Адна з гульняў «Аркадага». Фота: AFP/Getty Images

Адна з гульняў «Аркадага». Фота: AFP/Getty Images

Прадстаўнік Кнігі Гінэса патлумачыў, чаму серыя перамог «Аркадага» не ўлічваецца ў даведніку рэкордаў.

«Пра Лігу Туркменістана даступна адносна мала падрабязнасцяў, менш, чым нам хацелася б для той комплекснай праверкі, якую мы праводзім у нашым даследаванні для гэтага і падобных рэкордаў. Таксама ёсць пэўны ўзровень кіравання і канкурэнцыі, якія мы звычайна шукаем. Улічваючы ўсё гэта, мы пацвердзілі, што рэкардсмен — «Аль-Хілаль», — сказаў прадстаўнік Кнігі Гінэса.

«Аль-Хілаль» пабіў сусветны рэкорд у сакавіку, выйграўшы 28 матчаў запар, цяпер жа серыя перамог «Аль-Хілаля» доўжыцца ўжо 34 гульні.

Клуб «Аркадаг» заснаваў фармальна экс-прэзідэнт, а фактычна дзейны кіраўнік Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў. 

Што тычыцца «Аркадага», то гэта клуб з аднайменнага горада, заснаванага ў 2019 годзе. Горад і клуб названы ў гонар другога прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава. Слова з'яўляецца афіцыйным тытулам былога кіраўніка дзяржавы і азначае «цвярдыню, апору і надзею».

«Аркадаг» быў заснаваны вясной 2023 года. Клуб стаў чэмпіёнам Туркменістана ў тым жа самым годзе, выйграўшы ўсе 24 матчы з розніцай галоў «+66». Таксама ў каманды 7 перамог у Кубку краіны і 6 перамог у новым сезоне Лігі Туркменістана (розніца галоў у гэтым розыгрышы — «+30»). Дызайнам формы і лагатыпа клуба, на якіх намаляваны конь, займаўся сам Бердымухамедаў, па ініцыятыве якога «Аркадаг» і створаны.

Улічваючы спецыфіку туркменскага палітычнага рэжыму, няма чаго дзівіцца, што для гульні за клуб адразу падпісалі ўсіх найлепшых гульцоў краіны, пазабіраўшы іх у канкурэнтаў. У той перыяд трансфернае акно было нават адмыслова падоўжанае, каб «Аркадаг» змог падпісаць патрэбных яму футбалістаў. 

У такіх умовах можна ставіць якія заўгодна рэкорды, тым больш калі ў распараджэнні абсалютна неабмежаваны адміністрацыйны рэсурс, які можна прымяняць тады, калі нават у такой амаль бесканкурэнтнай сітуацыі нешта пойдзе не так.

Так, The Guardian звяртае ўвагу, што ў лістападаўскім матчы з клубам «Шагадам» пры ліку 2:2 на апошніх секундах быў прызначаны пенальці на карысць «Аркадага», толькі дзякуючы чаму клуб Бердымухамедава чарговы раз выйграў.

Увогуле выданне адзначае, што Бердымухамедаў свядома імкнецца да таго, каб горад Аркадаг быў хоць якім чынам згаданы ў Кнізе рэкордаў Гінэса. І для дасягнення гэтай мэты не спыняецца ні перад чым.

Нягледзячы на тое, што з наскоку ўзяць вяршыню ў выглядзе Кнігі рэкордаў Гінэса не ўдалося, прадстаўнікі «Аркадага» ўсё ж спадзяюцца, што да лета, калі іхняя каманда пачне ўдзельнічаць у агульнаазіяцкіх спаборніцтвах, яны ўсё ж змогуць дабіцца свайго.

Чытайце таксама:

«Абыякавасць і нянавісць». Як жыве Туркменістан — краіна, палітычную сістэму якой капіюе Лукашэнка

У Туркменістане ставяць помнік Янку Купалу

Туркменскія студэнты ў Беларусі масава ўцягнутыя ў кантрабанду людзей — Turkmen.news

Клас
1
Панылы сорам
11
Ха-ха
28
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
8