаванням, бесчалавечнаму і зневажальнаму абыходжанню».

ПАРЕ заклікала ўвесці санкцыі ў дачыненні да людзей, якія нясуць адказнасць за пераслед і катаванні Навальнага. Асамблея апублікавала «спіс Навальнага», у якім пералічаныя імёны больш за 50 чалавек. У пералік, у прыватнасці, увайшлі супрацоўнікі калоній, паліцэйскія, пракуроры і суддзі, а таксама праўладны блогер Ілля Рамясло.

У сваёй рэзалюцыі ПАРЕ заявіла, што пры кіраванні Уладзіміра Пуціна Расія ператварылася ў дыктатуру (Асамблея ўжо рабіла такую заяву), а рэжым «цалкам прысвяціў сябе вайне з дэмакратыяй».

Рэжым Уладзіміра Пуціна прытрымліваецца неаімперыялістычнай ідэалогіі «рускага свету», якую Крэмль ператварыў у інструмент распальвання вайны.

Гэтая ідэалогія выкарыстоўваецца для знішчэння рэшткаў дэмакратыі, мілітарызацыі расейскага грамадства і апраўдання замежнай агрэсіі з мэтай пашырэння межаў Расейскай Федэрацыі за кошт уключэння ў яе ўсіх тэрыторый, якія калісьці знаходзіліся пад расейскім панаваннем, уключаючы Украіну.

ПАРЕ раскрытыкавала патрыярха Кірыла і назвала Рускую Праваслаўную Царкву «ідэалагічным працягам рэжыму Уладзіміра Пуціна, які мае дачыненне да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці, якія здзяйсняюцца ад імя РФ і ідэалогіі «рускага свету».

У заяве сказана, што Маскоўскі патрыярхат РПЦ і Кірыл адстойваюць ідэалогію «рускага свету», называюць вайну супраць Украіны «святой вайной усіх рускіх» і заклікаюць праваслаўных вернікаў ахвяраваць сабой дзеля Расіі. «Асамблея ўзрушаная такім здзекам з рэлігіі і скажэннем хрысціянскай праваслаўнай традыцыі рэжымам Уладзіміра Пуціна і яго стаўленікамі ў Маскоўскім патрыярхаце», — сказана ў рэзалюцыі.

Парламенцкая асамблея, як і заяўляла раней, адмовілася прызнаваць Пуціна легітымным прэзідэнтам РФ і заклікала краіны, якія ўваходзяць у Раду Еўропы, а таксама ў Еўрасаюз, спыніць з ім любыя кантакты. Асамблея падтрымала прапанову Юліі Навальнай, удавы Аляксея Навальнага, якая заклікала ўжыць супраць «памагатых злачыннага рэжыму Уладзіміра Пуціна « інструменты, распрацаваныя для барацьбы з арганізаванай злачыннасцю.

У сваёй заяве ПАРЕ заклікала даць Украіне зброю і боепрыпасы, каб яна магла супрацьстаяць Расіі, а таксама ўзмацніць санкцыі супраць Расіі, у тым ліку ўвесці абмежаванні супраць Маскоўскай біржы і «Расатама».

У ПАРЕ заявілі, звяртаючыся да ЕС і краін G7, што ў адпаведнасці з міжнародным гуманітарным правам расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы павінны лічыцца законнымі ваеннымі мэтамі.

Клас
40
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
2